Паехалі ў Маскву

1 верасня 2010 г.

Навіны

Мясцовая псэўдаапазыцыя зноў езьдзіла ў Маскву. Там 30 жніўня адбылася канфэрэнцыя пад тытулам “Беларусь – Расея: канец саюза, пачатак прагматычнага партнёрства?” Найбольш цікавы ў тытуле пытальнік. “Незалежныя аглядальнікі” у Беларусі кшталту В. Карбалевіча і А. Класкоўскага хватка сфармулявалі адказ на гэтае рытарычнае канфэрэнц-пытаньне. Асабліва выразна гэта зрабіў апошні “аглядальнік”. Вось ягоны назоў паведамленьня пра канфэрэнцыю – “Московские либералы благословили Беларусь на европейский путь”.

Як заўсёды ў паведамленьнях пра маскоўскія гастролі псэўдаапазыцыі, “незалежныя і дэмакратычныя” СМІ РБ больш шматслоўныя і інфармацыйныя ў расказах пра маскоўскіх гаспадароў. Гэтым разам нам паведамілі, што на канфэрэнцыі была апазыцыя Крамлю. Называліся партыя “Правое дело”, яе лідэр Леанід Гозман і рух “Выбор Россіі” з сустаршынём Уладзімірам Рыжковым. Трэба нагадаць, ўто партыя “Правое дело” была ўтворана менавіта Крамлём, і Крэмль ніколі не хаваў гэтага факта. У канфэрэнц-зале сядзелі высокакаліброваныя паліттэхнолагі Крамля-Лубянкі, канкрэтныя распрацоўшчыкі палітыкі Імпэрыі ў адносінах да Беларусі, аўтары і выканаўцы канцэпцыі ўнутранай расейскай акупацыі Беларусі структурамі антыбеларускага рэжыму пад камандай Масквы.

І вось гэтая публіка на розныя лады паўтарала і даводзіла ў інфармацыйную прастору, што “саюзная дзяржава вычарпала сябе”, што “Беларусь і беларускі прэзыдэнт самастойныя”, “Крэмль здымае беларускі рэжым з давольствія”, што “пара пераходзіць на прагматычныя адносіны”. Паліттэхнолагі не патлумачылі, што гэта будзе за “прагматызм”.

У маскоўскіх паліттэхнолагаў і мясцовых карбалевічаў з класкоўскімі трэба аднак спытаць: дык што, Дзярждума і “палаткі” прызналі незаконнасьць і антыканстытуцыйнасьць “саюзнай дзяржавы РФ і РБ” і ўжо прагаласавалі за дэнансацыю “саюзнай дамовы” 1999 года? Ўжо распушчаны нелегальныя “дзяржаўныя ворганы” нелегальнага “саюза” і без працы застаўся саюзны зітц-старшыня тав. Барадзін? На ўсе гэтыя пытаньні адказам будзе – не. Усё нелегальнае існуе, тав. Барадзін “жівёт і здравствует”.

У наяўнасьці грубы падлог, цынічная спроба падмануць мільёны людзей ва ўсім сьвеце і перш за ўсё ў Беларусі. У прынцыпе ў дэмакратычных краінах за такое прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці, бо такія дэкларацыі зьяўляюцца небясьпечнай антыдзяржаўнай дзейнасьцю, ахвярай якой становіцца цэлы народ.

Як заўсёды нешматслоўна “аглядальнікі” распавялі пра мясцовых дэмапазыцыянэраў. Сярод іх дамінавалі пасіянарыі з АГП. Былі там “патэнцыйны кандыдат” Я. Раманчук і найвялікшы дэмакрат бальшавік тав. Калякін. Яны нешта тэарэтызавалі, але выказваліся значна менш проста і празрыста, чым маскоўскія гаспадары.

А вось вядомы “апазыцыянэр” Крамлю Б. Нямцоў выказваўся па-ленінску імпэтна, ён зазірнуў у недалёкую будучыню. Цытуем: “При любом новом президенте ваша траектория понятна. Вы будете частью объединённой Европы. И быстрее, чем Украина”.

Дзеля чаго ў Маскве была арганізавана ўся гэтая гаварыльня з “прароцтвамі” і “благословеніем на европейскій путь”? Адказ просты: Масква і прамаскоўская псэўдаапазыцыя РБ імкнуцца даказаць нашаму народу, што Крэмль ужо не падтрымлівае Лукашэнку і дазволіць замяніць яго на “новага прэзыдэнта”, а “новаму” Масква ня будзе замінаць выводзіць Беларусь на “европейскій путь”. Ды і “саюзная дзяржава вычарпала сябе”… Такім чынам, галоўнае, дарагія беларусы, шчыльнымі радамі пайсьці на прэзыдэнцкія выбары і замяніць Лукашэнку на згаданага “новага прэзыдэнта”.

Што ж, закручана вельмі інтэлектуальна, на прынцыпах асацыятыўнага мысьленьня. Пра выбары пакуль ні слова, але канфэрэнцыя была толькі першым актам перадвыбарчага спэктакля маскоўскіх рэжысёраў. На гэтым этапе ім важна расхістаць грамадзкую думку, падрыхтаваць беларусаў, пераканаць, што цяпер склалася новая сітуацыя, якая патрабуе вырашэньня. А пазьней яны ў адкрытую падкажуць гэтае рашэньне – ісьці на выбарчы фарс, арганізаваны дыктатурай і галасаваць супраць дыктатара. Адным слова, увесь пафас маскоўскіх гастроляў, уся буйнамаштабная хлусьня накіраваны на завабліваньне нашых грамадзянаў на выбарчыя ўчасткі лукашызма.

Адказам на гэтую падступную антыбеларускую палітыку павінен быць Народны Байкот псэўдавыбараў. Беларусы не павінны дазволіць маніпуляваць сабой жулікам.

Юрка Марозаў