Агрэсіўны наступ РПЦ на ўкраінскія каштоўнасьці хвалюе ўкраінцаў. З 1991 года не было такіх расперазаных і адкрыта антыўкраінскіх дзеяньняў з боку чужынскай арганізацыі, кіруемай з Масквы. Наступ актыўна разьвіваецца пры дапамозе мясцовых палітычных цемрашалаў. Іхная задача – падарваць асновы нацыянальнага духоўнага існаваньня, замяніць тысячагадовую традыцыю Украінскага Праваслаўя маскоўскім клерыкальна-шавіністычным сурагатам. Мы ў Беларусі выразна бачым ідэнтычнасьць дзеяньняў Масквы на гэтым напрамку ва Украіне і ў нашай краіне. Прыкметна, што займаюцца рэваншам РПЦ у нашых дзяржавах як правіла асобы, якія зрабілі кар’еру ў КПСС, камсамоле, КГБ і іншых савецкіх богапраціўных структурах. Тыя, што з трыбунаў талдычылі: “Бога нет, товарішчі!”, што гналі людзей на “камуністычныя суботнікі” у рэлігійныя сьвяты, што перараблялі будынкі храмаў у склады і лазьні. “По заданію партіі” яны пераўвасобіліся ў “православнейшіх” і цяпер вучаць народы будаваць сваё рэлігійна-культурнае жыцьцё. І ўкраінцы і беларусы ў такіх умовах павінны абіраць адзіна слушнае рашэньне: усім народам падтрымліваць і абараняць сваю рэлігійную нацыянальную традыцыю, маліцца ў сваіх храмах, на сваёй роднай мове, трымацца падалей ад капішчаў РПЦ. Бог пачуе людзей і выбавіць народы ад ілжэпрарокаў.
Унутры ўкраінскай улады адбываецца небясьпечная мутацыя
Дэпутатам ад Партыі рэгіёнаў В. Калеснічэнкам, вядомым сваімі ўкраінафобскімі выпадамі, быў зарэгістраваны законапраект, сутнасьць якога зводзіцца да таго, што, аказваецца, “правы чалавека ня богуць быць вышэйшымі за каштоўнасьці духоўнага сьвету”.
Сьцьвярджаючы, што што тлумачэньне правоў чалавека як вышэйшых і ўнівэрсальных асноваў грамадзкага жыцьця ёсьць “недапушчальным і небясьпечным”, гэты прадстаўнік Партыі рэгіёнаў прапануе замест гэтага за аснову грамадзкага жыцьця ўкраінцаў узяць клерыкальна-шавіністычную ідэалогію Расейскай праваслаўнай царквы.
Палітычная партыя “Наша Украіна” зьвяртае ўвагу ўкраінскага грамадзтва на той факт, што законапраект Калеснічэнкі зьяўляецца толькі чарговым зьвяном агрэсіўнай экспансіі залежнага ад Крамля Маскоўскага патрыярхату ва Украіне, якая зьдзяйсьняецца пры актыўным спрыяньні прэзыдэнта Януковіча і ягонай каманды як у цэнтры, так і на месцах.
Ініцыятыва Калеснічэнкі зьяўляецца працягам абнародванага нядаўна Адэскай епархіяй Маскоўскага патрыярхату закліка да сілавой расправы з непадкантрольнымі Маскве праваслаўнымі цэрквамі ва Украіне.
Такім чынам быў зьдзейсьнены першы замах на права свабоды сумленьня, прадугледжанае дзейснай Канстытуцыяй. Як на гэта адрэагаваў яе гарант В. Януковіч? – Узнагародзіў кіраўніка Адэскай епархіі ордэнам Яраслава Мудрага!
Таму законапраект Калеснічэнкі засьведчыў, што існуючы ва Украіне рэжым ня будзе абмяжоўвацца заахвочаньнем наступу Маскоўскага патрыярхату на ўкраінскае праваслаўе, а будзе браць актыўны ўдзел у наступе на базавыя правы чалавека, ставіць пад сумнеў саму іхную каштоўнасьць, а разам з тым і існуючую законадаўча-прававую базу – ажно да Канстытуцыі. Магчыма, што менавіта для гэтага ўладзе патрэбна “завяршэньне” канстытуцыйнай рэформы?
Палітычная партыя “Наша Украіна” зьвяртае ўвагу ўкраінскага грамадзтва і міжнароднай грамадзкасьці на пагрозьлівую тэндэнцыю – унутры ўкраінскай улады адбываецца небясьпечная мутацыя. Чым далей, тым тым мацнейшыя пазыцыі ў яе складзе набываюць рэакцыянэры, мэтай якіх ёсьць ня толькі атрымаць дэспатычныя паўнамоцтвы, але і павярнуць кола гісторыі назад. І, здаецца, ўжо ня проста ў савецкую таталітарную эпоху, а значна далей, прымусіўшы ўкраінскі народ адмовіцца ня толькі ад дэмакратычных дасягненьняў апошніх гадоў, але й базавых каштоўнасьцяў эўрапейскага гуманізма і ад ўласнага існаваньня.
Крыніца: http://www.razom.org.ua/news/9148/
Пераклад з украінскай.