Раніцай 25 жніўня каля будынка Рыжская думы сабраліся некалькі дзесяткаў расейцаў. Яны паспрабавалі наладзіць несанкцыянаваны пікет з патрабаваньнем перайменаваньня рыжскай вуліцы Джахара Дудаева ў нейкую іншую назву. Крыкуноў разагнала латвійская паліцыя. 15 зь іх былі затрыманыя за парушэньне грамадзкага парадку. Арганізатар акцыі дэпутат Сэйма Латвіі расеец Владімір Бузаев (той, што наладзіў усю “бузу”) сьцьвярджае, што паліцыя яго пабіла. Гэты Бузаев належыць да расейскай партыі ЗаПЧЕЛ. Да пчалаводства партыя ня мае дачыненьняў. Абрэвіятура раскрываецца як “За права человека в едіной Латвіі”. Расейская акцыя была прымеркавана да візыту ў Рыгу мэра Масквы Лужкова.
Лужкоў паводзіў сябе як заўсёды: расперазана і нахабна. У адной рыжскай залі для яго сабралі “соотечественніков” і ён прамаўляў перад імі. (Хаця цікава. Калі яны “соотечественнікі” мэру Лужкову, то можа лепш ім было б жыць у ягонай Маскве? Але, як вядома, русского человека немагчыма і прымусам вытурыць з любой балтыйскай краіны ў дзікую Расею. Ёсьць праблема “любві к родіне на расстояніі”). Сярод іншага ў сваім выступе Лужкоў заклікаў улады Латвіі зрабіць расейскую мову другой дзяржаўнай у краіне. Агенцыі навінаў цытуюць Лужкова: “Должно закончиться время неразумного национального приоритета, и нужно вести дело к тому, чтобы Латвия стала двуязычной страной”. Што ж, лексіка дастойная незабыўнага Чарнамырдзіна, яшчэ аднаго “пасла добрай волі” з Масквы.
Прыкметна, што расейцы люта ненавідзяць герояў змагарных народаў, якія загінулі ў барацьбе з іхнай імпэрыяй. Хаця ніхто не называе імёнамі Бандэры або Дудаева вуліцы ў самой Расеі, расейцаў бярэ трасца, калі яны бачаць помнікі і шыльды, прысьвечаныя гэтым гістарычным асобам у іншых краінах. Перад прыездам Лужкова прадстаўнікі расейскага асадніцтва запэцкалі фарбай некалькі шыльдаў на вуліцы Дудаева ў Рызе. Такім чынам яны мяркуюць зацерці памяць аб вялікім чачэнскім змагары, якога ўшанаваў латвійскі народ. Марнае спадзяваньне.
Але паўстае пытаньне: чаму расейцы так расперазаліся ў Латвіі? Адказ просты. Эўразьвяз даўно ўжо патрабаваў ад уладаў Латвіі, каб яны раздалі латвійскія пашпарты асадніцкай і акупанцкай публіцы, што атабарылася ў незалежнай балтыйскай краіне і ня хоча вяртацца ў сваю Расею. Галоўным аргумантам былі, вядома, “правы чалавека”. Пра правы нацыі ў сваёй нацыянальнай дзяржаве, вядома, у Брусэлі ня згадвалі. І вось ня так даўно расейскае асадніцтва (а яго ў Латвіі амаль палова ад колькасьці насельніцтва) атрымала латвійскія пашпарты і адразу шчыра заявіла: “Мы вам ешчё покажем…” Цяпер на латвійскіх выбарах яны будуць выкарыстоўваць мэханізм дэмакратыі для разбурэньня латвійскай дзяржавы і культуры.
Хацелася б памыляцца, але падобна на тое, што памылка кіраўніцтва краіны ў справе легалізацыі шматлікага расейскага акупанцтва прывядзе да драматычных падзеяў. Зразумела, што латвійскі народ ня будзе цярпець зьдзеку з роднай мовы і дзяржавы.
- Юрка Марозаў*