22 жніўня група сяброў і прыхільнікаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ накіравалася на аўтобусе на Віцебшчыну, каб наведаць Музэй-сядзібу Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Уладзімеравіча Быкава ў ягонай роднай вёсцы Бычкі. Фронтаўцы прайшлі шэсьцем па вуліцы вёскі да музэйнага комплекса.
Луналі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, гучалі беларускія гімны. Людзі з хваляваньнем наведалі той куточак беларускай зямлі, дзе пачыналася жыцьцё нацыянальнага генія. На двары ўздымаецца магутны стогадовы дуб, вакол – прыўкрасныя краявіды Радзімы. У Музэі патрыётаў сустрэла сваячаніца Васіля Быкава спадарыня Антаніна. Яна прывітала гасьцей, распавяла пра экспанаты музэя і эпізоды біяграфіі пісьменьніка, паказала фотаздымкі і малюнкі.
На двары сядзібы людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”. Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны казалі, што цалкам заканамерна 19-я ўгодкі аднаўленьня незалежнасьці Беларускай Дзяржавы (25 жніўня 1991 года) патрыёты адзначаюць на радзіме Васіля Быкава. Кнігі Быкава, ягоная праўда вызначалі пачатак таго шляху, якім многія з нас прышлі да асэнсаваньня сябе беларусамі, да любові да Бацькаўшчыны, да беларускай Рэвалюцыі. З самага пачатку фронтаўскага рушаньня ў 1988 годзе Васіль Быкаў быў з намі. Ён актыўна ўдзельнічаў у кіраўніцтве Беларускага Народнага Фронту. Партыйны білет №1 на імя Васіля Быкава быў падпісаны Зянонам Пазьняком. І цяпер творы вялікага пісьменьніка натхняюць на дабро і праўду, на змаганьне за свабоду Бацькаўшчыны новыя пакаленьні беларусаў. У вызваленай ад акупантаў Айчыне па-сапраўднаму, усенародна будзе ўшанавана памяць аб Васілi Уладзімеравічы.
Удзельнікі гістарычных падзеяў жніўня 1991 года падзяліліся сваімі ўспамінамі пра перажытае ў тыя дні. Галоўнай тады была вера ў перамогу над Імпэрыяй Зла, якая многім здавалася непахіснай і амаль вечнай. Авангард беларускага грамадзтва ўступіў у барацьбу з імпэрскімі сіламі і дамогся перамогі у якую яшчэ напярэдадні падзеяў не хацелі верыць скептыкі. Пасьля 200-гадовай разбуральнай расейскай акупацыі наша Беларусь заняла сваё месца сярод незалежных краінаў Эўропы і сьвету.
Цяпер, праз 20 гадоў антыбеларуская рэакцыя, кіруемая з Масквы, спрабуе растаптаць усё жывое і нацыянальнае на нашай зямлі. Рэжымная гэбельсаўшчына і акупанцкія прыхадні “куражацца” і зьневажаюць нацыянальную і чалавечую годнасьць беларусаў. Такі зьдзек цемрашалаў і ворагаў мы ўжо бачылі – у 1990-м і ў 1991-м гадах, да самага правальнага маскоўскага путча. Бачна, што на новым вітку гісторыя паўтараецца ў новым кантэксьце. І чакае ненавісьнікаў Беларусі тое ж, што напаткала іх ў жніўні 1991-га – правал і параза, гэтым разам канчатковая і беспаваротная. Мы вызвалім нашу краіну для нармальнага, паўнавартаснага жыцьця нашых дзяцей.
Гучэў покліч “Жыве Беларусь!” У цэнтры грамады быў транспарант са словамі Зянона Пазьняка: “Не правы чалавека – галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае “правоў чалавека” пад акупацыяй”.
Патрыёты наведалі таксама вёску Ваўчо і сустрэліся з сястрой Васіля Быкава спадарыняй Валянцінай. Людзі ўручылі ёй падарунак, паразмаўлялі з ветлівай і культурнай жанчынай. Спадарыня Валянціна цікавіцца палітычным жыцьцём краіны. Яна ўпэўнена выказала сваю думку: “Няма чаго хадзіць на падманныя “выбары”. Няхай усе пабачаць пустыя выбарчыя ўчасткі. Тады ніхто не прызнае выбарчы падман”.
Апошнім пунктам сьвяточнага падарожжа была вёска Селішча, дзе людзі агледзелі велічны комплекс кляштара бэрнардзінцаў, пабудаваны на пачатку 18-га стагоддзя. Касьцёл строгіх формаў раньняга барока ўражвае магутнасьцю сваіх памераў і прыгажосьцю архітэктурнай кампазыцыі і пластыкі. Выдатны помнік знаходзіцца ў вельмі пашкоджаным стане, патрабуе рэстаўрацыі. Пасьля падзеньня рэжыму будзе спынена злачынная практыка пабудовы нікому не патрэбных “лядовых палацаў” і забаўлялак дыктатуры. Будзе аднаўляцца гістарычная і культурная спадчына Бацькаўшчыны. Фронтаўцы вярталіся ў сталіцу, натхнёныя сустрэчай з цудоўнымі людзьмі, славутымі мясьцінамі нашай дарагой Беларусі.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. (В. Буйвал) 22 жніўня 2010 г.