Для нас, — удзельнікаў тых падзей, — дзевятнаццаць гадоў праляцелі, як дзевятнаццаць жнівеньскіх дзён. На наступны год будзе ўжо дзьве дэкады постсавецкай эпохі. А яшчэ 18 жніўня 1991 года, напярэдадні путча маскоўскага ГКЧП мільёны падсавецкіх людзей не прадчувалі, што на наступным тыдні ўсіх нас чакаюць гістарычныя падзеі і глабальныя перамены. Была нядзеля, многія зьехалі на лецішчы, тысячы беларусаў адпачывалі на балтыйскіх і чарнаморскіх пляжах. Потым, вярнуўшыся, яны распавядалі, як 19 жніўня па курортах раптам паехалі бранемашыны, а па радыё зайграла нештодзённая музыка. Хто быў у Беларусі і ўключыў тэлевізар, быў зьдзіўлены аднолькавай праграмай на ўсіх савецкіх каналах – з раніцы круцілі балет “Лебядзінае возера”. Я, як і многія іншыя грамадзяне, хутчэй уключыў Радыё Свабода і даведаўся, што ў Маскву ўступаюць калёны бранетэхнікі. Стала зразумела, што адбываецца нешта вельмі трывожнае.
Я хутчэй паехаў у цэнтар Менску, на плошчу перад будынкам Вярхоўнага Савету (цяпер яна называецца Плошчай Незалежнасьці). Народны Фронт ня меў тады сваёй сядзібы, і інстынкт падказваў, што ў такі момант трэба было быць менавіта там, на плошчы, разам з сябрамі-фронтаўцамі. Каля дзесяці раніцы народу на плошчы было няшмат – каля ста чалавек. Міліцыі не было бачна, але гэбоўскай агентуры з вясёлымі тварамі было дастаткова, каб здагадацца, што пакуль хада падзей задавальняе іх. Людзі стаялі, размаўлялі, выказвалі свае меркаваньні. Гэта пазьней мы даведаліся, што ў будынку Вярхоўнага Савету наша фронтаўская апазыцыя ўжо пачала дзейнічаць супраць мясцовай камуны, якая, зразумела, падтрымала маскоўскі путч, але яшчэ не рашалася прадэманстраваць гэта публічна.
Каля 13.00 сяброў Управы і Сойму БНФ склікалі на надзвычайнае паседжаньне, якое адбывалася ў “Беларускай хатцы”, будынку філіяла Літаратурнага музэя, што знаходзіцца каля Інстытута культуры. Невялікая заля была запоўнена людзьмі. Старшыня БНФ “Адраджэньне” Зянон Пазьняк зьвярнуўся да прысутных з кароткай прамовай. Ён сказаў: “Путч непадрыхтаваны…” Ягоныя словы патанулі ў рэпліках многіх прысутных: “Як гэта?!.. Што Вы?..” Зянон Станіслававіч працягваў: “Путч непадрыхтаваны. Калі б ён быў падрыхтаваны, мы б з вамі не сядзелі тут…” Старшыня заклікаў да мабілізацыі фронтаўскіх структураў, усяго беларускага грамадзтва на абарону Бацькаўшчыны. Ён гаварыў спакойна, упэўнена. І гэтая ўпэўненасьць паступова перадалася нам. Было зразумела, што трэба рабіць.
Усе накіраваліся на плошчу, каб падтрымліваць фронтаўскую дэпутацкую Апазыцыю, якая вяла змаганьне ў Вярхоўным Савеце. У хуткім часе мяне накіравалі ў сядзібу Свабоднага прафсаюза Беларусі (гэты прафсаюз узьнік на хвалі магутных шматтысячных пратэстных выступаў рабочых у красавіку 1991 года). Сядзіба знаходзілася ў гістарычным будынку Базылянскага кляштару (пазьней — Гарадзкой гімназіі) на пл. Свабоды. Свабодныя прафсаюзьнікі адваявалі невялічкі пакой у афіцыйнага прафсаюза ФСБ (цяпер у гэтай частцы будынка знаходзіцца кантора Беларуска-швайцарскага банку). У пакойчыку было шмат мужчын-прафсаюзьнікаў. Тут былі тэлефоны. Мы бесперапынна тэлефанавалі ў Маскву, Кіеў, Прыбалтыку. Атрыманую інфармацыю аб дзеяньнях путчыстаў і народным супраціве паведамлялі па структурах у сталіцы і ў рэгіёнах Беларусі. Першы дзень (19 жніўня) прайшоў у інфармацыйнай працы. Камуністычныя ўлады БССР відавочна чакалі разьвязкі ў Маскве і пакуль не рабілі нічога супраць патрыётаў. Памятаю, калі я праходзіў каля Галоўпаштамта, то ўбачыў як па праспэкту (у будучым пр. Францішка Скарыны) нетаропка праязжае экскурсійны аўтобус з замежнымі турыстамі. Мабыць, экскурсаводка тлумачыла ім, што “всё это в Москве, товарішчі, а нас тут всё спокойно…”
На наступны дзень (20 жніўня) на плошчы сабралося ўжо некалькі сотняў людзей. У агентуры былі ўжо невясёлыя твары. Стала вядома, што хунта захісталася і яе кіраўніцтва ляціць на самалёце ў Крым, каб весьці перамовы са “зьвергнутым” Гарбачовым. Недзе пасьля 14.00 стала канчаткова зразумела, што савецкі путч праваліўся. Мы яшчэ ня ведалі ўсіх дэталяў, але ўжо вырысоўвалася карціна народнай перамогі над Імпэрыяй.
Калі 24 жніўня па патрабаваньні дэпутацкай Апазыцыі БНФ пачалася Надзвычайная сэсія Вярхоўнага Савета, на плошчы ўжо былі дзясяткі тысяч людзей. Была арганізавана простая радыётрансляцыя з залі паседжаньняў Вярхоўнага Савету. Мы чулі грозныя галасы фронтаўскіх дэпутатаў і разгубленае лепятаньне старшыні ВС Дземянцея і ягоных калег.
Раптам загучалі галасы: “Трэба спыніць вываз архіваў з гаркама і ЦК!” Я пабег разам з іншымі людзьмі ў накірунку гэтых партыйных кантораў. А там ужо сталі сотні людзей. Шмат Бел-Чырвона-Белых Сцягоў. З кантораў ніхто не высоўваўся. У гаркаме КПСС праз шыбу быў бачны толькі стары вахцёр, дзьверы былі зачынены. Побач па вуліцы праехалі міліцэйскія машыны. Над адной зь іх лунаў у паветры Бел-Чырвона-Белы сьцяжок. Афіцэр прыязна махаў дэманстрантам рукой і ўсьміхаўся…
Я ня вытрымаў і кінуўся ў родны Мастацкі музэй Беларусі, што знаходзіцца зусім побач ад гаркама (цяпер у будынку гаркама месьціцца Міністэрства замежных справаў). “Ну, што, як ідуць справы?” – спыталі ў мяне калежанкі, відавочна задаволеныя правалам путча. Ня верылася, што зусім нядаўна, у лістападзе 1988 года мы стваралі ў музэі групу падтрымкі БНФ, удзельнічалі ў першых фронтаўскіх акцыях. Я папрасіў іх падшукаць мне які-небудзь прадмет, якім можна было б разьбіць ненавісныя капээсэсаўскія шыльды на гаркаме. Нам. дырэктара па навуцы прынесла мне якасную чырвоную цэглу. Усе пажадалі ўдачы. Але фронтаўскі пікет каля гаркама спыніў мяне і ня даў зьдзейсьніць задуманую авантуру. Было вядома, што кіраўніцтва Фронта забараніла прадпрымаць падобныя дзеяньні. Нельга было палохаць камуністаў, якія мусілі пад ціскам БНФ прагаласаваць за незалежнасьць Беларусі і забарону ўласнай партыі (і яны прагаласавалі!).
На плошчы тысячы людзей стаялі з ранку да ночы. Фронтаўскія дэпутаты выходзілі да нас і распавядалі аб падзеях у Авальнай зале, дзячылі за падтрымку. Зьвесткі аб адстаўцы Дземянцея, народных выступах у сталіцах саюзных рэспублік, арышце маскоўскай хунты прымаліся на ўра, пад апладысмэнты. Пад вечар сярод дэманстрантаў забегалі нейкія асобы, якія пачалі гукаць, што “на Мінск ідёт ріжскій ОМОН”. Але агентуры не ўдалося пасеяць страх і паніку сярод патрыётаў. На імправізаваны памост нават выйшаў падпалкоўнік міліцыі Срыбны (які часта кіраваў антыфронтаўскімі міліцэйскімі акцыямі, пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 года) і заявіў: “Милиция не допустит эксцессов и будет защищать всех граждан независимо от политических взглядов…” Шмат кур’ёзнага наглядзеліся і наслухаліся мы за тыя некалькі дзён.
На наступны дзень фронтаўцы таксама стаялі на плошчы перад парлямантам. Трэба было падтрымліваць фронтаўскіх дэпутатаў, якія дамагаліся абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. І вось 25 жніўня стала вядома, што Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі нададзена годнасьць канстытуцыйнага закона. Была вялікая радасьць перамогі. Хаця тады мы яшчэ не да канца разумелі, што сталіся сьведкамі і ўдзельнікамі гістарычнай падзеі – абвалу 200-гадовай расейскай акупацыі Беларусі і аднаўленьня Незалежнасьці Бацькаўшчыны. Людзі на плошчы абдымаліся, сьпявалі, некаторыя плакалі…
Гэтыя дні назаўжды застануцца ў народнай памяці. Антыбеларуская рэакцыя, гэбізм, рэжым унутранай акупацыі ня здольныя сьцерці, змарнаваць, вычварыць беларускую перамогу над расейскай імпэрыяй. У жніўні 1991-га наш народ выйграў галоўную бітву, аднавіў сваю Дзяржаву. Праз дзевятнаццаць гадоў Імпэрыя Зла стаіць на парозе сваёй пагібелі, яе крымінальныя рэсурсы вычарпаны. А Беларусь ідзе да свайго канчатковага вызваленьня. Мы абавязкава вызвалім нашу Айчыну ад акупанцкай цемры.
Валеры Буйвал