У апошнюю суботу ліпеня 2010 г.

20 жніўня 2010 г.

Навіны

адбылася традыцыйная сустрэча Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні. Гэтым разам выступоўцы прысьвяцілі свае прамовы знакамітым асобам што нарадзіліся ці памёрлі ў гэтым месяцы, а таксама важнай гістарычнай падзеі 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. На сустрэчы прысутнічалі госьці з Менску - сябры Брацтва ў гонар Святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх пры Свята-Пётра-Паўлаўскім саборы г. Менска.

Імпрэзу традыцыйна распачаў старшыня ТБК Хведар Нюнька з аповяду пра беларускага паэта, празаіка, публіцыста і мемуарыста Янкі Багдановіча. Літаратар Віленшчыны нарадзіўся ў в. Гібінята Валожынскага раёну Мінскай вобласьці. Бацькі Янкі загінулі напрыканцы 1-й сусьветнай вайны і малады Багдановіч выхоўваўся ў дзіцячых прытулках, што былі арганізаваныя беларускай інтэлігенцыяй. У 1927 годзе скончыў Віленскую беларускую гімназію, друкаваўся з 1930 г. Янка Багдановіч з’яўляўся адным з выдаўцоў часопіса “Шлях моладзі” у 1929-1938 гг. Падчас 2-й сусьветнай вайны вучыўся ў Віленскай настаўніцкай семінарыі. У 1952 годзе Янка паступае ў Нова-Віленскі педагагічны інстытут, аднак ужо праз пару месяцаў яго арыштоўваюць і высылаюць у Варкуту. Скончыць інстытут Багдановічу давялося значна пазьней пасьля рэабілітацыі ў 1956 г. Усе наступныя гады беларускі літаратар працаваў у школе, адкуль і пайшоў на пенсію. 13-га ліпеня 1990 года Янкі Багдановіча ня стала. Сустрэчу працягнуў студэнт ЭГУ Юрась Юркевіч, які распавёў пра Грунвальдскую бітву 15-га ліпеня 1410 г. Малады дасьледчык зьвярнуў увагу на пэўную ангажаванасьць ў інтэрпрэтацыі гэтай гістарычнай падзеі ў беларускай гістарыяграфіі. Так, напрыклад, з аднаго боку замоўчваецца правакацыйны характар дзеяньняў Вітаўта ў Жамойці напярэдадні “Вялікай вайны”, а з другога боку феадальнаму канфлікту сярэдніх вякоў надаецца этнічны характар славяна-нямецкага супрацьстаяньня. Юрась Юркевіч зьвярнуў увагу прысутных на тое, што пасьля Крэўскай вуніі ордэнская дзяржава незваротна слабела і пакрысе сама схілялася да саюзу з ВКЛ.

Студэнт ЭГУ узгадаў таксама пра тактычную хітрыку аб’яднаных войскаў – аблуднае адступленьне, што праз польскую гістарыяграфію на чале з Янам Длугашам доўгі час разглядалася як “разгром” войска ВКЛ. Насамрэч, гэтая тактыка была пазычаная Вітаўтам пасьля паразы ў бітве на Ворскле ў 1399 г. Менавіта такі тактычны крок увёў крыжакоў у зман і прадбачыў перамогу ў Грунвальдскай бітве аб’яднаных войскаў.

Сп. Алесь Адамковіч прысьвяціў сваю прамову творчасьці Алеся Гаруна. Прушынскі Аляксандар (сапр. імя паэта) нарадзіўся 11.03.1887 г. у межах сучаснага Менску – у фальварку Новы двор. У 1897 г. скончыў гарадскую прыходскую навучальню ў Менску. Алесь Гарун творча дэбютаваў досыць рана ў 1907 г. у “Нашай ніве” вершам “Маці Беларусі”. Потым ягоныя творы пабачылі сьвет на старонках «Беларус», «Вольная Беларусь», а таксама ў калектыўных зборніках і календарах.

Паэта напаткаў пакручасты лёс рэвалюцыянера. Ужо ў 1904 г. ён уступіў у партыю эсэраў, а ў 1907 г. быў арыштаваны і высланы на пасяленьне ў Сібір, дзе займаўся сталярнай і цясьлярнай працай. Ссылку адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні. У Менск Гарун вярнуўся толькі ў верасьні 1917 году. Падчас нямецкай акупацыі, беларускі паэт рэдагаваў газэту «Беларускі шлях». У 1919 годзе, стаў сябрам Беларускай вайсковай камісіі, захавалася фота Алеся Гаруна у форме БВК разам з Янкам Купалай. Беларускі талент памёр ад сухотаў 28 ліпеня 1920 г. у Кракаве. У 1980-я закінутую магілу на Ракавіцкіх могілках адшукаў беларускі гісторык Алег Латышонак Алесь Гарун пражыў пакутлівае і змагарнае жыцьцё за лепшую, вольную Беларусь, і Алесь Адамковіч працытаваў такі напамін паэта: Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, Роднай мовы сваей не цурайся; Як не зрокся яе пад прымусам, Так і вольны цяпер не зракайся Крыстына Балаховіч узгадала выдатнага беларускага мастака Пётра Сергіевіча. Беларускі талент нарадзіўся паблізу возера Нарач у 1910 г, а ў Вільню трапіў амаль дваццацігадовым юнаком. Пётра Сергіевіч скончыў Віленскі універсітэт, дзе яму выкладаў прафэсар аддзяленьня прыгожых мастацтваў універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні – Фердынанд Рушчыц. Працы мастака былі пазьней прадстаўлены на шматлікіх міжнародных выставах.

У міжваенны час П. Сергіевіч быў чальцом Беларускага Навуковага Таварыства, на грамадзкіх пачатках меў супрацу з Беларускім музэем у Вільні, дзе захоўваліся і ягоныя працы.

Пасьля вайны больш 40 гадоў беларускі мастак жыў на Антокалі ў двухпавярховым доме, амаль насупраць палацу Сапегаў. Там яго наведвалі выдатныя мастакі Беларусі і Літвы. Маючы за плячыма 76 гадоў Пётра Сергіевіч памёр у Вільні ў лістападзе 1984 г., дзе і быў пахаваны на вайсковых могілках.

Напрыканцы сустрэчы сп. Мікола Матрунчык распавёў пра чыннасьць Брацтва ў гонар Сьвятых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх. Пачыналася Брацтва з працы асьветніцкай ініцыятывы, калі ў 1989 годзе была створана Біблейская Камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы па перакладу Свяшчэннага Пісаньня на беларускую мову. У 1991 годзе пабачыў сьвет першы з чатырох Евангельляў—Евангельле паводле Матвея. Пазьней былі перакладзены і выдадзены: Сьвятое Евангельле паводле Марка (1999 г.); Сьвятое Евангельле паводле Лукі (2002 г.); Сьвятое Евангельле паводле Іаана (2005 г.).

У 2007 годзе супольнасьцю быў запісаны аудыёдыск “Пачуй, Божа, малітву маю!” з богаслужэньнямі на беларускай мове. На дыску былі зьмешчаны малебен і паніхіда з удзелам маладзёжнага хора Сьвята-Петра-Паўлаўскага сабора, а таксама малітвы ранішнія і вячэрнія, якія чытае протаіярэй Сяргей Гардун. Апошнім стала сёлетняе выданьне богаслужэбнага Сьвяшчэннага Евангельля на беларускай мове.

Пасьля сустрэчы сябры Брацтва наведалі Ліпаўскія могілкі ў Вільні, дзе правялі памінальную службу на магіле Лявона Мурашкі. Брацтва ў гонар Сьвятых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх правяло таксама беларускую службу каля Сьвята-Духава манастыра ў Вільні. Атрымалася вельмі цёплая сустрэча, сябры Брацтва высока ацанілі ўклад ТБК у захаваньні беларускай духоўнасьці і гісторыка-культурнай спадчыны ў Вільні і Летуве.

Юрась Юркевіч Вільня 12 жніўня 2010 г.