Прафанацыя

19 августа 2010 г.

Навіны

З усяе Беларусі паступаюць зьвесткі пра мітусьлівую актыўнасьць “Говорі правду”. Па электравіках ходзяць маладыя асобы невялічкімі групкамі і раздаюць свае друкаваныя матар’ялы.

Хаця “раздаюць” – гучна сказана. “Говоряшчіе правду” таропка бягуць па вагонах і падкідваюць на лавы каля пасажыраў пачакі сваіх улётак. Прычым, каля аднаго-двух пасажыраў яны кідаюць пачак з 8-10 улётак. Ім, як бачна, матар’ялаў (выкананых на расейскай мове, на расейскія грошы і ў расейскіх друкарнях) не шкада. Ды і перад сваім начальствам можна адчытацца пра распаўсюджваньне многіх тысячаў матар’ялаў. Але беларусы не надта цікавяцца гэтымі лісткамі. Большасьць людзей ужо ведае гэтую публіку і нават не бярэ ўлёткі ў рукі. Людзі выходзяць на станцыях, а на лавах застаюцца ляжаць некранутыя русіфікатарскія пачакі, зь якіх глядзіць партрэт Някляева. Ва ўлётках ён заклікае зьбіраць подпісы зя вылучэньне яго на “всебелорусское собранніе” антыбеларускай дыктатуры, дзе ён абяцае задаваць пытаньні пра заробкі, выбары і іншае.

Нагадаем, што з самага пачатку правядзеньня гэтых “собраній” патрыёты-фронтаўцы арганізоўвалі выступы пратэсту каля “Палаца Рэспублікі” у Менску, дзе Лукашэнка зьбіраў “собранія”. Падчас нападаў паліцэйшчыны і гэбоўшчыны патрыётаў зьбівалі і арыштоўвалі. Некалькі зь іх былі паранены гарыламі рэжыму.

Як бачым, Някляеў наадварот, рвецца на гэтае антыканстытуцыйнае па сутнасьці “собраніе”. Яму важна там засьвяціцца. У свой час туды прарываўся “кандыдат у прэзыдэнты” Аляксандар Казулін. Памятаем, што ўсё гэта для яго скончылася кепска. Магчыма навучаны досьведам Казуліна, Някляеў, ня маючы статусу кандыдата, хоча легальна трапіць ў нелегальны дыктатарскі “капусьнік”. Але ўсе гэтыя “сур’ёзныя” адносіны да несур’ёзнага “собранія” выглядаюць лёгкадумна і паказушна. Нейкая дзіўная ў іх “барацьба”.

Сярод улётак, якія кідаюць пасажырам мабільныя групкі, ёсьць таксама заклік зьбіраць подпісы за перайменаваньне вуліц імем Васіля Быкава. Цікава, што на гэтых улётках не партрэт вялікага пісьменьніка Беларусі, а зноў жа фота Някляева.

Янка Базыль