Маскоўскія палітычныя “гастралёры” ўсіх масьцяў рэгулярна наладжваюць зьняважлівыя выступы ва Украіне і Беларусі. Яны агучваюць такія тэзісы, за якія іх у іншых дзяржавах затрымлівалі б і ў кайданках везьлі да самай мяжы. Ім назаўжды быў бы забаронены ўезд у гэтыя краіны. Але яны куражуцца, бо ведаюць, што ў Кіеве і Менску атабарыліся прамаскоўскія рэжымы, кіруемыя васаламі Крамля-Лубянкі. І ня трэба падманвацца шумнай кампаніі, якую ў Маскве наладжваюць час ад часу якому-небудзь з васалаў. Масква не здае тых, хто служыць ёй. Ня трэба чакаць справядлівасьці ад тых, хто пасадзіў на галаву народам сваіх агентаў. Вызваліць сябе ад ганебных васалаў можа толькі сам народ. Публікуем заяву партыі “Наша Украіна” з афіцыйнага сайту партыі.
Беспакаранасьць заахвочвае расейскіх гастралёраў на новыя антыўкраінскія выпады
Прамінула зусім няшмат часу з таго дня, як Юрый Лужкоў спалучыў дэманстрацыйнае адмаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны з “сяброўскай сустрэчай” з асобай, якая, прынамсі паводле пасады, павінна была б гэтую тэрытарыяльную цэласнасьць берагчы і гарантаваць, — з Віктарам Януковічам. Відавочна, гэта засьведчыла ўсім шавіністычна апантаным расейскім палітыканам, што Украіна пры новай безхрабетнай уладзе ёсьць ідэальным месцам для задавальненьня ўласных вялікадзяржаўных комплексаў. Беспакаранасьць Лужкова прывяла на ўкраінскую зямлю чарговага расейскага гастарлёра – Генадзя Зюганава. Калі Лужкоў ставіў пад сумнеў, прынамсі публічна, толькі тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, то Зюганаў пайшоў далей, і на тэрыторыі сувэрэннай эўрапейскай дзяржавы засумняваўся ў самым існаваньні ўкраінцаў як нацыі, паралельна ахрысьціўшы існаваньне незалежнай Украіны “трагедыяй”: “… наша супольная трагедыя, што ў 1991 годзе мы не зьбераглі адзіную краіну. Для мяне расейцы – гэта вялікаросы, маларосы і беларусы. Я мяркую, што галоўная трагедыя нашых народаў – падзел, які тады адбыўся. Ён супрацьпрыродны, анамальны, амаральны, а шмат у чым – злачынны”.
На заканчэньне грамадзянін іншаземнай дзяржавы, які мысьліць катэгорыямі чарнасоценцаў пачатку мінулага стагоддзя, дазволіў сабе публічна заклікаць украінскую ўладу адмовіцца ад “непатрэбнай” дзяржаўнай незалежнасьці і “узьяднаць” адзіную імпэрыю. Палітычная партыя “Наша Украіна” зьвяртае ўвагу ўкраінскай грамадзкасьці, прэзыдэнта Януковіча, Міністэрства замежных справаў і праваахоўных ворганаў на пагрозьлівую тэндэнцыю апошніх месяцаў, якая палягае ў прагрэсуючай зьнявазе грамадзянамі іншаземнай дзяржавы ўкраінскай дзяржаўнасьці і яе тэрытарыяльнай цэланасьці.
Мы перакананы, што прычынай гэтай тэндэнцыі ёсьць адчуваньне поўнай беспакаранасьці, народжанае адсутнасьцю адэкватнай рэакцыі з боку новай украінскай улады на папярэднія выпады. Таму мы настойваем на аднаўленьні забароны на ўезд у нашую дзяржаву асобам, што дазваляюць сабе дэманстрацыйную зьнявагу ўкраінцаў і Украіны.
Кіеў, 18 жніўня 2010 г.