У Расонах мясцовая вэртыкаль вядзе падрыхтоўку да “всенародного праздніка”. У мястэчку будуць праводзіць абласныя дажынкі Віцебшчыны. Антыбеларускі рэжым ухітрыўся з народнай традыцыі і вясёлага сьвята зрабіць паніку для мясцовай бюракратыі і невыноснае жыцьцё для мясцовага насельніцтва. Увесь горад перакапалі, як пры падрыхтоўцы да вайны. Прайсьці нідзе немагчыма, паўсюль падмазваюць фасады, мяняюць нейкія трубы, укладваюць нейкія дарогі. Аднак людзей ня радуе гэтая мітусьня. Адміністрацыя наймае рабочыя брыгады з мясцовых жыхароў і прывозіць іх з іншых гарадоў. Работнікам абяцаюць неблагія заробкі, а калі расплочваюцца, то рабочыя атрымліваюць толькі малую частку абяцанага. Некаторыя брыгады, не дачакаўшыся выплаты грошай, кінулі недабудаваныя дарогі і аб’екты і разбегліся.
Каб папоўніць падарваны прыгодамі мясцовы бюджэт, вэртыкаль арганізавала маштабныя хапуны ў лясах і на вадаёмах. Людзей затрымліваюць і выпісваюць ім штрафы за “нелегальны адлоў рыбы” і “збор ягад і грыбоў” (штрафы ў 1 мільён і больш рублёў). Сапраўды, многія мясцовыя жыхары вымушаны займацца зьбіральніцтвам, каб неяк пракарміць свае сем’і. Заробкі на мясцовых прадпрыемствах мізэрныя – у 600-700 тысячаў рублёў. Народ стаміўся ад усяго гэтага балагана.
На правінцыі найбольш выразна бачна, да якога правалу давёў рэжым нашу Беларусь. Нават прырода дэманструе гэта. Днямі ў краіне адбылося некалькі ўраганных навальніц. І БТ вымушана было канстатаваць: “У выніку ўраганаў найбольш пацярпелі жылыя і гаспадарчыя пабудовы, пабудаваныя ў апошнія гады…” Гэта значыць, што ад моцнага ветру паляцелі дахі і іншыя элемэнты канструкцыі ў лукашысцкіх “аграгарадках”, дзе ўсё пабудавана паводле ідыёцкага (“эканомнага”) праекту, пасьпешліва і па-пацёмкінску.
Людзі на рэгіёнах не хаваюць, што баяцца пратэставаць, бо іх “выкінуць з працы”, “замкнуць” і г.д. Не адчуваючы супраціву, рэжым ўсё больш расперазана зьдзекваецца з беларусаў і здаровага сэнсу.
Янка Базыль