Сёлета спаўняецца 150 гадоў з дня пачатку вызвольнай рэвалюцыі на Апэнінскай паўвыспе, у выніку якой была ўтворана новая незалежная дзяржава – Італія. Быў скончаны доўгі (у паўтары тысячы гадоў) пэрыяд раздробленасьці Італіі і панаваньня на зямлі народа чужынцаў.
Перамога італьянскіх рэвалюцыянэраў начале з вялікім патрыётам Джузэпэ Гарыбальдзі натхніла тысячы рэвалюцыянэраў Польшчы і Беларусі на паўстаньне 1863-64 гадоў. Адзін зь іх, — Зыгмунт Серакоўскі, — на пачатку 1860-х гадоў накіраваўся ў Заходнюю Эўропу, сустракаўся ў Лёндане з А. Герцэнам і М. Агаровым, а ў Італіі сустрэўся і размаўляў з Гарыбальдзі. Калі пачалося Паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, Серакоўскі ўзначаліў атрад інсургентаў, які дзейнічаў супраць расейскіх войскаў у Жмудзі, на Ковеншчыне. (У красавіку 1863 года атрад быў разгромлены каля Біржаў. Серакоўскі быў паранены, патрапіў у маскоўскі палон і быў пакараны сьмерцю на Лукішскай плошчы ў Вільні.) Паўстаньне Каліноўскага было недастаткова падрыхтавана і Беларусь тады не вярнула сваю свабоду і незалежнасьць. Да вызваленьня ад расейскай акупацыі заставаліся доўгія дзесяцігоддзі, кожны народ ішоў да перамогі сваім шляхам…
Пасьля паразы рэвалюцыі 1848 года Джузэпэ Гарыбальдзі і многія іншыя лідэры нацыянальнага вызваленьня вымушаны былі пакінуць радзіму. Але ідэя жыла, на выгнаньні яны працягвалі падрыхтоўку да новага рэвалюцыйнага ўздыму. Асабліва жорсткімі былі рэпрэсіі рэжыму Бурбонаў у каралеўстве Абодвух Сіцылій. Але менавіта на Сіцыліі 4 красавіка 1860 года з паўстаньня ў Палерма пад кіраўніцтвам Франчэска Рыза пачалася сэрыя рэвалюцыйных выступаў, якія ахапілі ўсю выспу. Хаця паўстаньне ў Палерма было адразу ж здушана бурбонскай контррэвалюцыяй, іншыя атрады маршыравалі ад Мэсіны да П’яна дэі Грэчы і заклікалі людзей да барацьбы супраць акупантаў, гукаючы: “У хуткім часе вернецца Гарыбальдзі!”
Гарыбальдзі заручыўся падтрымкай караля Сардзініі, які ўжо вёў вайну супраць аўстрыйскіх акупантаў у цэнтральнай і паўночнай Італіі. Хаця Гарыбальдзі быў рэспубліканцам, але для яго, як і для многіх іншых патрыётаў, важней было вызваленьне і ўзьяднаньне раздробленай Айчыны. Сардзінская дынастыя Савоя падтрымала гарыбальдзійцаў фінансамі і пастаўкамі зброі. Але значная частка сродкаў на экспэдыцыю была сабрана шляхам Агульнанацыянальнага збору сродкаў “на мільён ружжаў”, якую патрыёты праводзілі з сьнежня 1859 года. Гарыбальдзі заручыўся таксама падтрымкай Вялікай Брытаніі, якая паслала два ваенных караблі для экскорту рэвалюцыйнага дэсанту.
11 траўня 1860 года гарыбальдзійцы высадзіліся на Сіцыліі ў порце Марсалы. Іх было крыху больш за тысячу дабраахвотнікаў. Таму гэтая старонка італьянскай гісторыі атрымала назву “Экспэдыцыя тысячы”. Да іх адразу пачалі далучацца сіцылійскія паўстанцы. 15 траўня рэвалюцыянэры ўпершыню сутыкнуліся з бурбонскім войскам каля Калатафімі і працягнулі свой пераможны наступ. 27 траўня ўспыхнула новае паўстаньне ў Палерма. Гарыбальдзійцы адразу пайшлі на дапамогу гораду і прарвалі бурбонскую аблогу атакай праз мост Аміральё. Вызваленьне сталіцы выспы выклікала энтузіязм сыцылійцаў, якія многімі тысячамі далучаліся да тысячы герояў Гарыбальдзі. На працягу некалькіх тыдняў была ўтворана магутная рэвалюцыйная Паўднёвая армія.
17-20 ліпеня яна вытрымала галоўны экзамен. Каля горада Мілаца дабраахвотнікі сутыкнуліся з чатырохтысячнай прафэсійнай арміяй Бурбонаў. Першыя атакі гарыбальдзійцаў былі адбіты з вялікімі стратамі. Гарыбальдзі на кані зьяўляўся ў самых небясьпечных месцах бітвы, натхняў людзей, перагрупоўваў войскі. Бой працягваўся цэлы дзень. Гарыбальдзі ледзь не захапілі ў палон кавалерысты ворага, якія прарваліся праз баявыя парадкі (паўстанцам не хапала кавалерыі і артылерыі). Але палкаводца выратаваў афіцэр Джузэпэ Місоры, які адстрэльваўся ад кавалерыстаў да падыходу асноўных сілаў. Ворагі пачалі адступаць у крэпасьць, каб арганізаваць абарону. Вынік бітвы быў вырашаны карвэтам “Тукор”, які падплыў да берага і агнём сваіх гармат сарваў спробы контратакаў бурбонцаў. Усяго за некалькі дзён да бітвы капітан гэтага бурбонскага карабля здаў яго сардзінскаму адміралу за хабар. Пад ударамі рэвалюцыі бурбонская сістэма развальвалася, яе абаронцы пачалі здраджваць сваім гаспадарам. Пасьля вызваленьня Сіцыліі да арміі Гарыбальдзі былі далучаны рэгулярныя палкі Сардзінскага каралеўства.
Да яго далучыліся таксама атрады ўгорскіх дабраахвотнікаў. Войскі Гарыбальдзі высадзіліся на кантынэнце і пачалі пераможны марш на сталіцу Бурбонаў Неапаль. У бітве пры Вальтурна 1 кастрычніка гарыбальдзійцы разбілі 50-тысячную армію ворага. Бурбоны ўцяклі з італьянскай зямлі. Наперадзе была цяжкая барацьба за далучэньне да Італіі Рыма з Папскай вобласьцю, Венецыі і паўночных тэрыторыяў. Але перамога рэвалюцыянэраў на поўдні вызначыла пасьпяховую хаду вызваленьня і ўзьяднаньня краіны.
А пачыналася ўсенароднае рушаньне за Волю і сваю Дзяржаву з мужнага выступу нешматлікага змагарнага авангарда, якім кіраваў сапраўдны лідэр.
*Валеры Буйвал *