Беларусы старэйшага пакаленьня памятаюць, што такое расейская (савецкая тады) армія і расейскі флёт. Без ніякай вайны тысячы і тысячы нашых юнакоў і мужчын прывезьлі адтуль у трунах, многія сталі інвалідамі. Крымінальныя “законы”, антычалавечая ідэалогія, зьнішчэньне душы і прыніжэньне нацыянальнай і чалавечай годнасьці, жудаснае харчаваньне і мэдабслуга – гэтыя рысы расейскага вайсковага жыцьця назаўжды засталіся ў нашай памяці. У савецкіх казармах сабралі былі разам хлопцаў з розных калоній імпэрыі, гэта было сапраўднае імпэрскае войска. І тады ўспыхвалі міжнацыянальныя канфлікты, адбываліся бойкі, забойствы і гвалт. Але беларусы назіралі і станоўчае пасярод гнюснасьці расейскага вайсковага жыцьця. Мы ўпершыню за жыцьцё пабачылі, як людзі аднаго народа і адной мовы трымаюцца разам, як падтрымліваюць і бароняць адзін аднаго. Гэтак было ў эстонцаў – прадстаўнікоў эўрапейскай культуры. Гэтак было ў прадстаўнікоў маленькіх каўказкіх этнасаў. Ва ўсіх, акрамя, на жаль, расейцаў і беларусаў. З расейцамі ўсё зразумела, у іх ніколі не было паняцьця народнай салідарнасьці, гэта факт. А за беларусаў было вельмі крыўдна. Галоўнай прычынай было парушэньне асноўнай камунікатыўнай функцыі паміж сынамі аднаго народа – беларусы, як правіла, не размаўлялі на роднай мове. І гэта было прычынай многіх няшчасьцяў, безабароненасьці ў крытычных сітуацыях, закамплексаванасьці ад пачуцьця непаўнавартасьці, тлумачэньня якому самы хлопцы не маглі даць. Усе сьпявалі свае песьні, чыталі кнігі і газэты на родных мовах (прысылалі сябры і сем’і). У беларускім асяроддзі гэта была рэдкая зьява. Адным словам зьнішчальная русіфікацыя давалася нам у знакі.
Не выпадкова, што ў наш час антыбеларускі рэжым так настойліва і брутальна “зачышчае” ўсё беларускае ў нашым нацыянальным войску. Беларуская, дзяржаўная мова не гучыць у беларускай арміі. Бліскучыя кар’еры тут робяць адкрытыя ненавісьнікі нашай дзяржавы, культуры і ўсяго беларускага. Варожая імпэрская сіла прыкладае ўсе намаганьні, каб фармальна беларуская армія заставалася ў перманентным стане правінцыйна-расейскага артэфакта. Як сказаў быў Лукашэнка, “беларусы павінны быць гатовымі паміраць за Расею…”
Што ж адбываецца ў Расеі, за якую дыктатура прапануе нам паміраць? Што зь іхным войскам, якога, аказваецца, не стае на абарону Расеі?
Адказ на гэтыя пытаньні можна ўбачыць ў інтэрнэце. Гэта відэзапіс масавай бойкі на пляцы на тэрыторыі вайсковай часткі недзе пад Масквой. Днямі там пабіліся жаўнеры-дагестанцы і жаўнеры-расейцы. Біліся па-зьверску, з нянавісьцю. Каўказцы крычалі “Алаху акбар!”, расейцы лаяліся. На пляцы засталіся ляжаць параненыя. Афіцэры паўцякалі. Пазьней зьявіўся адзін афіцэр і пачаў страляць з аўтамата ў паветра, чым і спыніў бойку. (Відэа падзеяў: http://www.youtube.com/verify_age?next_url=http%3A/www.youtube.com/watch%Fv%3D3Bn7nex3Zzg).
Маскоўскі публіцыст Уладзімір Ярмолін камэнтуе драму ў інтэрнэт-выданьні Грані.Ру: “Мяркуючы па ўсяму, масавае бойка здарылася ў адной з брыгад, якія некалі былі Канцеміраўскай дывізіяй (горад Нара-Фамінск). Пры ўсёй пачварнасьці падзеі – вайскоўцы б’юць адзін аднаго, як ворага на поле бою – выключным яго не назавеш. Расейская армія ўжо даўно стала пляцоўкай для баёў без правілаў. Ну, можа, ня так часта жарсьці вырываюцца на пляц, усё ж звычайна кроў імкнуцца праліваць далей ад начальства. Тут інакш. Бойка ўспыхнула ў белы дзень, на пляцы, мабыць у прысутнасьці афіцэраў. Гэта значыць, ступень упэўненасьці ў сабе мясцовага зямляцтва скрайне высокая. А тое, што інцыдэнт меў характар міжнацыянальнай бойкі, сумнявацца не даводзіцца (крыкі “Алах акбар!” чутныя даволі выразна). … Камандзёрам з гэтай праблемай ня даць рады. Гэта магутная сіла, і як бы ўсё не перарасло ў масавыя бунты ўзброеных натоўпаў. Наступным разам камандзёра, які ўварвецца на пляц з аўтаматам, проста разабьюць аб бэтонку і кропка. У краіне, якая знаходзіцца вось ужо амаль два дзесяцігоддзя ў стане перманэнтнай каўказкай вайны, азьвярэньне пачуцьцяў, замкнёных у казармах людзей – зьява, можна сказаць, натуральная”. (Крыніца: http://grani.ru/blogs/free/entries/180709.html).
Больш, на нашу думку, тэарэтызаваць ня трэба. Усё сказана дастаткова выразна. Галоўная выснова з усяго – беларусам трэба падалей трымацца ад Расеі і яе арміі.
Юрка Марозаў