Міжнародная экалагічная арганізацыя Грынпіс апублікавала карту, на якой бачна, што каласальныя пажары, якія ахапілі абшары Расеі, пачаліся таксама ў радыяцыйна забруджаных зонах РФ. Карту склалі паводле дадзеных на 9 жніўня. На ёй бачна, што ў забруджаных радыяцыяй вобласьцях лютуе 20 пажараў. Тры з гэтых пажараў ахапілі радыяцыйна забруджаныя раёны Бранскай вобласьці. У выніку ў паветра падымаюцца атручаныя радыяцыяй часьцінкі і ў выглядзе пылу і прадуктаў гарэньня распаўсюджваюцца з ветрам на адлеглыя тэрыторыі.
Бранская вобласьць мяжуе з Беларусьсю. Зразумела, што існуе вялікая небясьпека радыяцыйных ападкаў у нашай Гомельскай вобласьці. Цікава, што міністар МНС РФ Шайгу заявіў, што “у радыяцыйных раёнах няма і не было пажараў”. Але і беларусы, і міжнародная супольнасьць ведаюць цану крамлёўскай хлусьні.
БТ паведаміла з кулуараў рэжыму, што афіцыйны Менск паслаў атрады спэцыялістаў па барацьбе з пажарамі і тэхніку ў Падмаскоўе. Зьбіраюцца пасылаць нашых людзей тушыць пажары ў Татарстане.
Усё выглядае зьнешне гуманна. Але давайце разьбяромся, што адбываецца. У той жа самай Расеі, у суседняй Браншчыне пашыраюцца пажары, якія непасрэдна пагражаюць нашай краіне і здароўю нашых людзей. Гарыць вобласьць, дзе жывуць этнічныя беларусы, гістарычны край ВКЛ. А рэжым па загаду з Масквы пасылае нашых спэцыялістаў далёка ад месцаў у Расеі, дзе беларускія спэцыялісты сапраўды найбольш патрэбныя, каб бараніць ня толькі Расею, але перш за ўсё Беларусь.
Як заўсёды, хлусьня, бязглузьдзіца, злачынная раўнадушнасьць, няўвага да сапраўдных праблемаў суправаджаюць дзеяньні антынароднага рэжыму РБ.
- Янка Базыль*