Расея ад катастрофы да катастрофы

12 жніўня 2010 г.

Навіны

12 жніўня на расейскіх тэлеканалах паказвалі сюжэты, прысьвечаныя 10-й гадавіне з дня катастрофы на атамнай падлодцы “Курск”. Тады, у 2000-м падчас вучэньняў у Баранцавым моры падлодка была зьнішчана выбухам, загінула 118 чалавек, увесь экіпаж і інжынэры з Дагестана. Дагэтуль Масква сьцьвярджае, што ў падлодцы выбухнула тарпеда з боезапаса судна. Але шэраг спэцыялістаў прытрымліваюцца думкі, што ў падлодку стрэліў ракетай крэйсер “Пётр Вялікі”, які ўдзельнічаў у вучэньнях. Усе памятаюць, што Расея адмовілася ад дапамогі замежных спэцыялістаў, якія запрапанавалі сваю дапамогу ў выратаваньні маракоў (у падлодцы на працягу сутак знаходзіліся жывыя людзі, яны адчайна стукалі ў борт судна). Месца трагедыі было ачэплена. У многіх склалася тады ўражаньне, што начальства паводле загаду з Масквы адмыслова чакала, пакуль загінуць усе людзі і не ратавала іх (хавалі нейкія “ваенныя сакрэты”). Пра гэта 10 гадоў таму з праклёнам немым крыкам казалі адміралам і міністрам сем’і загінуўшых. Дарэчы, пра гэта расейскія тэлеканалы сёньня ня згадваюць. Толькі з інтэрнэт-выданьняў можна даведацца аб тым, што сем’ям ахвяраў ужо адмовілі ў выдзяленьні ільготаў на санаторнае лячэньне і распусьцілі камісію, якая гэта рэгулявала. Начальства можна зразумець, з тае пары ў Расеі здарылася столькі ўсяго, што ільготамі трэба было б забясьпечваць тысячы і тысячы сем’яў.

Сем’і ахвяраў таксама абразіліся, што на мемарыяльныя мерапрыемствы сёлета не зьявіўся аніводзін прадстаўнік вышэйшага кіраўніцтва РФ. І гэта можна зразумець: у крамлёўскага кіраўніцтва сёньня новы клопат, новая катастрофа. Пра гэта напісаў у інтэрнэт-выданьні Грані.Ру вядомы аналітык Андрэй Піянткоўскі. Ён даў свайму артыкулу эпіграф з “крылататым дэвізам” – выказваньнем Д. Медведева: “Надо двигаться куда-то”. У дэвізе па-свойму геніяльна сфармуляваны ўвесь сэнс расейскага жыцьця, жыцьця ад катастрофы да катастрофы. Прэм’ер РФ Пуцін абмежаваўся “нямой сцэнай”. Па тэлебачаньню яго паказалі за штурвалам самалёта і паведамілі: “Пуцін тушыць пажары…” Прадстаўляем вашай увазе самы цікавы фрагмэнт артыкула Піянткоўскага:

“Разгублены Пуцін, з адчаем загнанай уласнымі піяршчыкамі крысы сутаргава націскае нейкія кнопкі ў кабіне самалёта, які пікіруе, — сымвал сёньняшняй Расеі.

У крэсьле другога пілота ён апынуўся ў парушэньне элемэнтарных правілаў Паветрана кодэксу РФ.

Роўна за 11 гадоў да гэтага клоўнскага палёту, дзень у дзень, група вядомых крамлёўскіх інтрыганаў (Валошын, Юмашаў, Дзячэнка, Беразоўскі, Абрамовіч) пасадзіла яго ў іншае другое крэсла – прэм’ерскае. Каб праз паход Басаева ў Дагестан, падрывы дамоў у Маскве і Валгадонску, “вучэньні” у Разані, выбухі “Градаў” у Чачэніі, крывавую вайну на Каўказе прывесьці яго ў першае крэсла Расеі, у якім ён зможа абараняць іхныя інтарэсы і капіталы.

Вынік пуцінскага кіраваньня ў цэлым яшчэ страшней. Улада ператварылася ў прытон злодзеяў – сяброў “нацыянальнага лідэра”.

Пакуль дзядзька Валодзя лётае ў нябёсах, наш малодшы клоўн (Медведев – заўвага рэдактара) дыхае адным паветрам са сваім народам у адной з сваіх марскіх рэзыдэнцыяў. Цынічныя і бязьлітасныя “мордоделы” прымусілі яго там у чарговы раз мізэрна і вымушана надзьмуваць шчочкі пры вызначэньні бескампраміснай “барацьбы з карупцыяй”. (Крыніца: http://grani.ru/opinion/piontkovsky/m.180667.html).

Сапраўдныя аналітыкі, разумныя людзі, якія ўсё ж ёсьць у сьвеце і нават у самой Расеі, менавіта так ацэньваюць існаваньне Расеі ў апошнія дзесяцігоддзі: юбілей адной катастрофы супадае з новай катастрофай. І вядомы “чалавечы фактар” напоўніцу прысутнічае ў гэтых катаклізмах. Гэбізм-пуцінізм, які падняўся на імпэрскім ачмурэньні расейскага насельніцтва і выгадніцкіх афёрах згаданых “крамлёўскіх інтрыганаў”, эвалюцыянуе ў сусьветна небясьпечнага монстра, які пагражае катастрофай усяму сьвету.