Афіцыйная Масква ня ў стане схаваць сапраўдныя маштабы вогненнай катастрофы ў імпэрыі. Ды й схаваць было б цяжка, бо катастрофу вельмі выразна бачна нават з космасу. Сама Масква стала горадам-прывідам, ахутаным угарнымі газамі. З вялікіх вайсковых складаў каля Масквы ледзь пасьпяваюць вывозіць баепрыпасы, да якіх падбіраецца полымя. Але вось склад ВМФ ужо згарэў. Была пагроза зьнішчэньня агнём імпэрскага атамнага цэнтру ў Сарове. Падзеі дэманструюць поўную непадрыхтаванасьць (тэхнічную і сацыяльную) да маштабных стыхійных бедстваў. Крымінальны і скарумпаваны рэжым ня здольны вырашаць гэтыя праблемы. Дэмаралізаванае грамадзтва ня здольнае ды й ня хоча вырашаць іх.
Дэпутат Дзярждумы ад алтайскага краю Аляксей Багаракаў так ахарактарызаваў катастрофу: “У Маскве сапраўдны Армагэдон. Ужо анлічане прыязджаюць сюды, каб паглядзець, які смог некалі ахутваў “туманны Альбіён”. Нават нумароў машын, што едуць спераду, ня бачна. З-за гэтага сур’ёзна павялічылася аварыйнасьць. Але самае страшнае – сьмяротнасьць па словах мэдыкаў павысілася ў разы! І ня ў два-тры разы, а ў 6-8”. Па словах дэпутата, маскоўскія моргі забітыя трупамі, у крэматорыях чэргі. Афіцыйнай інфармацыі няма. Маскоўскім лекарам забаронена ставіць дягназ “цеплавы ўдар, перагрэў”, каб схаваць рэальныя маштабы катастрофы.
Калі ў 1950-60-я гады “покорітелі пріроды” асушалі маштабныя тарфяныя балоты вакол Масквы (адначасова з такой жа злачыннай апэрацыяй саветаў у Беларусі), сапраўдныя навукоўцы папярэджвалі ўлады і грамадзтва, да якой катастрофы можа прывесьці гвалт над прыродай. Іх не паслухалі і вось жудасны вынік.
Армянскі публіцыст і грамадскі дзеяч Ігар Мурадзян 6 жніўня выступіў з артыкулам пад тытулам “Вайна ўжо пачалася” у інтэрнэт-выданьні Lragir.am. Расейскія СМІ ўсхвалявана цытуюць артыкул армянскага патрыёта: “Насуперак розным аргумантам армянскіх “адвакатаў” расейскіх палітыканаў, пастаўкі зэнітна-ракетнага комплекса С-300 Азэрбайджану, безумоўна, ўзмоцняць яго і нададуць новае значэньне гэтай краіне ў рэгіёне, дзе азэры будуць адчуваць сябе больш абароненымі і беспакаранымі… Становіцца зусім зразумела, што абарона і бясьпека Арменіі гэта ня справа ўладаў, а абавязак і задача армянскага народу. Нямногія павінны ахвяравацца жыцьцём, каб Радзіма была ў бясьпецы. ЗРК С-300 павінны быць зьнішчаны альбо на прадпрыемстве-вытворцы, альбо пры транспартыроўцы, альбо на тэрыторыі Азэрбайджана. Гэтым трэба было заняцца даўно, прынамсі чатыры гады таму. Няўжо нельга было зрабіць высновы з чачэнскага супраціву? Што б ні адбылося ў далейшым, калі Расея не атрымае па мазгах за свае подлыя крокі, Арменіі ня трэба вызначацца як дзяржаве. Расею чакаюць даволі буйныя непрыемнасьці ў зьнешняй палітыцы, а асабліва ў рэгіянальным аспэкце. Яе спробы гуляць на роўных з асноўнымі партнёрамі на Захадзе і на Усходзе прывядуць яе да правалу зьнешняй палітыкі, у чым яе меркантыльны прэзыдэнт вельмі скора пераканаецца”.
Дагуляліся армянскія палітыкі з Расеяй у “гаранта” сваёй дзяржаўнай незалежнасьці. Вось вынік рабленьня выгадніцкіх (прагматычных) ставак на ворага народаў. Медведев усьміхаўся падчас леташняга візыту ў Арменію, прымаў ад гаспадароў бочку каньяку ў падарунак. А тым часам Расея накіроўвала свае ракеты ў суседні Азэрбайджан. Вось і загучалі ў Арменіі галасы ў падтрымку ідэі народнага супраціву Маскве, калі з гэтай задачай не дае сабе рады ўлада.
8 жніўня Міністэрства замежных справаў Грузіі прыняло і абнародвала наступную заяву (публікуем тэкст заявы цалкам, паводле афіцыйнага сайту МЗС Грузіі).
Заява Міністэрства замежных справаў Грузіі ў сувязі з візытам Прэзыдэнта Расеі Д. Медведева ў акупаваны Сухумі ў парушэньне дзяржаўнай мяжы Грузіі
8 жніўня 2010 г. Прэзыдэнт Расеі Д. Медведев у парушэньне дзяржаўнай мяжы Грузіі наведаў акупаваны Сухумі ў другую гадавіну адкрытай і паўнамаштабнай агрэсіі, распачатай Расеяй супраць Грузіі 7 жніўня 2008 года.
Такое супадзеньне было заранёў заплянаванай і мэтанакіраванай акцыяй, што пацьвярджаецца тым фактам, што летась 12 жніўня В. Пуцін, галоўны ініцыятар і ідэолаг вайны, разьвязанай супраць Грузіі, таксама наведаў акупаваную Абхазію ў дзень гадавіны падпісаньня Пагадненьня з 6 пунктаў аб спыненьні агню.
Гэты так званы “візыт” на акупаваную тэрыторыю сувэрэннай дзяржавы, праведзены ў манеры савецкіх палітычных лідэраў, прадстаўляе сабой яшчэ адзін цынічны акт, якім Расея яшчэ раз пацьвярджае, што яна не задумваецца над сваімі міжнароднымі абавязацельствамі, і што яна не выконвае і не зьбіраецца выконваць ніводзін з пунктаў Пагадненьня аб спыненьні агню ад 12 жніўня 2008 года. У той жа час Крэмль ставіць сваёй мэтай стварэньне ілюзіі легітымнасьці марыянэткавага рэжыму, які нягледзячы на імпэтныя спробы і шчодрую фінансавую дапамогу Расеі пацярпеў крах у сваіх спробах дасягнуць прызнаньня міжнароднай супольнасьці.
Міністэрства замежных справаў Грузіі выказвае свой рашучы пратэст супраць чарговай спробы дэстабілізацыі сітуацыі і эскалацыі напружанасьці ў каўказкім рэгіёне і заклікае міжнародную супольнасьць прымусіць Расею паважаць сусьветна прызнаныя нормы і прынцыпы міжнароднага права і неадкладна выканаць патрабаваньні Пагадненьня з 6 пунктаў аб спыненьні агню ад 12 жніўня 2008 года, і перш за ўсё правесьці неадкладную і поўную дэзакупацыю тэрыторыі Грузіі.
Тбілісі, 8 жніўня 2010 г.
Крымінальная Расея. 9 жніўня гарадскі суд Навамаскоўска Тульскай вобласьці прызнаў 17-гадовага навучэнца ПТВ віноўным у забойстве маёра міліцыі і прыгаварыў яго да 9 гадоў пазбаўленьня волі ў спэцкалёніі. 30 сакавіка сёлета гэты “падлетак” у стане наркатычнага апьяненьня махаў на вуліцы кухоным нажом і пагражаў мінакам. Участковы міліцыянт Пяскоў паспрабаваў утаймаваць яго і атрымаў сьмяротнае раненьне нажом.
У Арле міліцыя затрымала выкладчыка фі зкультуры Акадэміі Фэдэральнай службы аховы (элітных частак, якія забясьпечваюць ахову дзяржаўных дзеячаў і аб’ектаў), 32-гадовага маёра. Раней былі арыштаваны яшчэ сямёра ўдзельнікаў банды гэтага маёра, якая зьдзейсьніла сэрыю бомбавых тэрактаў і падпалаў у Арле. Яны падрывалі бомбы ў месцах, дзе зьбіраюцца “ліца нерусской національності”, і каля міліцэйскіх участкаў.
У горадзе Капейску Чалябінскай вобласьці раскрылі групоўку забойцаў-сатаністаў, якая налічвала 12-13 асобаў. У 2000-2001 гадах (калі большасьці з бандытаў было па 12-14 гадоў) яны зьбіраліся разам, чыталі “акультную” (сатанінскую) літаратуру і слухалі музыку ў стылі “Блэк мэтал”. Потым яны выходзілі на вуліцу і білі насьмерць першага мінака, якога сустракалі. Адна з дзяўчын гэтый групы з тае пары пасьпела выйсьці замуж і нарадзіла двух дзяцей. Калі яна была зьмешчана пад хатні арышт, то скончыла жыцьцё самагубствам. Банда забіла да 9 асобаў. Міліцыя рассьледвала ўсе справы па забойствах як асобныя справы. Толькі выпадак дазволіў гора-сьледчым зьвязаць усё ў адну справу і знайсьці забойцаў.
- Янка Базыль*