Дацкая газэта “Berlingske Tidende”. 7 жніўня 2010 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” апублікавала рэкляму для дацкіх турыстаў, якія выбіраюцца ў Іспанію. Гэтым разам рубрыка была прысьвечана менш знанаму гораду (як прызнае газэта), чым Мадрыд або Барсэлона – Саламанцы. Распавядаецца пра гісторыю і культурную спадчыну Саламанкі. Наш камэнтар: Час ад часу зьдзіўляюць гэтыя эўрапейцы. Акрамя некалькіх гадоў германскай акупацыі ў 1940-45 гадах датчане (як і ўсе заходнія грамадзяне) мелі неабмежаваныя магчымасьці падарожнічаць па Эўропе, чытаць любыя кнігі пра гісторыю і культуру. І вось ім цяпер неабходная “сэнсацыйная інфармацыя” пра такі славуты цэнтар, як Саламанка. Менавіта там узьнік адзін з першых унівэрсітэтаў у Эўропе (у 13-м стагоддзі). Горад – гэта цуд архітэктурных ансамбляў часоў маўраў, раманікі, готыкі і Рэнесанса. А для многіх на Захадзе трэба даваць адмысловую рэкляму аб гэтым цудзе. Што ж зьдзіўляцца, што заходнікі нічога ня ведаюць пра нашу Беларусь.
Юрка Марозаў
Славацкая газэта “Novy Cas”. 7 жніўня 2010 г. Славацкая газэта “Novy Cas” пісала пра сутыкненьні футбольных заўзятараў у Браціславе пасьля матчу на эўрапейскі кубак паміж “Слованам” і белградскай “Црвэнай Звэздай”. Паліцыя ледзь дала рады стлуміць масавыя выбрыкі сэрбскіх фэнаў, якія перакульвалі машыны, білі вітрыны і кідаліся каменьнем. Гораду нанесена шкода ў 100 тысячаў эўра. Наш камэнтар: Вядома, што футбольнае заўзятарства ёсьць праблемай гвалту ва ўсім сьвеце. Беларускія патрыёты робяць выснову, што КГБ ўзяла гэтую справу пад кантроль у Беларусі. Клубы заўзятараў у Менску ператвараюцца ў хватка кіруемыя групоўкі маладзёнаў, якія не прытрымліваюцца ніякіх маральных нормаў. Некалькі разоў падчас футбольных матчаў над галовамі клубных заўзятараў уздымаліся фашыстоўскія лёзунгі, напісаныя па-расейску, напрыклад з усхваленьнем гітлерскага спадручнага Геса. Гэта ёсьць вельмі небясьпечная форма расейскага фашызма, якая гвалтоўна прышчэпліваецца ў Беларусі.
Алесь Хадасевіч
Польская газэта “Rzeczpospolita”. 7 жніўня 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” пісала пра разрэклямаваны расейскі фільм “Бацькава шчасьце”. Маскоўскі гульнявы фільм прысьвечаны эротыцэ і Лукашэнку. Газэта нагадвае, што падобны фільм быў зьняты ў Маскве пра Саакашвілі. Наш камэнтар: Масква ідзе на розныя гнюснасьці ў сваёй імпэрскай палітыцы. Цяпер у душу беларусам яны зьбіраюцца лезьці з кінавычварэнствам. Калі ўважліва аналізаваць справу з апошнімі тэлеролікамі “Крёстных отцов” маскоўскай вытворчасьці, то прыходзіш да высновы, што гэта ёсьць падвойная гульня Крамля-Лубянкі. Ворагі жадаюць выклікаць у беларсаў жаданьне ісьці на выбарчыя ўчасткі з ілюзорным жаданьнем “прагаласаваць супраць непрывабнага дыктатара”. На самой жа справе ў такім выпадку беларусы будуць складаць масоўку для выбарчых шулераў. Вельмі важна, каб нашы людзі ўбачылі подласьць гэтага праекта і адвярнуліся ад яго.
Алесь Хадасевіч
Бэльгійская газэта “Le Soir”. 8 жніўня 2010 г. Бэльгійская газэта “Le Soir” пісала пра візыт прэзыдэнта РФ Медведева ў Абхазію. Візыт прысьвечаны другой гадавіне расейска-грузінскай вайны (2008 г.). Медведев заявіў у Сухумі: “Я ні ў чым не раскайваюся…” Наш камэнтар: Гэта вядома, што арганізатары агрэсій і забойстваў ніколі не раскайваліся ў расейскай гісторыі. Гадоў праз 25 можна чакаць, што з Масквы прагучыць прызнаньне ў тым, што “падзеі ў Грузіі ў 2008 годзе былі нашай палітычнай памылкай” (як Масква зрабіла гэта праз дзесяцігоддзі пасьля інвазіі ў Фінляндыю і Чэхаславакію). Але тады ўжо ня будзе ні Медведева, ні Пуціна, ні расейскай імпэрыі.
Юрка Марозаў
Славацкая газэта “Novy Cas”. 8 жніўня 2010 г. Славацкая газэта “Novy Cas” пісала, што жыхары Масквы абураны тым, што мэр горада Лужкоў адсутнічаў у сталіцы на працягу двух тыдняў у той час, калі горад задыхаецца ў атрутным дыме пажараў. Апошнім разам Лужкова бачылі на адпачынку ў Крыме. Наш камэнтар: У мафіёзы Лужкова былі значна больш важныя справы – ён мабыць далучаў Крым да Расеі. Трэба прызнаць, што ў любой іншай краіне такія паводзіны мэра любога горада ў такіх абставінах прывялі б да неадкладнай ягонай адстаўкі. Але ў Маскве паўтараюць стары сіцылійскі дэвіз – “Мафія бессьмяротная!”
Юрка Марозаў
Польская газэта “Rzeczpospolita”. 9 жніўня 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад сэнсацыйным тытулам “Паляк – супернік Лукашэнкі”. “Паляк” – гэта Яраслаў Раманчук, які ад АГП хоча быць кандыдатам на прэзыдэнта РБ. Цытуем артыкул аўтарства Анджэя Пісальніка: “Народжаны ў Сапоцкіне каля Горадні, Яраслаў Раманчук мае ў роднай мясцовасьці славу чалавека, які зрабіў зьдзіўляючую кар’еру… У Сапоцкіне няма жыхара, які не хваліўся б, што “наш Ярэк будзе змагацца з Лукашэнкам за прэзыдэнцкую пасаду”… Раманчук – адзін з найбольш ацэненых у Беларусі эканамістаў… Ён мае праграму… Брак антырасейскіх лёзунгаў у ягонай праграме і выступах уплывае на тое, што яго разглядаюць як кандыдата, які мае вялікія шанцы на падтрымку Крамля, усё больш сканфліктаванага з Лукашэнкам… Ён ганарыцца каранямі… Ён у той жа час не хавае, што ёсьць палякам.” Наш камэнтар: І вось такой лухтой польскі журналіст забясьпечвае польскае грамадзтва са старонак адной з буйнейшых польскіх газэтаў. Гэта такі цяпер узровень польскай палітычнай аналітыкі? Яны гэта сур’ёзна? Трэба нагадаць нашым шаноўным суседзям, што ў КГБ і ў Маскве не бывае нацыянальнасьці. КГБ ўласна і ёсьць нацыянальнасьць, зразумела, “сярод сваіх”. Няхай рэдактары і чытачы газэты ўявяць сябе, што нейкі кандыдат на польскія выбары езьдзіць у Маскву, сустракаецца там з міністрамі Крамля, “заручаецца іхнай падтрымкай на выбарах”, абяцае і г.д. Што было б з такім польскім кандыдатам? Яго б проста ня стала ў палітычным сэнсе. А паводле Пісальніка, “паляк мае вялікія шанцы на падтрымку Крамля”… Расея разьмяшчае на тэрыторыі Беларусі свае сучаснейшыя ракетныя комплексы, накіраваныя на Польшчу, а пісальнікі пераконваюць польскае грамадзтва, што “Крэмль усё больш сканфліктаваны з Лукашэнкам”. Чытаеш такое і вачам сваім ня верыш!
Алесь Хадасевіч
Іспанская газэта “La Razon”. 9 жніўня 2010 г. Іспанская газэта “La Razon” пісала пра пілігрымку па шляху сьв. Апостала Язэпа ў паўночнай Іспаніі і пра рэлігійныя і культурніцкія мерапрыемствы, арганізаваныя каталіцкай моладдзю з усяе Эўропы ў Санцьяга дэ Кампастэла. 12 тысячаў маладых людзей маліліся разам, наладжвалі канцэрты, канфэрэнцыі і дыскусіі. Успаміналі нядаўнюю трагедыю на “парадзе каханьня” у Нямеччыне. Наш камэнтар: Які кантраст паміж дзьвюма падзеямі: духоўны ўздым маладых людзей на сьвятых мясьцінах і сатанінскія скокі на “парадах”.
Алесь Хадасевіч
Французкая газэта “Liberation”. 9 жніўня 2010 г. Французкая газэта “Liberation” паведаміла пра мемарыяльныя мерапрыемствы ў Хірасіме з нагоды 65-й гадавіны атамнай бамбардоўкі Японіі амэрыканцамі ў 1945 годзе. Упершыню на мерапрыемствах прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва ЗША. Наш камэнтар: Згадваючы пра Хірасіму, камэнтатары звычайна забываюцца пра 7 мільёнаў забітых японцамі азіятаў у акупаваных імі краінах толькі ў 1941-45 гадах, пра жудасныя японскія канцлягяры, у якіх пакутвалі і гінулі ваеннапалонныя амэрыканцы і эўрапейцы, пра антычалавечыя экспэрымэнты над жывымі людзьмі. А таксама аб тым, што генштаб ЗША меркаваў весьці вайну да 1947 года і падлічваў сотні тысячаў патэнцыйных стратаў сваіх войскаў. Бамбардоўка вымусіла адумацца японскага імпэратара і вышэйшую эліту (яны пачалі баяцца за свае жыцьці). Вайна была скончана.
Алесь Хадасевіч
Швэдская газэта “Svenska Dagbladet”. 9 жніўня 2010 г. Швэдская газэта “Svenska Dagbladet” паведаміла, што паліцыя атачыла мячэць Аль-Куд і мясцовы ісламскі цэнтар у нямецкім Гамбургу і правяла там ператрус. Мячэць і цэнтар цяпер зачынены. Вядома, што на іх тэрыторыі зьдзяйсьнялася вярбоўка ў ісламскія тэрарысты Аль-Каэды. Трое з самагубцаў-забойцаў, якія кіравалі самалётамі падчас тэракту ў Нью-Ёрку 11 верасьня 2001 года, праходзілі навучаньне ў гэтым гамбургскім цэнтры. Наш камэнтар: Няўжо заходняе грамадзтва пачало супраціўляцца экзатычнаму кашмару на сваёй зямлі?
Алесь Хадасевіч