Менскі афіцыёз на інфармацыйным поле заняты сваімі звычайнымі справамі. Начальнік рэжыму лётае па калгасах і выдае сьпічы пра сытнае і багатае жыцьцё нашага народа. Тэлеканалы паказваюць камбайнёраў у белых кашулях, лакальнае начальства ў сьвяточных строях і іншую сюжэтыку пра “празднік труда на полях страны”. На міжнароднай арэне рэжым хаўрусіцца з эканамічна недаразьвітымі краінамі кшталту Сірыі і абяцае вялікія капіталаўкладаньні ў беларускую эканоміку ад гэтых хаўрусьнікаў. Усё ў прынцыпе ідзе ў звычайным рытме. Пра будучыя свае выбары ні слова, ні паўслова. Нібыта для рэжыму іх і не існуе.
Затое складваецца ўражаньне, што гэтыя выбары арганізоўвае менавіта прамаскоўская апазыцыя РБ. Тэма выбараў паўтараецца з дня ў дзень у шматлікіх артыкулах “незалежных і дэмакратычных” СМІ і сюжэтах на Радыё Свабода. Псэўдаапазыцыйны пеўнік безупынна кукарэкае пра “выбары” з грантаўскай званніцы. І нікому не вядома, калі рэжым абвесьціць свае выбары. Чаму яны так сьпяшаюцца? Выбарчыя заявы і разважаньні выдаюць прадстаўнікі і “кандыдаты”. Яны тэарэтызуюць і спрачаюцца, зьбіраюць канфэрэнцыі, рады і нарады. Невялікай групкай яны (Лебедько, Міхалевіч і яшчэ некалькі) заехалі днямі нават у Вільню і там вырашалі, хто зь іх стане прэзыдэнтам. Фантомная “рада інтэлігенцыі” наладзіла абструкцыю фантомным “аб’яднаным дэмсілам”. Цікава, што на розныя лады і ў розных варыяцыях у “радах-нарадах” і “сілах” паўтараюцца імёны адных і тых жа асобаў, якія звонка заяўляюць пра сябе напярэдадні кожнага рэжымнага выбарчага фарса. Навізной цяперашніх звонкіх заяваў ёсьць іхная аднабаковасьць. “Апазыцыя” надрываецца ў інфармацыйнай прасторы, дзеліць прэзыдэнцкае крэсла. А рэжым “зьбірае ўраджай”, “паляпшае жыцьцё працоўных” і не праймаецца такімі драбніцамі, як “прэзыдэнцкія выбары”. Рэжым паводзіць сабе так, нібыта вынікі “выбараў” яму вядомыя яшчэ да абвяшчэньня даты “выбараў” – і гэта ёсьць сьвятая праўда нашай рэчаіснасьці,. Рэжым ведае, што гэта ня выбары і што ў выніку фарсу будзе чарговая “перамога” Лукашэнкі. Пра гэта ведаюць усе, але не здагадваюцца лідэры фантомнай “апазыцыі”. Дзіўны факт, калі ўлічыць, што яны гуляюць на палітычным полі на працягу дваццаці гадоў і наглядзеліся на папярэднія “перамогі” дыктатара.
Псэўдаапазыцыянэры ў чарговы раз высільваюцца, каб завабіць-загнаць беларусаў на выбарчыя ўчасткі і “сказать своё нет” (зарэгістравацца і кінуць свой бюлетэнь у урну). Іх падтрымліваюць высокія чыноўнікі з Нямеччыны і Эўразьвязу, якія настойліва падказваюць, што “трэба выстаўляць адзінага кандыдата”. За Лукашэнку актыўна ўзялася Масква. Накруцілі некалькі “крёстных отцов” і спрабуюць пераканаць наш народ, што “Масква зьмяніла свае адносіны да Лукашэнкі”. Гэты тэзіс актыўна падхапіла Радыё Свабода, якая паўтарае (праўда, не ў тытулах сваіх сюжэтаў): “Масква зьмяніла свае адносіны…” Маўляў, вось цяпер трэба ісьці на выбары і гэтым разам мы завалім дыктатара, бо ад яго адвярнулася Масква. Тым больш, што псэўдаапазыцыйныя кандыдаты навыперадкі прапагандуюць сябе як абраныя Крамлём будучыя прэзыдэнты (“сапраўдныя кандыдаты”), на якіх Масква ўрэшце зьменіць абрыдлага ўсім дыктатара. Не саромеюцца нават заяўляць, што карыстаюцца ў сваіх дзеяньнях грошамі Масквы.
Задача ў гэтых заганяльшчыкаў на “выбары” значна больш складаная, чым у папярэднія разы. Беларусы ўжо ўбачылі сілу народнага байкоту, людзі масава не пайшлі на два папярэдніх выбарчых шоў дыктатуры, байкатавалі і рэжым і ягоную псэўдаапазыцыю. Зь іх, іхных “нарадаў” і “сілаў” ужо сьмяюцца людзі, якія бачаць фальшывую сутнасьць гэтай публікі. А яны ўсё пра сваё, усё круцяць сваю шарманку з адной запіленай мэлёдыяй.
Яны сьпяшаюцца, бо атрымалі такіх загад (“распрацоўку”) ад сваіх заходніх і маскоўскіх працадаўцаў. Яны – на працы, гэта ёсьць іхная працоўная дысцыпліна: выконваць кантракт з чужымі Беларусі сіламі. На лёс Бацькаўшчыны ім напляваць. Яны намагаюцца ў чарговы раз падмануць наш народ разам з сваімі гаспадарамі.
Адказам нашага грамадзтва на фальшывую палітыку і электаральны падман павінен быць Народны Байкот. Ніхто на выбарчы фарс!
Янка Базыль