За 200 гадоў расейскай акупацыі беларусы наглядзеліся на маразм у расейскай арміі і на флёце ў часы вайны і міру. Гэта заўсёды дорага каштавала нашаму народу. Многія нашы мужчыны загінулі ў імпэрскім войску і засталіся інвалідамі нават без вайны. Падчас ваенных дзеяньняў ніхто з чалавечымі жыцьцямі ў расейскім войску ніколі не лічыўся. Цяпер, калі ў расейскую армію мабілізуюць толькі грамадзянаў РФ, расейскі вайсковы жах яшчэ больш паглыбіўся. Самы афіцэры імпэрыі прызнаюць, што без малодшых камандзёраў з Беларусі і Украіны армія перажывае развал. Інакш і быць ня можа, у крыміналізаванага расейскага грамадзтва можа быць толькі крыміналізаваная армія.
Звольненыя афіцэры часам кажуць праўду пра гэты развал (бо ўжо звольненыя). Але яны (як начальнік базы ў Каломне) неяк “забываюцца” удакладніць, што пажарныя тушылі катэджы, а не базу, таму што гэтыя катэджы належаць генэралам і адміралам. Ня трэба верыць таксама інфармацыі з мінабароны РФ аб тым, што там згарэла, маўляў, у асноўным састарэлая тэхніка. Праўду правальшчыкі ў залатых пагонах ніколі ня скажуць.
Якое шчасьце, што беларускія юнакі і мужчыны знаходзяцца па-за межамі гэтага ваеннага калапса! За 19 гадоў незалежнасьці наш народ захаваў тысячы і тысячы жыцьцяў беларускіх вайскоўцаў, якія ўжо ня служаць пад Масквой і па ўсёй Расеі. У нас ёсьць свая Айчына і свая армія, якую нам трэба мацаваць і рабіць паўнавартасна беларускай.
Пажарныя тушылі катэджы
Пажарныя, што прыехалі для тушэньня пажару на базу Ваенна-марскога флёту ў падмаскоўнай Каломне, спачатку ратавалі дарагія катэджы, а не маёмасьць Мінабароны. Пра гэта ў інтэрвію Life News расказаў былы камандзёр базы Віктар Бірант. Пасьля надзвычайнага здарэньня ён быў звольнены, зараз яму пагражае крымінальная адказнасьць.
Па словах Біранта, ён разам з матросамі і цывільным пэрсаналам базы на працягу дзесяці дзён змагаўся з агнём у лесе, бо ён падступаў да базы ўшчыльную. Пры гэтым Бірант ўвесь час дакладваў начальству аб сітуацыі, але ніякай дапамогі зьверху не дачакаўся. У выніку, у момант, калі агонь падыходзіў да базы плошчай у 115 га, усю яе тэрыторыю абаранялі крыху больш за 40 чалавек.
29 ліпеня пажарныя прыехалі толькі праз дзьве гадзіны пасьля выкліку. Пад ноч прыбыў намміністра абароны.
Версія, высунутая сьледствам, кардынальна адрозьніваецца ад расповеда Біранта. Сьледчыя ўстанавілі, што некаторыя аб’екты базы наогул не былі забясьпечаны сродкамі пажаратушэньня, а пажарныя машыны і іншыя тэхнічныя сродкі барацьбы з агнём не надаваліся да выкарыстаньня, паведамляе Газета.Ру. са спасылкай на прэс-службу ваеннай пракуратуры Маскоўскай ваеннай акругі. Акрамя таго, у межах супрацьпажарнай зоны нібыта знаходзілася сухая трава. Пры ўсіх гэтых парушэньнях, паводле версіі сьледства, адказныя асобы авіяцыі ВМФ зусім не вялі кантроль супрацьпажарнай бясьпекі базы. У ваеннай пракуратуры сьцьвярджаюць, што камандваньне надта доўга спрабавала даць рады з агнём сваімі сіламі і позна выклікала пажарных.
Гэтую затрымку экспэрты зьвязваюць з тым, што побач з базай разьмешчаны сакрэтны пункт сувязі, у выпадку пажару на якім шкода магла б быць значна большай.
Крыніца: http://grani.ru/Events/m.180511.html
Пераклад з расейскай