Антыбеларускі рэжым зьдзяйсьняе чарговае чарнобыльскае злачынства. У шэрагу раёнаў Магілеўшчыны і Гомельшчыны ўлады ліквідуюць шлагбаўмы на ўездах у атручаныя радыяцыяй раёны і заяўляюць, што гэтыя тэрыторыі “прыдатныя для вядзеньня сельскагаспадарчых работ”. Цяпер на атручанай зямлі будзе вырошчвацца атрутная прадукцыя для спажываньня насельніцтвам Беларусі.
Даўно вядома, што крымінальнік тэрарызіруе грамадзтва роўна столькі часу, колькі грамадзтва церпіць ягоны тэрор і не супраціўляецца. Насельніцтва Магілеўшчыны і Гомельшчыны церпіць і нават не пратэстуе. Людзі кажуць, што ўжо “да ўсяго прызвычаяліся”. Аднак, ня ўсе яны ведаюць, што ў гэтых двух вобласьцях Беларусі ёсьць самая высокая ў Эўропе сьмяротнасьць.
Рэжым разбурае агароджы там, дзе яны павінны стаяць і дзе павінны ахоўвацца тэрыторыі, каб не дапусьціць туды людзей, бо гэта небясьпечна для жыцьця і здароўя. Гэтае правіла тычыцца ня толькі экалогіі. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х лукашызм першай стадыі карцінна ліквідаваў у прысутнасьці Лукашэнкі, Чарнамырдзіна і тэлегрупаў дэкаратыўныя шлагбаўмы на беларуска-расейскай мяжы (дзе іх дарэчы ў постсавецкі час ніколі не было). Мяжы з дзікай і п’янай Расеяй у нашай Беларусі няма. Расейскія крымінальнікі і злодзеі свабодна курсіруюць паміж двума дзяржавамі.
На межах з цывілізаванымі суседнімі краінамі і ў цэлым з Заходняй Эўропай рэжым (разам з брусэльскай бюракратыяй і Масквой) робіць загароджы ўсё больш шчыльнымі. Беларусы ўжо забыліся, калі яны актыўна езьдзілі ў Польшчу і ратавалі свой сямейны бюжэт дробным і сярэднім бізнэсам. У заходніх кансулятах і амбасадах – чэргі цярплівых людзей, якія назьбіралі кучу даведак пра сябе і зьбіраюцца пераканаць чужую бюракратыю, што іх можна на кароткі час упусьціць на Захад. Многім з гэтых людзей груба адмаўляюць у выдачы візы. У Беларусь не прыязджае практычна ніхто. Найбольш актыўнымі ёсьць дзялкі з Турцыі і арабскіх краін, якія спадзяюцца правярнуць у нас свае праекты, як правіла разбуральныя для беларускай культуры і сацыяльнага парадку. Ізаляцыя ад цывілізаванага сьвету паступова становіцца нечым натуральным і прывычным, як гэта было ў савецкі час. Колькі яшчэ будзе працягвацца гэты маразм? Колькі яшчэ будуць цярпець яго беларусы?
Юрка Марозаў