Нават журналісты Радыё Свабоды (якія рэгулярна рэкламуюць дзейнасьць і дэкларацыі-заявы гэтай публікі) не ўтрымаліся ад іроніі ў тытуле матар’яла за 30 ліпеня – “З адзіным кандыдатам не дамовіліся. Узяліся за стратэгію перамогі”. Чаго вартыя цытаты з тэксту!
“Рада беларускай інтэлігенцыі на сваім найбліжэйшым паседжаньні 3 жніўня можа скласьці зь сябе паўнамоцтвы пасярэдніка ў вызначэньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад дэмакратычнай супольнасьці”.
Старшыня згаданай Рады Уладзімер Колас сказаў: “Мы не хаваем, што працэс ідзе далёка ня так, як хацелася б. І ёсьць вялікая занепакоенасьць тым, ці ён будзе завершаны, прынамсі своечасова…”
“А старшыня плянава-аналітычнай групы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Вацлаў Арэшка сёньня паведаміў “Свабодзе”, што літаральна днямі яго група перадасьць кіраўніцтву АДС “пераможную стратэгію выбараў”.
Кпіць з інтэлігенцыі лічыцца дурным тонам. Але зьдзіўляцца ёй і яе дзеяньням не забаронена ніякімі кодэксамі бонтону. Тым больш, што камэнтаваць даводзіцца не пакручасты лёс беларускіх творцаў, вясковых настаўнікаў, рамантыкаў і летуценьнікаў, што жывуць па ўсёй нашай краіне, а заявы і дзеяньні некалькіх сталічных асобаў з фантомнай “Рады”. Ім так хацелася быць пасярэднікамі ў працэсе выбарчай перамогі над Лукашэнкам і лукашызмам, а не выходзіла нічога. І цяпер нічога ня выйшла. Другі па чарзе фантом – “Аб’яднаныя дэмсілы” – не паддаецца ўплывам “Рады інтэлігенцыі”. Усё рассыпаецца. Ня могуць нават выставіць “адзінага”. Мілінкевіч ужо ня ў модзе, з Някляева і “Говорі правду” людзі шчыра сьмяюцца…
А колькі было шуму і гаму ў СМІ! Рады і нарады, дэкларацыі і рэзкія заявы… І вось атрымаўся суцэльны балаган. Толькі не здаецца на літасьць абставінаў Слава Арэшка, вядомы стратэг-аналітык. Ён пэўны час служыў па стратэгічна-аналітычнай лініі ў псэўда-БНФ В. Вячоркі. Калі Вячорку адставілі маладыя асобы ў галіфэ, сп. Арэшка не сумеўся, а пачаў рабіць стратэгію-аналітыку для ўсіх “аб’яднаных дэмсілаў”. І вось ён і ягоная група абяцаюць “сілам” перамогу. За такое не зашкодзіць уключыць Арэшку ўсьлед за вечным кандыдатам на нобэлеўскае лаўрэацтва А. Бяляцкім у гэты сусьветна складаемы сьпіс. Прапануем, аднак, сп. Арэшку не ў намінацыю “правы чалавека”, а ў графу “літаратура”. Маецца на ўвазе аўтарскае майстэрства ў жанры фантастыкі.
Праз пэўны час раскрыецца, хто сапраўды стаіць за гэтым электаральным арыгінальнічаньнем. Стане вядома, чаму “арыгіналы” так упарта цягнуць беларусаў на псэўдавыбары дыктатуры. Але ўжо і цяпер зразумела, што гэта ёсьць сумесны праект падману народа, які выконваюць разам антыбеларускі рэжым і ягоная прамаскоўская “апазыцыя” (для якой згаданая “перамога” і ёсьць перамога Лукашэнкі). Іх цалкам задавальняе гэты стан рэчаў. Лёс Бацькаўшчыны іх не цікавіць. Іхным уласным лёсам даўно ўжо зрабіўся грант.
На палітычны і электаральны афэрызм ёсьць выдатны сродак супраціву – байкот псэўдавыбарчага шоў. Ніхто на падманныя “выбары”!
Юрка Марозаў