Апошнімі днямі ў беларускіх СМІ зьявілася некалькі арыгінальных заяваў ад розных асобаў і груповак. А. Мілінкевіч заявіў, што подпісы за ягонае кандыдацтва ў прэзыдэнты будуць зьбіраць тры тысячы чалавек. Потым псэўда-БНФ начале з чалавекам у галіфэ Янукевічам паведаміў, што ў ягонай ініцыятыўнай групе пад кандыдата Кастусёва будуць працаваць 1300-1400 асобаў. Арыгінальным ёсьць тое, што такое рашэньне было прагаласавана на Сойме гэтай арганізацыі, на Сойме, які так і не адбыўся. Кворуму ініцыятыўшчыкі за нікому не вядомага кандыдата ў кандыдаты сп. Кастусёва так і не сабралі. І вымушаны былі назваць сваю сходку “соймавай нарадай”. Праўда, яны так і не паведамілі, а колькі ж асобаў сабралася для галасаваньня над такім “важным пытаньнем” – пяць, а можа дзесяць?
Тут не электаральная алгебра, а самая звычайная палітычная арыфмэтыка. Калі арганізацыя ня можа сабраць пару дзесяткаў асобаў з кіруючага воргану для прыняцьця нейкага важнага рашэньня, то значыць яе ўжо няма. Ёсьць шыльда, чарнільніца, зітц-старшыня, паведамленьні ў прэсе, шматслоўныя дакуманты (як у канторы “Рогі і капыты” Астапа Бэндэра), але арганізацыі і, самае галоўнае, нейкай яе дзейнасьці няма. Арганізатары “нарады” не раскрылі таямніцу, адкуль яны будуць набіраць сваіх 1300-1400 асобаў ініцыятыўнай групы. Зноў будуць завабліваць зборшчыкаў абяцанкамі “срубіть деньжат” па 50 цэнтаў за кожны подпіс? Дык у такім выпадку досьвед паказаў (і ня раз), што наёмныя зборшчыкі хватка падрабляюць подпісы грамадзянаў. Калі праводзіцца афіцыйная праверка, то аказваецца, што большасьць з падпісантаў – гэта “мёртвыя душы”. Тысячы людзей сьведчаць, што ні за каго не падпісваліся і нічога ня ведаюць пра кандыдата ад “Рагоў і капытаў”.
Многія людзі ўжо заўважылі, якія адкрытыя формы прыняў апошнім часам псэўдаапазыцыйны падман. Складваецца ўражаньне, што гэтыя асобы і групоўкі навыперадкі хочуць прадэманстраваць сваю фальшывую сутнасьць і сацыяльна-палітычную нікчэмнасьць.
Яны зноў цягнуць беларусаў на крымінальнае шоў рэжыму пад назовам “выбары”. Яны даказваюць, што трэба ўдзельнічаць у гэтым шоў, але і прызнаюць, што там ужо ўсё заранёў вырашана і вядома, што пераможцам будзе Лукашэнка. Яны абяцаюць выставіць легіёны падпісантаў і абходчыкаў кватэраў. Але ня могуць ужо нават сабрацца разам у сваім штабе. Сродкам на ўсю гэтую хлусьню і ганьбу можа быць толькі Народны Байкот выбарчага фарсу дыктатуры.
- Янка Базыль*