Памятаю Гомель пасьля аднаўленьня незалежнай Беларускай Дзяржавы ў 1991 годзе. Як паўсюдна там адчыняліся беларускія школы, арганізоўваліся конкурсы самадзейных беларускіх тэатраў, народнага мастацтва, сьпеваў. Настаўнікі (якія пачалі выкладаць школьную праграму па-беларуску) успамінаюць, як лёгка дзеці засвойвалі прадметы і пісалі, адказвалі на роднай мове. Усе гэтыя падзеі ў духоўным жыцьці Гомельшчыны радвалі і зьдзіўлялі. Усяго пару гадоў таму яны здавалі немагчымымі, настолькі моцна была ўкарэнена на нашым поўдне русіфікацыя. Калі б гэтыя жыцьцядайныя працэсы разьвіваліся на працягу наступных гадоў, то цяпер моладзь Гомельшчыны і яе культурнае жыцьцё выглядалі б зусім інакш. Пасьля прыходу да ўлады антыбеларускай рэакцыі ў 1994 годзе пачалося вынішчэньне ўсяго нацыянальнага і сьвятога. Беларускія школы былі разгромлены і заменены русіфікатарскімі канторамі правінцыйнай адукацыі, народная культура прыдушана і заменена дзікунствам расейскай папсы.
Імпэрская палітыка ў горадзе над Сожам прыняла больш агрэсіўныя формы, чым гэта было нават пры саветах. Абласная газэта “Гомельская праўда” (якая пры камуне дзесяцігоддзямі выходзіла па-беларуску) стала “русскоязычной газетой”, як і ўся правінцыйная тэле- і радыётарабаршчына. Бацькі мясцовых школьнікаў распавялі мне пра “бурную музэйную дзейнасьць” у мясцовых школах. Калі пачыналася размова, я думаў, што музэйшчыкі распавядаюць дзецям пра беларускую і сусьветную культуру, гісторыю, дасягненьні навукі і г.д. Не, прыслужнікі музаў распрацоўваюць толькі адну тэму: культуртрэгерства расейскіх акупантаў гомельскай зямлі. Яны выязджаюць у школы і наладжваюць лекцыі і сэмінары. Улюбеныя героі заняткаў з музэйшчыкамі – гэта Ірына Паскевіч (жонка ката Беларусі і Польшчы, генэрала і губэрнатара Мікалая І) і царыца Кацярына ІІ (сусьветна вядомая нямецкая путана на расейскім троне, пры якой была разгромлена наша Вялікая Літва). Яны, паводле расказаў музэйшчыкаў, усё “облагороділі”, усіх “просветілі”, “обласкалі почестямі”, “одухотворілі” і г.д. Заўважым, дзецям распавядаюць не пра беларускіх рэвалюцыянэраў, не пра нашу нацыянальную славу, а пра асобаў, да якіх нават у Расеі ёсьць выразнае крытычнае стаўленьне. Дзейнічае вядомы закон замоўчваньня ўласных нацыянальных каштоўнасьцяў, якія замяняюцца фальшывым расейскім сурагатам.
Яшчэ адна тэма – “велікая отечественная война”. З канца 1990-х у Гомелі дзейнічае склад савецкай ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам, які выдаецца за мясцовы гістарычны музэй. Гастралёры з гэтага музэя “воспоют славу” вялікаму палкаводцу Сталіну, савецкаму народу, “які вызваліў Беларусь”. І ўся гэтая інфармацыя будзе шчодра перасыпаная прапагандысцкімі фальшыўкамі, даўнімі і новымі выдумкамі пра тую вайну. Пра шматвекавую ваенную гісторыю Гомельшчыны ад гэтай імпэрскай чэлядзі не пачуеш. Яны не раскажуць, як князь Юры Радзівіл граміў маскоўцаў над Сожам, як у 1660 годзе гараджане Гомеля за адну ноч выбілі ўвесь акупацыйны 3-тысячны рускі гарнізон. Мэта чарговага этапа навязьлівага маскоўскага “культуртрэгерства” – адарваць беларусаў ад роднай гісторыі і культуры, нацыянальная і духоўная дэзарыентацыя перш за ўсё маладых людзей. Нават пры Хрушчове і Брэжняве не было такога сістэматычнага і прафэсійнага ўмяшальніцтва ў дзіцячыя душы. У школкі тады зрэдку завітвалі лектары з мясцовага планэтарыя, расказвалі пра космас. Любіць “дедушку Леніна” заклікалі ў асноўным сваімі сіламі: на ўроках, дадатковых занятках і ў піянэрскіх ды камсамольскіх ячэйках.
Бачна, што рэжым унутранай акупацыі ўзяўся за маладыя беларускія душы значна больш грунтоўна. Адчуваецца таксама, што акупанты сьпяшаюцца. Ім вельмі важна, каб іх, — забойцаў і зьнішчальнікаў Беларусі, — палюбілі беларусы. Каб платай за злачынствы, забойствы нашых людзей і разбурэньне нашай культуры была б халопская вернасьць русіфікатарскаму барыну і далёкай Маскве. Да таго ж досьвед і практыка паказваюць, што апантаная, іррацыянальная любоў да акупантаў заўсёды жыве разам з іррацыянальнай нянавісьцю да ўсяго свайго, роднага, нацыянальнага. І гэта зьяўляецца галоўным сэнсам нэакаланіялісцкай палітыкі ў Беларусі. Калі мы ня вырвем нашых дзяцей з дзікіх абдымкаў русіфікатараў, то наступствы для нацыі будуць яшчэ большыя, чым ад савецкай леніншчыны-сталіншчыны. Супраціўляцца акупантам трэба ўжо сёньня.
- Валеры Буйвал*