20 – я ўгодкі Дэклярацыі

27 ліпеня 2010 г.

Навіны

У нядзелю, 25-га ліпеня, сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ наведалі мясьціны Янкі Купалы ў гонар 20-й гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі. Як заўсёды ва ўрачыстыя дні, тут гучэлі гімны, разьвяваліся беларускія сьцягі.

У складзе групы прысутнічалі тры дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, якія належылі да парляманцкай Апазыцыі БНФ, удзельнічалі ў падрыхтоўцы тэксту Дэклярацыі і змагаліся за яе прыняцьце Вярхоўным Саветам. Гэта Юры Беленькі, Сяргей Папкоў, Мікалай Крыжаноўскі. Дэпутаты падзяліліся ўспамінамі аб тым, як прымалася Дэклярацыя, якія былі цяжкасьці на шляху яе прыняцьця і якую тактыку ўжывала Апазыцыя дзеля перамогі над камуністычна-намэнклятурнай бальшынёй Вярхоўнага Савета.

Тут жа прэзэнтавалася брашура Зянона Пазьняка “Дэклярацыя – першы крок да незалежнасьці”, якая толькі што выдадзена ў Варшаве і прымеркаваная да 20-годдзя прыняцьця Дэклярацыі.

Пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму Дзень прыняцьця Дэклярацыі аб суверэнітэце – 27 ліпеня – будзе шырока адзначацца ў Беларусі так, як гэта было да 1994 года.

*27. 07. 2010 г.Тамаш Ракса *