Такое бывала ў найноўшай гісторыі. Лівійскі дыктатар Муамар Кадафі сустракаў на аэрадроме агента мясцовых спэцслужбаў, якога выпусьцілі з брытанскай турмы. Дыктатар абдымаў і па-бацькоўску вітаў “героя”, ігралі аркестры, агенту ўручылі ордэн. Прымусілі пляскаць у ладкі ўсю краіну. Нагадаем, што гэты агент “праваліўся”, яго злавілі. Але ён выканаў заданьне дыктатуры: у 1988 годзе падклаў бомбу ў амэрыканскі пасажырскі самалёт, які выбухнуў і забіў шмат людзей у Локрбі ў Шатландыі. І адпусьлі яго з турмы на апошняй стадыі сьмяротнай хваробы, “з гуманітарных меркаваньняў”.
Тое, што паказвалі расейскія тэлеканалы 24-25 ліпеня, было супэрфарсам таго фарсу, што наладзіў Кадафі. Прэм’ер Пуцін сустрэўся з выдаленымі з ЗША фігурантамі шпіёнскага скандалу. Вышэйшая постаць ва ўрадзе РФ сустрэлася з праваленымі агентамі ФСБ, якія па прызнаньню амэрыканцаў, нічога не пасьпелі зрабіць супраць іхнай дзяржавы і знаходзіліся пад іхным назіраньнем з самага пачатку сваёй шпіёнскай місіі. Пуцін засьпяваў разам з правальшчыкамі савецкі хіт “С чего начінается родіна”. Потым Пуцін распавёў пра іхную размову. Цытуем на мове арыгіналу:”Мы говорили с ними о жизни. Пели, но не в караоке, а под живую музыку, пели «С чего начинается родина». Анна Чапмэн тоже пела”. Журналісты спыталіся, што будзе з праваленымі шпіёнамі. Пуцін адказаў: “Они будут работать. Уверен, что они будут работать на достойных местах. Уверен, что у них будет интересная и яркая жизнь”. І тут Пуцін ажывіўся, ягоны твар зазьзяў настальгічным сэнтымэнтам, ён гаварыў нібыта пра сябе самога, пра маладога гэбэшнага Шцірліца далёкіх 80-90-х гадоў, калі ён займаўся “любімым делом”. Цытуем: “Судьба у этих людей тяжёлая… Только представьте, во-первых нужно освоить язык на уровне родного, думать, говорить на нём. Выполнять то, что предписано заданием в интересах Родины в течение многих-многих лет, не рассчитывая на дипломатическое прикрытие, подвергая каждодневной опасности себя и своих близких, которые даже не знают о том, кем вы являетесь и чем занимаетесь…”
Кадафі – недарэка-аматар у параўнаньні з гэтым лубянскім прафэсіяналізмам. На такое здольныя толькі сістэмы савецкай загартоўкі (якія з патопленага ледакола ў 1937 годзе здолелі зрабіць усенароднае шоў пра “герояў-чалюскінцаў”). Ад лубянскага эпізода з харавымі сьпевамі патахае ці то маразмам, ці то інфантыльнай глупотай. Начальнік урада, які са сваёй групоўкай давёў Расею да глыбокага крызісу, сьпяваў разам з лакальнымі правальшчыкамі згаданага “заданія родіны”. Наколькі памятаем, то ў КГБ і ГРУ за правал заўсёды каралі (ды і ва ўсіх спэцслужбах сьвету). Што ж здарылася з новымі “чалюскінцамі”, чаму адбыўся ўвесь гэты песенны фэстываль няўдачнікаў з Пуціным?
Амэрыканцы на вачах усяго сьвету далі Лубянцы такую звонкую пстрычку па носе, што Масква дагэтуль ня можа прысьці ў сябе. Крамлёўская гэбельсаўшчына на розныя лады спрабавала замазаць гучны правал цэлай сеткі агентуры. То выстаўлялі агентку Аню ў якасьці сэкс-бомбы, то зноў рабілі зь яе Зою Касмадзем’янскую. Спачатку трактавалі злоўленую агентуру ў якасьці аматарскай гульні “у шпіёнаў”, а вось цяпер іх прымаюць на вышэйшым узроўні і зьбіраюцца даваць ганаровыя працоўныя месцы, абяцаюць “яркую жізнь”.
Мільёны людзей ва ўсім сьвеце адэкватна сьмяюцца з гэтых істэрычных эпізодаў. Мяркуем, што можна было б за вялікія грошы распаўсюдзіць у сьвеце дыск з запісам лубянскага хору правальшчыкаў (з прыпіскай “саліст В. Путін”). Але ў цэлым саму кантору, наладжаны ёю рэжым у Расеі і сотні тысячаў яе харыстаў ва ўсім сьвеце трэба ўспрымаць вельмі сур’ёзна і ведаць, на што яны здольныя.
*Юрка Марозаў *