Акт гістарычнай справядлівасьці

23 ліпеня 2010 г.

Навіны

21 ліпеня парлямант Грузіі прыняў пастанову, паводле якой у краіне будзе адзначацца Дзень савецкай акупацыі. Пастанова прынята на прапанову ўраду Грузіі. Цяпер мэмарыяльнымі мерапрыемствамі штогод будзе адзначацца дзень 25 лютага. 25 лютага 1921 года войскі маскоўскай камуны ўварваліся на тэрыторыю Грузіі і пачалі разгром незалежнай грузінскай дзяржавы, якая пазьней была ўключана ў склад СССР. У гэты дзень цяпер па ўсёй краіне будуць прыспушчаны дзяржаўныя сьцягі і абвешчана хвіліна маўчаньня. Урад таксама запрапанаваў адзначаць Дзень памяці ахвяраў таталітарызма 23 жніўня, у дзень падпісаньня ў 1939 годзе злачыннага пакту Сталіна-Гітлера (Молатава-Рыбэнтропа). Парлямант зацьвердзіў гэтую ініцыятыву.

У Грузіі разгортваецца ачышчэньне ад сталішчыны і знакаў савецка-расейскай акупацыі. У 2006 годзе ў Тбілісі быў адкрыты Музэй савецкай акупацыі. А нядаўна быў дэмантаваны помнік Сталіну “на родіне героя” у горадзе Горы. Цяпер на гэтым месцы будзе ўстаноўлены помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій і савецкай акупацыі.

Працэсы дэсталінізацыі і вяртаньня да гістарычнай праўды і справядлівасьці адбываюцца ў шэрагу постсавецкіх краінаў. У Беларусі (паводле ўзору лубянскай Расеі) назіраецца адваротнае. У экспазыцыях музэяў з піетэтам выстаўлены аб’екты сталіншчыны: “пісьмы трудзяшчыхся таварышу Сталіну”, графічныя і скульптурныя партрэты крамлёўскага тырана. Прапаганда лезе ў беларускую душу з усхваленьнем “сталінскай эпохі і яе перамог”. Праўда пра нашу гісторыю зноў загнаная ў кут і заменена тэатрам змрочных фальшывых ценяў.

Інакш і быць ня можа. Уладу ў Беларусі трымае групоўка лубянскіх васалаў, якія па-малпачаму паўтараюць усё гнюснае і ганебнае, што падае голас у імпэрскай Расеі. Вяртаньне гістарычнай справядлівасьці і нармалізацыя духоўнага жыцьця нашага народу магчымая толькі пасьля ліквідацыі гэтай антыбеларускай структуры і аднаўленьня паўнавартаснай незалежнасьці нашай краіны.

Янка Базыль