У псэўдаапазыцыі адбываецца “перадвыбарчая гонка”. Гэта нягледзячы на тое, што рашэньне аб правядзеньні выбараў (дакладней свайго “выбарчага шоў”) рэжым яшчэ не прызначыў. Нават Радыё Свабода прастадушна пытаецца ў тытуле свайго рэпартажу – “Навошта апазыцыянэры езьдзяць у Маскву?” І вось той, каго Свабода называе “патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі”, — Я. Раманчук, — таксама “прастадушна” кручана адказвае ім: “Бачна, што Крэмль хоча глыбей зразумець, хто ёсьць хто ў Беларусі, хто што прапануе. Таму мы гатовыя да таго, каб адказаць расейцам на ўсе іх пытаньні”.
Такая “прастадушнасьць” дорага б каштавала ня тое што прэзыдэнцкаму кандыдату, але і любому грамадзяніну любой дзяржавы ў сьвеце. Калі б гэты грамадзянін пачаў езьдзіць у іншую дзяржаву і нешта “прапанаваць” там у палітычным сэнсе і ад сябе, то яму лепш было б не вяртацца назад. Бо на мяжы яго павінны былі б сустрэць афіцыйныя асобы з санкцыяй пракурора і прад’явіць яму абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе. Ім бы займаліся супрацоўнікі службаў, якія адказваюць за бясьпеку канстытуцыйнага ладу і бясьпеку грамадзтва.
Але тав. Раманчук спакойна езьдзіць у Маскву, спакойна вяртаецца адтуль, як і тав. Саннікаў, Лебедько і шэраг іншых псэўдаапазыцыянэраў. Ім ня сорамна, ня страшна, іх ніхто ня возьме за “шкірку” (пакуль што). Яны даюць бравурныя інтэрв’ю, распавядаюць, як яны падабаюцца расейскім колам і якая Расея моцная і ўплывовая. Яны шукаюць там грошай і палітычнага арыенціру. Яны прапануюць сябе і свае паслугі крамлёўска-лубянскай імпэрыі. Дзяржаўныя здраднікі зрабілі сваю здраду адным з неад’емных элемэнтаў мясцовага псэўдаапазыцыйнага бонтону. Іх не бяруць пад мікіткі на мяжы, бо антыбеларускі рэжым займаецца тым жа, чым займаецца прамаскоўская псэўдаапазыцыя – яны навыперадкі прапануюць сябе імпэрскаму ворагу Беларусі ў якасьці лепшых выканаўцаў волі Крамля па эксплуатацыі і зьнішчэньню нашай краіны.
Такое магчыма толькі ў сістэме фэадальнага васалітэту. Так рабілі разанскія і маскоўскія князькі, калі навыперадкі езьдзілі ў Залатую Арду па ярлык на княжэньне. Так рабілі кандыдаты на султанскі фірман, якія езьдзілі ў Стамбул і кланяліся перад ворагам хрысьціянства. У імпэрскіх шатрах іх прыніжалі, зь іх зьдзекваліся, прымушалі скакаць праз вогнішча, цалаваць чаравікі начальства і г.д. Некаторым зь іх (хто “не прайшоў конкурс”) прысылалі гончыка з шоўкавым шнурком, каб кандыдат сам павесіўся.
Часы зьмяніліся, у крамлёўска-лубянскіх кулуарах ня паляць вогнішчаў і не прымушаюць кукарэкаць пеўнем. Там усе ў гарнітурах і кажуць кожнаму зь менскіх візыцёраў: “Мы обратили на вас внимание. Что вы можете предложить?” А гэтыя прапануюць толькі адно — абяцаюць, што будуць служыць Маскве лепш за Лукашэнку.
Нашым адказам на дзеяньні прыслужнікаў Масквы павінен быць Народны Байкот рэжымнага выбарчага спэктаклю. Беларусам трэба адвярнуцца ад гэтай залежнай публікі і і ня слухаць іхнага фальшывага гаварэньня. Яны ні на што ня здатныя як толькі хлусіць (“говоріть правду” па іхняй тэрміналёгіі) і гнуцца перад Масквой.
Янка Базыль