Новы этап зьнішчэньня беларусаў чарнобылем

23 ліпеня 2010 г.

Навіны

Многія СМІ сьвету паведамляюць пра чарговую рэжымную праграму, агучаную ў Беларусі. Маецца на ўвазе (на мове акупацыйнага рэжыму) “Государственная программа по преодолению последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС на 2011-2015 годы и на период до 2020 года”, якую 20 ліпеня прадстаўляў ураду РБ міністар па надзвычайных сытуацыях РБ Энвэр Барыеў. Як сказаў на паседжаньні Барыеў, “программа создаёт режим наибольшего благоприятствования как для социального, так и для экономического, промышленного развития регионов, пострадавших от катастрофы на ЧАЭС”. (Тав. Барыеў, аднак, не паведаміў, што зьбіраецца з сваёй сям’ёй накіравацца на пастаяннае пражываньне ў адзін з чарнобыльскіх раёнаў, дзе будзе арганізавана “наібольшее благопріятствованіе”).

Праграма абяцае “обеспеченіе жесткого радіаціонного контроля мест прожіванія і продуктов пітанія”. У гэты пункт праграмы можна верыць на 100%. Безумоўна, рэжым будзе зьбіраць статыстыку па атручаных радыяцыяй прадуктах і атручаных імі людзях. Далей лукашэнкаўскі міністар зачытаў з паперкі, што будзе “закрепление специалистов в пострадавших районах, есть новые подходы, так как Беларусь больше не нуждается в гуманитарной помощи…” Просім зьвярнуць увагу на цынізм праграмных выказваньняў тав. Барыева. Асабліва трэба быць уважлівымі выпускнікам нашых ВНУ і іншых спэцыяльных навучальных установаў. Рэжым будзе “закреплять” іх на атручаных землях, дзе ў прынцыпе не павінны знаходзіцца жывыя людзі.

У праграме вызначана “планов громадьё” па разьвіцьцю мяса-малочнай прамысловасьці ў чарнобыльскіх раёнах і вырошчваньню ў гэтым экалагічным кашмары сельска-гаспадарчых культур. Словазлучэньне “рэабілітацыя радыяцыі” у праграме не гучыць, але зразумела, што да сёньняшняй вялікай колькасьці атручаных радыяцыяй прадуктаў харчаваньня рэжым заплянаваў дадаць яшчэ большыя колькасьці. Уся Беларусь будзе завалена гэтай атрутай, небясьпечнай для здароўя і жыцьця людзей. А ўсё лепшае, якаснае, экалагічна чыстае рэжым будзе накіроўваць эшалёнамі ў Маскву.

Мяркуем, што рэжым не выпадкова падсунуў на гэты выступ засланага экзатычнага казачка Энвэра Барыева. У прынцыпе з такімі стратэгічнымі праграмамі павінен быў бы выступаць чыноўнік не ніжэйшы рангам за намесьніка прэм’ера краіны. Але, мабыць, ніхто не хацеў браць на сябе адказнасьць за агучваньне праграмы чарговага этапу чарнобыльскага экспэрымэнту над нашым народам. Міністар Энвэр заўсёды можа апэратыўна сабраць чымаданы і вярнуцца на сваю расейскую радзіму. А вось мясцовыя застануцца, каб адказваць за рэжымныя злачынствы. Але мясцовым ня ўдасца адкруціцца ад адказанасьці – наперадзе, працэс над арганізатарамі зьнішчэньня нашага народу.