Генсек кампартыі РФ (КПРФ) тав. Г. Зюганаў вельмі шчыра выказваўся на партыйным сайце 22 ліпеня. Як адкамэнтавала гэта беларуская рэдакцыя Радыё Свабода ў тытуле свайго матар’яла, “Расейскія камуністы абараняюць Лукашэнку”. Зюганаў папракае крамлёўскае начальства за “газавыя” і іншыя “войны”, за фільмы пра Лукашэнку і г.д. Ён зьдзіўляецца, як гэта такое магчыма, калі Беларусь зьяўляецца “самым надзейным стратэгічным партнёрам Расеі”. Ён ня можа зразумець, што ж такое адбываецца.
З свайго незразуменьня Зюганаў робіць наступныя высновы, цытуем: “Беларусь у гэтых умовах застаецца адзіным надзейным саюзьнікам нашай краіны на заходнім стратэгічным напрамку. Менавіта Беларусь забясьпечвае абарону расейскіх межаў на тым шляху, на якім спрадвеку на Маскву ішлі заваёўнікі. Гэта асабліва важна сёньня, калі ў выніку так званай ваеннай рэформы узброеныя сілы Расеі практычна разбураны”.
У прынцыпе гэты маналог паўтарае ў крыху іншых словах знакаміты тэзіс Лукашэнкі наконт таго, што “беларусы гатовы паміраць за Расею”. Адзін з палітычных лідэраў расейскага імпэрскага грамадзтва ў адкрытую заявіў, што расейская армія развалена і яе ў выпадку вайны павінна замяніць сабой армія беларуская, увесь беларускі народ, які сапраўды ня раз у мінулым выконваў самагубчую ролю абаронцы Масквы і яе інтарэсаў. Для Зюганава і іншых “гэта асабліва важна сёньня…” Беларусы зноў павінны закрываць сабой і сваёй зямлёй расейскую імпэрыю ў першым эшалёне абароны Масквы.
Акрамя гэтай антыбеларускай шчырасьці, у маналогу Зюганава адкрываецца яшчэ адна прыкметная тэндэнцыя расейска-беларускіх адносінаў. Пры ўсіх “лютых канфліктах” і пры ўсіх “войнах” паміж афіцыйнай Масквой і афіцыйным Менскам чамусьці (і гэта застаецца “незразумелым” Зюганаву) Расея працягвае ставіць свае ракеты на тэрыторыі Беларусі, уцягвае яе ў “мытны саюз”, рукамі згаданай Зюганавым расейскай алігархіі захоплівае беларускія прадрыемствы і банкі. Паміж сапраўднымі праціўнікамі, ва ўмовах сапраўдных эканамічных войнаў і палітычных канфліктаў асноўная дзейнасьць па захопу Беларусі была б прыпынена да канчатковага высьвятленьня адносінаў. Калі гэтая дзейнасьць працягваецца, то значыць, што “войны”, “канфлікты” і “фільмы пра хроснага бацьку” — усё гэта ёсьць несапраўдным, бутафорскім і фальшывым.
Тады навошта ўсё гэтае шумавіньне ў інфармацыйнай прасторы? Адказ просты. Калі б рэжым Лукашэнкі “не барахтаючыся” здаваў дзяржаўны сувэрэнітэт, заключаў разбуральныя для нашай краіны дамовы з Масквой, аддаваў маскоўскай алігархічнай бандзе нашую нацыянальную маёмасьць, то ўвесь сьвет адразу ж зразумеў бы – гэта васальны рэжым, сапраўдным гаспадаром у Беларусі зьяўляецца Масква, у Беларусі існуе рэжым унутранай акупацыі. Каб прыкрыць усё гэта, Масква з рэжымам у Менску наладжваюць час ад часу свае тэатральныя “войны” і “канфлікты”. І заўважце, пасьля кожнай “вайны” і кожнай істэрыкі Расея атрымлівае ўсё (і нават больш), чым яна патрабавала на пачатку.
Можа гэты крымінальны тэатр зьдзіўляе Зюганава, але ён не павінен зьдзіўляць беларусаў, у якіх хунта забірае Айчыну.
Янка Базыль