Каля 4.00 раніцы ў нядзелю 18 ліпеня ў горадзе Зэльва на Гарадзеншчыне адбылася сур’ёзная экалагічная аварыя. Загарэўся вялікі склад ядахімікатаў, у якім захоўваюцца атрутныя рэчывы з усяе Гарадзенскай вобласьці. Пажарныя каманды вялі барацьбу з агнём на працягу ўсяго дня нядзелі. У паветра адбываліся выкіды вельмі вялікай колькасьці атрутных рэчываў. Але ніхто не паведаміў жыхарам раённага горада і навакольных вёсак пра страшную небясьпеку іхнаму жыцьцю і здароўю. Няма ніякіх паведамленьняў дагэтуль, ужо пасьля ліквідацыі пажара. Як і ў няшчасны для Беларусі дзень Чарнобыльскай катастрофы ў красавіку 1986 года, людзі ня ведалі пра небясьпечнае здарэньне. Яны займаліся штодзённымі справамі, многія адпачывалі з дзецьмі на вадасховішчы. Калі б вецер дзьмуў ня ў бок лясоў (як гэта было ў дзень пажару), а на горад, то адбылася б вялікая бяда і пацярпела б шмат людзей. Але нават у гэтай сітуацыі людзі ў Зэльве надыхаліся шкодных вікідаў. Зараз многія адчуваюць пяршэньне ў горле і цяжкасьці з дыханьнем.
Пажарныя, якія ліквідавалі пажар, таксама адчуваюць пяршэньне ў горле і цяжкасьці з дыханьнем. Людзі зьвяртаюцца да гарадзкіх і раённых начальнікаў. Тыя адказваюць, што “нічога не здарылася, усё ў парадку”, і патрабуюць “не правакаваць панікі”. Гэта ёсьць відавочная спроба мясцовых прадстаўнікоў рэжыма (на загад галоўных кіраўнікоў рэжыма ў Менску) падмануць тысячы людзей і зняць з сябе адказнасьць.
Вядома, што расейскія мафіёзна-дзяржаўныя структуры распачалі пабудову камбіната па пераапрацоўцы шкодных і атрутных рэчываў у Пухавіцкім раёне непадалёк ад Менску. Калі падобная аварыя адбудзецца на такім камбінаце, могуць загінуць сотні тысчаў людзей (невыпадкова Расея ня хоча будаваць такія прадпрыемствы на сваёй тэрыторыі). Рэжым дамовіўся на будаўніцтва з расейскімі мафійнымі фірмамі і здушыў пратэстныя выступы мясцовага насельніцтва. Беларусы ўпэўнены, што гэта толькі пробны крок маскоўска-менскага рэжымнага хаўрусу. Пасьля пабудовы камбіната ў Пухавіцкім раёне, Расея пабудуе такія ж небясьпечныя камбінаты па ўсёй нашай краіне.
Дзеяньні ўладаў падчас і пасьля экалагічнай аварыі ў Зэльве неабходна кваліфікаваць як злачынныя. Прамаскоўскі рэжым яшчэ раз прадэманстраваў, як ён ставіцца да беларускага народу.
Янка Базыль