АБ ПАЛІТЫЧНЫМ І НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ПЕРАСЬЛЕДЗЕ СЯРГЕЯ КАВАЛЕНКІ

20 ліпеня 2010 г.

Навіны

Антыбеларускі рэжым вось ужо паўгода, груба парушаючы закон, жорстка перасьледуе па палітычных прычынах братоў Сяргея і Віталя Каываленкаў зь Віцебска за іх прыхільнасьць да беларускай культуры і да Беларускага Нацыянальнага Дзяржаўнага Сьцяга Рэспублікі Беларусь, зацьверджанага Вярхоўным Саветам 19-га верасьня 1991 года, тым Вярхоўным Саветам, які сцьвердзіў незалежнасьць краіны.

7-га студзеня 2010 года сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Сяргей Каваленка падняў Беларускі Нацыянальны Дзяржаўны Сьцяг на гарадзкой навагодняй ёлцы ў Віцебску. За гэта ён быў жорстка зьбіты міліцыяй (што зьяўляецца злачынствам з боку міліцыі, бо затрыманы не аказваў супраціўленьня). С. Каваленка быў асуджаны на тры гады ўмоўна. З той пары ўлады пастаянна, з поўным парушэньнем закона і права, беспрычынна арыштоўвалі, бяспраўна судзілі і саджалі Сяргея Каваленку пад арышт ужо каля дзясятка разоў толькі таму, каб Каваленка ня мог зноў узьняць у горадзе Беларускі Сьцяг.

Апошні раз 8-га ліпеня г.г. у 20 гадзін 50 хвілін міліцыя загарадзіла яму ўваход у дом, дзе ён жыве, і сілай на працягу дзесяці хвілінаў не дазваляла яму ўвайсьці ў дзьверы. Калі 10 хвілінаў мінула і настала 21-я гадзіна, міліцыянер склаў на яго пратакол аб вяртаньні дамоў пасьля 21-й гадзіны і аб парушэньні тым самым рэжыму ўмоўнага асуджэньня. Грамадзяніна Каваленку арыштавалі, адвезьлі ў пастарунак міліцыі і пасадзілі пад арышт на 10 сутак.

Каваленка аб’явіў галадоўку супраць цынічнага бяспраўя, разбою і гвалту ўлады. На працягу ўсіх 10-ці дзён галадоўкі Каваленку не дазвалялі перадаваць чыстую ваду і не выводзілі яго з камэры на сьвежае паветра, сьведама стараліся пагоршыць здароўе арыштаванага (ці дакладней – схопленага, бо Каваленка не зрабіў ніякага парушэньня).

Так беларусафобная ўлада перасьледуе беларуса за дэмакратычную дзейнасьць. Тут – неабгрунтаваная агрэсія ворганаў міліцыі і зьбіцьцё Сяргея Каваленкі, нематываваныя арышты і незаконныя судовыя прысуды, якія прыроўніваюцца да захопу закладніка; тут – злачынныя дзеяньні міліцыі па фабрыкацыі нібыта парушэньня рэжыму ўмоўна асуджаным С. Каваленкам і сплянаваныя дзеяньні ворганаў унутраных спраў, накіраваныя на пагаршэньне яго здароўя ў час знаходжаньня пад арыштам. Ворганы пракуратуры і пракурорскага нагляду не рэагуюць на парушэньне закону і злачынныя дзеяньні міліцыі.

Гэтая інфармацыя складзена для грамадзянскай супольнасьці Рэспублікі Беларусь і перададзена ў арганізацыю Міжнародная Амністыя.

19 ліпеня 2010 г. Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (Старшыня – З. Пазьняк)