(Заява)
Апошнім часам карпаратыўныя сваркі паміж маскоўскім Крамлём і ўзурпатарам улады ў Беларусі А. Лукашэнкам набылі абвостраны кшталт. Масква паказала ў сродках масавай інфармацыі крымінальныя справы Лукашэнкі і антынароднае аблічча свайго стаўленьніка, якое сама падтрымлівала і стварала цягам доўгіх гадоў. Лукашэнка ў сваю чаргу, насуперак усім сваім ранейшым выказваньням, раскрыў імпэрыялістычны зьмест расейскай палітыкі і заявіў, што больш ня будзе “біцца ілбом аб крамлёўскую сьцяну”.
Але ўсе гэтыя сваркі ёсьць блеф з абодвух бакоў, якія якраз у гэтыя дні дамаўляюцца аб устаноўцы расейскіх ракет С-400 на беларускай зямлі і за беларускі кошт. Крэмль дэманстратыўна палохае, цісьне і пагражае Лукашэнку стратай улады, каб прымусіць яго здаць маскоўцам беларускую маёмасьць і прыняць дыскрымінацыйныя ўмовы Масквы ў эканамічных адносінах.
Лукашэнка дэманстратыўна стаў ужываць у лексіцы слова “суверэнітэт” (які ён, быццам бы, абараняе) і называць маскоўцаў імпэрыялістамі, але пры гэтым нічога не зьмяняецца ва ўнутранай антыбеларускай палітыцы рэжыму, якая характарызуецца застоем у эканоміцы і прывязаннасьцю да Расеі, этнацыдам у вобласьці культуры і акупацыйнымі адносінамі да палітычна актыўнага беларускага насельніцтва.
Беларусаў, якія праяўляюць сябе як энтузіясты нацыянальнай культуры, і тых, хто ўдзельнічае ў выбарах і палітычных мерапрыемствах не на баку рэжыму, жорстка перасьледуюць, звальняюць з працы, скасоўваюць і не працягваюць працоўныя кантракты, запалохваюць, зьбіваюць і арыштоўваюць па прыдуманых абвінавачваньнях. Адбываецца перасьлед усяго беларускага па фармальных прыкметах (прыналежнасьць да беларушчыны, да беларускай культуры, мовы, традыцыяў і г. д.).
Тыповым і беларусафобскім прыкладам такога перасьледу зьяўляюцца рэпрэсіі і зьдзек над братамі Віталём і Сяргеем Каваленкамі зь Віцебска, якіх рэгулярна арыштоўваюць без прычыны і засуджваюць пад арышт з прэвентыўнымі мэтамі, мяркуючы, што браты могуць узьняць у горадзе Беларускі нацыянальны Сьцяг.
Беларускае грамадзтва, якое слухае цяпер прапагандысцкія выказваньні Лукашэнкі з крытыкай Масквы і крытыку ўзурпатара з боку Масквы, павінны разумець, што гэта ёсьць чарговая сварка саўдзельнікаў у рабунку і дзялёжцы маёмасьці народаў, канфлікт хаўрусьнікаў, якія зноў не падзялілі інтарэсы.
Рэальныя зьмены могуць пачацца толькі тады, калі ад улады ў Беларусі будзе адхілены нішчыцель нацыянальнай эканомікі і ўсяго беларускага — узурпатар Лукашэнка.
Шлях да пазбаўленьня ад узурпатара ляжыць праз байкот фальшывых прэзыдэнцкіх выбараў, у якіх Лукашэнка па закону ня мае права ўдзельнічаць.
Беларуская Салідарнасьць і сябры КХП – БНФ заклікаюць людзей не паддавацца на прапаганду перасвараных змоўшчыкаў зь Менску і Масквы. Усе – ЗА БАЙКОТ! Ніхто – на фальшывыя выбары! Лукашэнка не павінен удзельнічаць у выбарах. Узурпатар мусіць адыйсьці ад улады ў Беларусі!
Ініцыятыва Беларуская Салідарнасьць, 19 ліпеня 2010 г.Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (Старшыня – З. Пазьняк)