Пра такое марыць любы кінематаграфіст. Каб многія тысячы людзей бегалі зь копіямі ягонага кінапрадукта, усхвалявана дзяліліся між сабой уражаньнямі, тэлефанавалі сваім знаёмым і пыталіся: “А вы бачылі “Хроснага бацьку”?” Каб “магутныя інтэлекты” кшталту Шарамета давалі з Масквы грозныя камэнтары: зьбіраецца ці не зьбіраецца Крэмль мяняць Лукашэнку і што ўсё гэта значыць?
І сапраўды, што ўсё гэта значыць? Што значыць чарговая порцыя “кампраматаў” на тэму былых верных паплечнікаў Лукашэнкі, якія потым зрабіліся апазыцыяй і зьніклі? Група вядомых асобаў (Саньнікаў, Лебедько і інш.) нават паведамілі, шта напішуць зварот у ААН, патрабуючы, каб там была створана спэцкамісія па росшуку зьніклых (цікава, а чаму яны патрабуюць гэтага цяпер, а не 10 і больш гадоў таму, калі гэтыя асобы зьніклі?). Фільмы і заявы на адну і тую ж тэму – чаму усё гэта ўзьнікла менавіта цяпер?
Мяркуем, што гульня тут шматхадовая і праект мае некалькі частак. На паверхні ёсьць адкрытая сюжэтная лінія. Масква цісьне на свайго кліента, узурпатара прэзыдэнцкай улады ў Беларусі. Але дзіўным чынам Масква не называе яго ўзурпатарам, пазьбягаючы гэтай тэмы. Хаця гэты аргумант ёсьць найбольш юрыдычна абгрунтаваным – Лукашэнка не адзін раз сфальшаваў вынікі выбараў, груба парушыў законы і Канстытуцыю і ня мае права знаходзіцца пры ўладзе, а таксама ўдзельнічаць на выбарах. Усё астатняе трэба даказваць, але гэта даказваць ня трэба, яно відавочнае. Але Масква “не заўважае” гэтага галоўнага аргуманта крымінальнага характару рэжыму Лукашэнкі.
Тэарэтызаваць доўга і заблытана ў гэтым выпадку ня трэба. Прыхаваная сюжэтная лінія “фільмаў”, “заяваў у ААН” і іншага разьлічана на асацыятыўнае мысьленьне і пэўную нескладаную логіку разважаньняў (настолькі нескладаную, што любы цьвярозы грамадзянін здольны прайсьці гэтым лагічным шляхам і прыйсьці да высноваў, у якіх зацікаўлены арганізатары “лагічнага шляху” і “асацыятыўнага мысьленьня”). А высновы, да якіх яны будуць “асацыятыўна” падштурхоўваць беларусаў і нават міжнародную супольнасьць, сфармулююцца наступным чынам: “Таварышчы, герой фільмаў – крымінальнік і парушальнік, ненадзейны і невыносны, яму няма што рабіць пры ўладзе ў Беларусі. Прэч яго! І калі, таварышчы, настане час прэзыдэнцкіх выбараў, то ўсе мы, таварышчы, павінны пайсьці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць супраць яго. Супраць яго!” Лагічны акцэнт будзе рабіцца не на неабходнасьці “галасаваць за дэмакратаў” (Саннікава або каго яшчэ), не на жаданьні запоўніць месца галоўнага чыноўніка краіны нейкай новай асобай. Праз 16 гадоў пасьля чэрвеня-ліпеня 1994 года будзе зноў паўторана “волшебная формула” Масквы, распрацаваная ў імпэрскай сталіцы для тэмпэрамэнтных па-свойму беларусаў – “Абы ня Кебіч!” (гэтым разам – “Абы не Лукашэнка!”). Разагрэты фільмамі народ, на думку лубянскіх кінематаграфістаў, павінен (як і ў 1994-м) натоўпамі пасунуцца на выбарчыя ўчасткі ў дзень галасаваньня і электаральна ліквідаваць гэтым разам ня Кебіча, а няякаснага Лукашэнку. На самой справе натоўпы выбаршчыкаў арганізуюць масоўку для чрговай “элегантнай перамогі” Лукашэнкі.
Наіўнымі ёсьць ацэнкі тых, хто праглядаючы фільмы і назіраючы за “аанаўскімі манеўрамі” псэўдаапазыцыі, спадзяецца, што тыя хочуць паведаміць яму нейкую праўду і дапамагчы ў асабістым і агульнанацыянальным жыцьці. Гэта ёсьць агульны праект маскоўскага ворага Беларусі і ягоных мясцовых псэўдаапазыцыйных прыслужнікаў. Для іх галоўным ёсьць толькі адно – загнаць-завабіць як мага больш людзей на выбарчыя ўчасткі выбарчага шоў, у чарговы раз арганізаванага дыктатарам. Ім трэба любым коштам і любымі спосабамі стварыць масоўку на незаконных выбарах з удзелам узурпатара прэзыдэнцкай улады (якога яны так не называюць і зьвесткі пра гэта прыхоўваюць). Лабавы варыянт 2004-га года (“Іді і скажі ему НЕТ!”) ужо не праходзіць. У сувязі з гэтым кантора прыдумала свой “асацыятыўны”, але ня менш жульніцкі і антынародны ход. Адказам на сутаргавыя намаганьні Масквы і падпарадкаваных ёй шулераў загнаць беларусаў, як авечак, на дыктатарскія “выбары” павінен быць Народны Байкот выбарчага фарсу. Не дапусьцім нячыстай маніпуляцыі мільёнамі нашых людзей, якімі хочуць прыкрыць чарговую “элегантную перамогу” дыктатара! Ніхто на фальшывыя “выбары”, на якіх усё ўжо вызначана заранёў! Байкот прамаскоўскаму рэжыму, Маскве і іхнай псэўдаапазыцыі! Янка Базыль