Спэктакль ў самым разгары. Лукашэнка “сварыцца” з Крамлём, называе яго жыхароў імпэрыялістамі, Лубянка круціць разгромная фільмы пра Лукашэнку на НТВ, Лукашэнка братаецца з Саакашвілі, “капусьнік” у самым разгары (“нэнавыдят адын аднаво”…) А тым часам… Расея ставіць свае ракеты на беларускай зямлі.
І ня проста ставіць, а яшчэ й за нашыя грошы. Кожны беларус заплоціць з сваёй кішэні за абарону Масквы і за тое, што Беларусь стане полем боя і аб’ектам бамбардоўкі ў выпадку расейскага канфлікту на заходнім напрамку. Як вядома, у адпаведнасьці з дамовай паміж імпэрскай Масквой і Лукашэнкам войскі супрацьпаветранай абароны РБ ужо даволі даўно пераведзены ў падпарадкаваньне ваеннага міністэрства РФ і ўяўляюць сабой такзваны “першы эшалён” супрацьпаветранай абароны Масквы. Заўважым, што ў ваенны час першы і найбольш зьнішчальны ўдар праціўнік наносіць менавіта па “першым эшалёне”.
13 ліпеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што “Расея гатова забясьпечыць Беларусь сучаснымі зэнітна-ракетнымі комплексамі С-400”. Аб гэтым заявіў генэрал-палкоўнік А. Зелін, галоўнакамандуючы ваенна-паветранымі сіламі РФ. Зелін патлумачыў далей: “У нас жа з Менскам адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны. Калі Беларусь закупіць гэты комплекс, то натуральна, што мы яго ім паставім”. Начальнік ваенна-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны Беларусі генэрал-маёр Ігар Азаронак пацьвердзіў, што беларускі бок разглядае справу закупкі расейскага комплексу С-400.
Беларусь ўсё больш становіцца закладніцай палітыкі мілітарысцкай Расеі, якой кіруюць крамлёўска-лубянскія цынікі і цемрашалы (а іхныя загады выконваюць ўшчэнт крыміналізаваныя чыны). Наш народ не зьбіраецца ні з кім ваяваць на заходнім напрамку (ды і на іншых напрамках таксама). Задача сфармулявана, аднак, проста і дастаткова шчыра, самым Лукашэнкам: “Беларусы гатовы паміраць за Расею…”
У самых беларусаў ніхто, аднак, не спытаўся гатовы яны ці не. Больш таго, гэтым разам “рупар дэмакратыі”, — Радыё Свабода, — неяк не прыдала значэньня выказваньням маскоўскіх і менскіх генэралаў. У Рад. Свабода апошнімі днямі былі іншыя, “больш важныя” клопаты на ваенную тэму, якія засьцілі ўсё астатняе. Напрыклад, адбылася цэлая сэрыя паведамленьняў пра дзеяньне вядомага правакатара Кіма, які заклікаў людзей у Менску біцца падушкамі “у гонар 600-годдзя Грунвальдскай бітвы”.
Правакатара нават “арыштавалі” і “судзілі”, і далі яму аж 17,5 тысячаў рублёў штрафу. Былі і іншыя сюжэты на тэму грунвальдскай перамогі. Сюжэты вельмі дзіўныя і неадэкватныя. Проста і з годнасьцю выказаў сваю думку пра Грунвальд прафэсар Грыцкевіч. А вось розная інтэлектуальная драбяза выкарыстала юбілейны момант для таго, каб паёрнічаць, паарыгінальнічаць і нават выказаць сваё кухоннае “фэ” у адрас беларускіх рыцараў-пераможцаў.
Мяркуем, што ўсё гэта не выпадкова. Гэта ёсьць такі дробненьні, подленькі мазочак да скрыўленай карцінкі, на якой вораг Беларусі спрабуе адлюстраваць партрэт беларускай душы. Атрымаўся чарговы акт здушэньня беларускай волі да супраціву, волі, якая ў кожнага народу грунтуецца на пачуцьці гонару за даўнія бітвы і перамогі продкаў. Рэпарцёры запрапанавалі слухачам далучыцца да ёрнічаньня і хіхіканьня на тэму Грунвальда. Гэта ў той самы час, у дні юбілея бітвы, які велічна і з натхненьнем адзначалі ў краінах, нашчадках даўняй перамогі.
А можа спэцы ад журналістыкі не хацелі турбаваць насельніцтва пасярод сьпёкі і пляжнага сэзону? Няхай, маўляў, адпачываюць сабе спакойна, а тым часам гэбоўская Масква панаставіць на нашай зямлі, каля нашых гарадоў і вёсак сваіх ракетных комплексаў.
Юрка Марозаў