У Расеі разгараецца чарговы скандал на янычарскую тэму. Дакладней, выйшла ў сьвет чарговая сэрыя янычарскага сэрыялу. Нагадаем, што крывавы сэрыял распачаўся ў 1994 годзе, калі Масква распачала сваю агрэсію супраць Чачэніі. У лістападзе-сьнежні 1994–га ня ўсе чачэнцы баранілі сваю дзяржаву, якая абвясьціла незалежнасьць ад імпэрскай Расеі. Частка зь іх пайшла па склізкай сьцяжыне янычарства і нацыянальнай здары – як заўсёды спакусіўшыся на абяцанкі акупантаў аддаць ім уладу над уласным народам і даць магчымасьць узбагаціцца. Аднак, ужо з першых імгненьняў расейскага нашэсьця акупанты паказалі, дзе ёсьць месца здраднікаў нацыянальнай справы і прыслужнікаў ворага нацыі. Сярод першых тэлерэпартажоў з месца агрэсіі беларусам запомніўся адзін (які ніколі больш не паўтаралі). На экране дэманстраваўся рух танкавых калён, якія рваліся на Грозны, а ў эфіры немым крыкам крычаў адзін з начальнікаў здраднікаў. Ён сьцьвярджаў, што “ў некалькіх месцах на ўзбочыну дарогі выйшлі ягоныя людзі, якія віталі рускіх вызваліцеляў”. А “вызваліцелі”, убачыўшы “ліц кавказкой національності” ды яшчэ с зброяй, на ўсялякі выпадак далі ім па нагах з аўтаматаў. З павітаньня атрымаўся непрыемны пшык з групай інвалідаў.
За гады чачэнскіх войнаў такіх эпізодаў было вельмі шмат. Расейцы навучыліся не давяраць нават самым правераным мясцовым здраднікам і ўзялі манеру час ад часу ліквідаваць іх (як яны ліквідавалі колькі гадоў таму сваёго васальнага “прэзыдэнта” Чачэніі Кадырава-старэйшага). І ў прынцыпе не давяраюць яны гэтай публіцы абсалютна слушна. Той, хто здрадзіў свайму народу, лёгка здрадзіць новаму гаспадару. У газэце “Московскій комсомолец” 15 ліпеня сёлета зьявіўся артыкул пад тытулам “Предателі по оружію”. Апісваецца карніцкая акцыя 4 лютага 2010 г., якую праводзілі ў Чачэніі расейскія акупанты (ОМОН з Башкірыі) і атрад “Север” з чачэнскіх кадыраўскіх янычараў.
Бой супраць партызан быў прайграны. Загінулі пяцёра башкірскіх амонаў з расейскімі ў асноўным прозьвішчамі. Аказалася, што калі яны асьцярожна падбіраліся да партызанаў, іх выдалі крыкамі “Алаху акбар!” іхныя васалы з “Севера”. Партызаны сустрэлі карнікаў сьвінцом. Але цікава, што ў трупах амонаў былі знойдзены кулі ад зброі, якая ёсьць на ўзбраеньні толькі ў атрада “Север”. Гэта значыць, што разам з партызанамі па акупантах стралялі тыя, хто павінен быў змагацца супраць іх. Справу ўдалося замяць на некалькі месяцаў, але яна ўсяроўна вылезла. Цяпер пачынаецца яе рассьледваньне. Расейскія амоны пакляліся адпомсьціць “Северу” за сьмерць сваіх. Помста і нянавісьць становяцца ўсё больш заблытанымі там, куды прышлі імпэрскія акупанты.
У Маскве добра ведаюць пра ўсё гэта. Менавіта таму сёлета Масква зрабіла ўсё, каб утварыць “міжнародныя сілы”, якія можна пасылаць у былыя савецкія краіны дзеля “навядзеньня канстытуцыйнага парадку і барацьбы з тэрарызмам” (як яны гэта робяць, мы добра пабачылі ў Чачэніі). Вядома, што амаль цалкам гэтыя “сілы” мяркуецца скласьці з расейскіх галаварэзаў, якія будуць “бороться за мір” як умеюць. У гэты незаконны хаўрус уключана і наша Беларусь. Імпэрыя не давярае ні нацыянальным арміям краінаў СНД, ні паліцыям, ні нават КГБ РБ. Нягледзячы на тое, што палкоўніцкія-генэральскія кар’еры на беларускім гарбу робяць у асноўным прыбышы з расейскімі і экзатычнымі прозьвішчамі. Як бы там ні было, абсалютную большасьць у гэтых структурах складаюць беларусы.
Маскоўскага даверу няма і ня будзе – а як раптам пачнуць страляць па акупантах? Масква зьбіраецца ратаваць свае пазыцыі і сваіх васалаў з дапамогай уласных граміл. Але нічога, акрамя справядлівага гневу і справядлівай нянавісьці, гэта ў народаў ня выкліча. Ды й ня будзе каму бараніць Маскву ў выпадку чаго (напрыклад, калі кітайцы пачнуць захоп Сібіры). На гэты выпадак, мяркуем, ёсьць у Крамлі праект пераносу сталіцы назад у Кіеў (“мать городов русскіх”). Але ня пусьцяць украінцы на сваю зямлю ворагаў чалавецтва. Ня пусьцяць і беларусы.
Янка Базыль