(Ліпеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)
11 ліпеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм пачаўся з хвіліны маўчаньня ў памяць памерлай Маргарыты Ермалаеўны Палачанінай, аднаго з старэйшых прадстаўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху.
Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Апошні правал лубянскай агентуры ў ЗША яшчэ раз пацьвердзіў, што Расея не жадае цывілізаванага суіснаваньня з дэмакратычнымі краінамі і сама не імкнецца да дэмакратыі. Дарэчы пра ўсё гэта беларускія патрыёты папярэджвалі заходнія грамадзтвы і палітычныя эліты ўжо 15-20 гадоў таму. Але вельмі часта адказам на беларускія папярэджваньні быў скепсіс і легкадумныя ўсьмешкі. Спадзяемся, што цяпер заходнія дэмакратыі шмат што зразумеюць лепш і будуць ставіцца да праблемы больш сур’ёзна. ***Заходняя сьвядомасьць сапраўды няздольная зразумець прыроду і спосаб мысьленьня гэбізма, які разьвіваецца ў Расеі ў якасьці імпэрскай філасофіі і сацыяльна-палітычнай практыкі ўнутры імпэрыі і па-за яе межамі. ***
У сталіцы і ў рэгіёнах працягваецца шоў псэўдаапазыцыі пад лёзунгам “Выбараў няма і мы будзем у іх удзельнічаць” (што непаўторна было сфармулявана Мілінкевічам). У Менску праведзены “зьезд” з удзелам 11-13 дэлегатаў (такзваная “Маладая Беларусь” начале з Фінькевічам), дзе заяўлена, што яны будуць падтрымліваць на выбарах Мілінкевіча. Працягваецца рэклама ў СМІ русіфікатарскай кампаніі “Говорі правду” і яе хлусьлівых справаў. Колькасьць “кандыдатаў” на “прэзыдэнцкія выбары” расьце. Пад гэты шум выдае сваю “статыстыку” вядомы сваёй фальшывасьцю “інстытут Манаева”, які сьцьвярджае, што за Лукашэнку сёньня гатовыя галасаваць больш за 50% выбаршчыкаў. Тэатр псэўдаапазыцыйных ценяў працягвае свой спэктакль паводле лубянскага сцэнару. Мы павінны тлумачыць людзям неабходнасьць Народнага Байкоту псэўдавыбараў, каб грантаўскія жулікі разам з антыбеларускім рэжымам не выкарысталі нашых людзей у сваіх інтарэсах.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Гарадзенскія сябры паведамілі пра апошні “подзьвіг” падстаўных з “Говорі правду”. Някляеў разам з генэралам Фраловым і такімі ж асобамі прыехалі ў Ліду. Там іх сустрэлі людзі, якія ў апошнія месяцы пратэстуюць супраць пабудовы побач з жылымі кварталамі вялікага хімічнага камбіната з шкоднай вытворчасьцю.*** Людзі прынесьлі “говоряшчім правду” 2000 подпісаў, сабраных у Лідзе супраць пабудовы камбіната, і папрасілі дапамагчы. “Говоряшчіе правду” па-свойму “дапамаглі”: аднесьлі падпісныя лісты ў гарвыканкам, дзе подпісы зьніклі назаўсёды.*** І так адбываецца з кожнай акцыяй, заяўленай грантаўскімі псэўдаарганізацыямі – атрымліваецца толькі прафанацыя і абсурд. Але, як бачым, ёсьць яшчэ даверлівыя людзі, гатовыя паверыць фальшывым. Неабходна дапамагаць людзям разабрацца ў гэтай антынароднай гульні, каб беларусы байкатавалі рэжым і прысьцёбнутую да яго псэўдаапазыцыю. Сойм разглядзеў мерапрыемствы па арганізацыі Народнага Байкоту.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 11 ліпеня 2010 г.