Раніцай 14 ліпеня на БТ у чарговы раз апэлявалі да “гражданской сознательності”. Цяпер заклікі гучалі на тэму спонсарства для музэяў Беларусі, у прыватнасьці для Нацыянальнага музэя гісторыі і культуры РБ у Менску. Маўляў, ужо цэлы год музэй ня можа купіць па-майстэрску выкананыя строі паводле ўзораў эпохі Рэнесансу. На экране паказалі майстрыху, якая займаецца гэтым мастацтвам, і яе цудоўныя творы, якія ўпрыгожылі б любую экспазыцыю. І нагадалі, што яна ўжо атрымала вельмі спакушальныя прапановы з-замяжы. У музэя няма грошай на пакупку новых экспанатаў, няма грошай у прынцыпе ні на што. Ва ўсіх беларускіх музэях.
У цывілізаваным сьвеце дзяржаўныя музэі і тэатры не жывуць па законах самаакупаемасьці. Перад імі ніхто ня ставіць гэтую невыканальную задачу. Музэй – адно з апірышчаў духоўнасьці нацыі, скарбонка нацыянальнага багацьця (нават калі ў ім не захоўваецца золата). Музэі карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі і ніхто ў сьвеце не задае пытаньні на гэтую тэму. Так было заўсёды.
Беларускія музэі па ўсёй краіне знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане, асабліва па-за межамі сталіцы. Мізэрнага дзяржаўнага ўтрыманьня не стае на самае неабходнае. Музэйныя спэцыялісты (сярод якіх вельмі шмат выдатных навукоўцаў эўрапейскага ўзроўню) маюць жабрацкія заробкі. Абрыдла слухаць, як ім выказваюць камплімэнты пра тое, якія яны “бессребренікі” і “энтузіасты”. Многія з будынкаў патрабуюць рамонту. Некаторыя экспазыцыі і цэлыя музэі (як, напрыклад, у Гальшанах) зачыняюцца назаўсёды, бо іхнае фінансаваньне спынена. Калі паглядзець на гладкія фізіяноміі чыноўнікаў мінкультуры РБ і паслухаць іхныя аптымістычныя прамовы пра “росквіт культуры пры Лукашэнку”, то можна і не здагадацца, што ў музэйнай справе адбываецца крызіс.
Пры чым, крызіс ня толькі фінансавы. Адразу пасьля аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе ў беларускіх музэях былі зьменены экспазыцыі. Экспанаты з беларускай гісторыі і культуры занялі ў экспазыцыях галоўныя месцы і пацясьнілі леніных ды “калгасную славу”. Адчуваўся сапраўдны ўздым музэйнай справы, якая ўпершыню за вельмі доўгія часы служыла нашаму народу, а не чужой ідэалогіі і імпэрыі. З разьвіцьцём і ўкараненьнем лукашызма мяняліся дзяржаўныя прыярытэты. Культурай сталі называць нікому не патрэбныя “лядовыя палацы”, “Чупа-чупс” (комплекс з нацбібліятэкі, масажных кабінэтаў, рэстарана, парылкі, лазьні і нечага яшчэ), падземны ўнівермаг на пл. Незалежнасьці. Пачалі дабудоўваць скульптуры ў сталінскім стылі, не дабудаваныя ў сталінскую эпоху (на будынку Вялікага тэатру ў Менску, на будынках “Менскай брамы” на прывакзальнай плошчы). Адным з сымвалаў эпохі фальшывага гістарызма ёсьць “лінія Сталіна”. Зразумела, што на беларускія музэі ва ўмовах такога варварства грошай няма.
У экспазыцыях пачалося нашэсьце “русскості”, царызма і сапраўднага махровага сталінізма. Там, дзе раней сьвяціліся Ленін і бальшавікі, цяпер вісяць партрэты расейскіх цароў і іхных сатрапаў (маўляў, яны “нашы” і “аблагародзілі Беларусь”). У цэнтры адной з заляў Барысаўскага краязнаўчага музэя вісіць “Пісьмо таварышу Сталіну ад беларускіх працоўных” 1938 года, на якое глядзець нават брыдка, ня тое што чытаць. Пра тэрор расейскіх акупантаў на Барысаўшчыне – аніслова. І так паўсюль. Беларусаў у чарговы раз спрабуюць абуць у лапці і прымусіць пакланяцца акупантам і забойцам нашага народу. Цяжка ўявіць, каб на экспазыцыі якога-небудзь расейскага музэя быў куток, прысьвечаны культурастваральнай дзейнасьці хана Батыя або нават Карла ХІІ з Напалеёнам. У нас акупанцкія структуры прышчэпліваюць менавіта такія дзікія стэрэатыпы.
Але ад усяго гэтага цемрашальства, акрамя прыкрасьці на душы, ёсьць яшчэ адно ўражаньне. Адчуваецца, што ўсе гэтыя вурдалакі і фантамасы на музэйных экспазыцыях – нетрывалы матэр’ял, як і рэжым, што спарадзіў іх. Уся гэтая “чарнуха” растварыцца і зьнікне, як толькі на Беларусь пральецца сьвятло вызваленьня. З кукарэканьнем пеўніка скончыцца гэты зацяжны кашмар, што душыць нашу культуру і цывілізацыю. А цароў, сталіных і іншае сьмецьце можна будзе бясплатна вярнуць у Маскву.
- Валеры Буйвал*