Украінскія патрыёты супраціўляюцца музэйнай фальсіфікацыі

15 ліпеня 2010 г.

Навіны

Украінскія кампартыйцы пачалі крыклівую кампанію, спрабуючы дамагчыся закрыцьця экспазыцыі ў Кіеве, прысьвечанай Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў – Украінскай паўстанцкай арміі. ОУН-УПА змагалася за незалежную Украіну супраць немцаў, расейцаў і палякаў. Менавіта за гэта народная памяць аб ёй не дае спакою агентуры Масквы. Як бачым, дзе толькі пачынаецца антынацыянальны рэванш і ўсталёўваецца васальны рэжым Масквы, адразу разгортваецца барацьба за музэйную праўду супраць рэжымнай фальсіфікацыі. Беларусы ўжо на поўніцу прайшлі гэты “курс гісторыі”, арганізаваны на нашай зямлі чужынскай псэўданавукай і рэжымнай гэбельсаўшчынай. Захады антынацыянальнай групоўкі, якая прышла да ўлады ва Украіне, дакладна паўтараюць дзеяньні яе менскіх папярэднікаў. Публікуем артыкул, прысьвечаны гэтым падзеям, з сайта партыі “Наша Украіна”.


Патрыятычныя сілы не дазволяць камуністам закрыць экспазыцыю пра ОУН-УПА

Народны дэпутат ад “Нашай Украіны” Андрій Парубій назваў злачыннымі намаганьні камуністаў закрыць экспазыцыю пра ОУН-УПА ў Нацыянальным музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Адначасова дэпутат ня бачыць нічога дзіўнага ў тым, што сёньня камуністычная партыя актывізавала свае дзеяньні і нават насьмелілася ўзьняць такое пытаньне. “З таго моманту, як прэзыдэнтам стаў Віктар Януковіч, на жаль, мы ўбачылі, што ва Украіне адбываецца адыход ад уласнай украінскай гісторыі, яе перагляд, спроба навязаць бачаньне нашай мінуўшчыны не вачыма ўкраінцаў, а вачыма ідэолагаў Савецкага Саюза”, — падкрэсьліў ён.

Парубій заявіў, што пад “апекай” Януковіча камуністы, фактычна ня маючы ніякой электаральнай падтрымкі, навязваюць грамадзтву псэўда-ідэі і псэўда-каштоўнасьці. Ён нагадаў пра ўстаноўку ў Запарожжы помніка Сталіну – “чалавеку, які ўкраінскім судом быў асуджаны за арганізацыю Галадамору 32-33 гадоў і зьнішчэньне мільёнаў украінцаў”.

Па словах дэпутата, гэта сёньня ёсьць надзвычай трывожным сігналам як для Украіны, так і для ўсіх эўрапейскіх дзяржаваў. Парубій заўважыў, што цяпер ні ў воднай эўрапейскай краіне няма пры ўладзе камуністычнай партыі. Наадварот, міжнароднымі аўтарытэтнымі структурамі камуністычная ідэалогія прызнана злачыннай і такой, якая супярэчыць эўрапейскаму цывілізацыйнаму выбару.

Таму дэпутат перакананы, што сёньняшнія тэндэнцыі ва Украіне могуць мець надзвычай адмоўныя наступствы і для самой уладнай кааліцыі і для Януковіча асабіста. “Гэта можа прывесьці да ізаляцыі Украіны. Гэта таксама можа выклікаць рашучы адпор украінцаў, якія ў 1990 годзе абвясьцілі ўкраінскую дзяржаву, у значнай ступені базуючыся на антыкамуністычных лозунгах і намагаючыся вымесьці з Украіны чалавеканенавісьніцкую камуністычную ідэалогію”, — падкрэсьліў Парубій.

Крыніца: http://www.razom.org.ua/news/8840

(Пераклад з украінскай)