Фальшыўка ў дзеяньні

10 ліпеня 2010 г.

Навіны

З прэтэнзіяй на сэнсацыю “незалежныя” і “дэмакратычныя” СМІ паведамілі днямі пра раскраданьне “інтэлектуальнай маёмасьці” кампаніі “Говорі правду”. Інфармацыя павінна ўражваць нас лічбамі і драматычнымі абставінамі. У нейкай кватэры, з капоту нейкага аўтамабіля і яшчэ аднекуль невядомыя скралі подпісы нібыта сабраныя “говоряшчімі правду” за апошні час дзеля найменаваньня вуліцы Васіля Быкава ў сталіцы. Агульная лічба сабраных подпісаў – 100 тысячаў.

Можа каго-небудзь і ўразілі лічбы і абставіны, але толькі не беларусаў, якія раней удзельнічалі ў масавых зборах подпісаў пад эгідай Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Патрыёты ведаюць, што для таго, каб сабраць сто тысячаў подпісаў (каласальная колькасьць, улічваючы аўтарытарны антызаконны рэжым у краіне), неабходная ахвярная і выдатна арганізаваная праца цэлай арміі зброшчыкаў. Зборшчыкаў, якія будуць хадзіць па кватэрах, зьбіраць подпісы на вуліцах і плошчах, і рабіць гэта на працягу ня менш як чатырох тыдняў (а хутчэй за ўсё значна даўжэй).

Хлусы з хлусьлівай “Говорі правду” нідзе і нічога не зьбіралі, нідзе не стаялі і нікуды не хадзілі. Іх ніхто і нідзе не заўважыў у працэсе збору подпісаў. Іхная прэтэнзія на зварот да грамадзтва – гэта банальны фантом умельцаў “срубать гранты” (гэтае рамяство мае ўжо сваю традыцыю ў найноўшай Беларусі). Заўважым таксама, што калі б здарылася немагчымае і фантастычнае і “говоряшчіе правду” нейкім віртуальным чынам раптам скалацілі б сацыяльны капітал у сто тысячаў подпісаў нашых грамадзянаў, то гэты капітал яны захоўвалі б не ў капотах пакінутых на вуліцы аўтамабіляў, а пад падушкай (як грантаўскую сьвятыню). Яны б трэсьліся над гэтым віртуальным цудам, люлялі б яго і песьцілі. Калі ж яны раскідалі свой “віртуал” па такіх несалідных месцах, то выснова можа быць адна – “говоряшчіе правду” кажуць грамадзтву і грантадаўцам грубую няпраўду.

У Менску апошнім часам мы ўбачылі некалькі асобаў, апранутых у маечкі з лагатыпам “Гавары праўду” (па-беларуску). На іхных фізіяноміях напісаны выраз барыкаднай апазыцыйнасьці, яны нясуць сябе з пыхай альтэрнатывы рэжыму. Але дарослыя людзі павінны меркаваць аб дзеячах не па лагатыпах і славесных фармулёўках, а па іхных справах. Іхныя справы – жульніцкі падман нашага стомленага рэжымнай няпраўнай грамадзтва.