Расейская імпэрыя. Факты і падзеі №4

8 ліпеня 2010 г.

Навіны

6 ліпеня ўлады італьянскага курортнага мястэчка Фортэ-дэ-Мармі абвясьцілі аб сваім рашэньні забараніць прадаваць жыльлё і іншую нерухомасьць грамадзянам Расеі. Мэр мястэчка Умбэрта Бураці патлумачыў, што з-за наплыву расейцаў штучна ўзьвінціліся кошты на нерухомасьць, і італьянскія грамадзяне ўжо ня могуць дазволіць сябе набываць жыльлё на сваёй зямлі. Раней у мястэчку любілі жыць і адпачываць вядомыя італьянскія акцёры, літаратары і грамадзкія дзеячы. Як толькі Фортэ-дэ-Мармі запоўнілася расейцамі, італьянская эліта пачала шукаць новага прытулку на роднай зямлі. Да таго ж, расейцы дыктуюць свае густы будаўнікам і садоўнікам. У выніку старажытнае мястэчка пачало губляць свой непаўторны выгляд. Паўсюль растуць вілы і муры расейшчыны, якая паводзіць сябе, як на сваёй Рублёўцы. Правінцыйныя італьянцы ўжо стаміліся. Хто наступны?

З новага навучальнага году ў грузінскіх школах на ўроках гісторыі настаўнікі і вучні будуць карыстацца новым навучальным дапаможнікам пад тытулам “200 гадоў расейскай акупацыі”. Навукоўцы выклалі ў кнізе факты расейскіх злачынстваў у Грузіі з 1801 года (калі Павел І “прыняў Грузію ў Расею”) па сёньняшні дзень. Грузінская моладзь будзе ведаць праўду пра зьверствы акупантаў на роднай зямлі.

Многія людзі ва ўсім сьвеце заўважылі, што пасьля некалькіх дзён панікі ў асяроддзі маскоўскага вышэйшага начальства пасьля арышту расейскіх шпіёнаў у ЗША крамлёўцы-лубянцы пачалі распрацоўку новага сцэнару. Цяпер яны ўсімі сіламі імкнуцца выставіць сваю праваленую агентуру як нешта несур’ёзнае, амаль камічнае, што не заслугоўвае сур’ёзнага аналізу і сур’ёзных адносінаў да тэмы. У цэнтар штучнага лубянскага вадэвіля высунута маладая гэбоўка Эн Чэпмэн. Лубянцы паспрабавалі выставіць яе ў якасьці нейкай сэкс-мадэлі і распаўсюдзілі ў СМІ па ўсім сьвеце яе рэкламныя фота. 7-8 ліпеня па міжнароднаму тэлеканалу “Эўраньюс” выступіла мадам, якая прадставілася маці агенткі Ані Чапман. Яна казала, зьвяртаючыся да тэлегледачоў: “Я тоже мама і мне обідно відеть такіе фото своей дочері. Кто дал право? Я протестую…” Сэнтымэнтальная сцэна была пастаўлена даволі прафэсійна. Хацелася б, аднак, паслухаць, што скажа на тэму татка агенткі Ані – высокі афіцэр ФСБ, вядомы сваёй дзейнасьцю ў Афрыцы. Вось такі лубянскі сямейны падрад і нават дынастыя.

Раніцай 8 ліпеня ў паўднёва-заходняй частцы Эстоніі пачалася маладзёвая ваенна-спартовая гульня пад дэвізам “Выправа ў пекла”. Мерапрыемства праводзіць шэраг маладзёвых патрыятычных арганізацый. Назоў гульня атрымала паводле назвы бункера, пабудаванага эстонскімі партызанамі. У 1947 годзе пасьля доўгага бою з атрадам НКВД бункер быў захоплены. Народных мсьціўцаў расейскія акупанты забілі або выслалі ў ГУЛАГ. Маладзёвыя манеўры будуць праводзіцца на працягу трох дзён. Юнакі будуць трэніравацца ў стральбе, выведцы, тактыцы баявых дзеяньняў, выкарыстаньні лекавых зёлак і г.д. Эстонская моладзь хоча быць гатовай да абароны радзімы ад маскоўскага ворага.

Прызначаны Масквой “прэзыдэнт” паўднёвай Асэціі (акупаванай расейцамі ў 2008 годзе правінцыі сувэрэннай Грузіі) Э. Какойты абвінаваціў расейскія ведамствы ў “сабатажы аднаўляльнай працы ў рэспубліцы”. Какойты асабліва востра выступіў супраць дзейнасьці такзванай “Паўднёвай дырэкцыі рэалізацыі праграм і праектаў”, якая ад імя Масквы павінна каардынаваць працэсы аднаўленьня разбуранай вайной тэрыторыі. СМІ цытуюць Какойты, які заявіў: “На сёньняшні дзень працэс аднаўленьня практычна стаў. Не будуюцца жыльлё і камунікацыі. Гэта выклікае пэўную незадаволенасьць у насельніцтва…” Маскоўскае начальства ў сталіцы імпэрыі і на месцы заявіла, што “праграма аднаўленьня Паўднёвай Асэціі вядзецца згодна з плянам, зацьверджаным урадам Расеі”. Паўстае пытаньне: а куды падзеліся мільёны, выдаткаваныя Масквой на “аднаўленьне” захопленай правінцыі Грузіі? І што гэта за “аднаўленьне”, калі не аднаўляюцца жылыя дамы і дарогі? Расейцы будуюць там толькі бункеры і мінныя палі? А папярэджвалі волналюбівыя народы Каўказа сваіх асэцінскіх суродзічаў, каб не шукалі шчасьця і волі разам з імпэрскай Масквой.

8 ліпеня лідэр партыі “Наша Украіна” Віктар Юшчанка заявіў, што Украіна “становіцца разьменнай картай у расейска-амэрыканскіх адносінах”. Гэтую думку ён выказаў на сустрэчы з прадстаўнікамі Амэрыканскага габрэйскага кангрэсу. Юшчанка назваў адмову рэжыму Януковіча ад эўраатлантычнай інтэграцыі няправільным курсам. “За гэтай палітыкай стаіць намаганьне вярнуцца ў старую сістэму палітычных каардынатаў і прызначыць Украіне прыніжальную ролю, у тым ліку на рэгіянальным узроўні”, — падкрэсьліў экс-прэзыдэнт Украіны. І дадаў, што “зачараваньне Масквой, якое адбываецца ў кожнага амэрыканскага ўраду ў першыя два-тры гады, праміне і гэтым разам”.

Янка Базыль