Масавыя шоў “победітелей” (як называюць сябе ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасьці лукашысты) ня хочацца нават камэнтаваць, настолькі яны аднолькавыя па форме і зьместу. 3 ліпеня у чарговы раз рэжым наладзіў скокі з нагоды сваёй “незавісімості”. Беларусы, для якіх сапраўдным Днём Незалежнасьці ёсьць 25 Сакавіка, на рэжымныя скокі не пайшлі. Дарэчы, многія іншыя, якія да ўсяго раўнадушныя, не пайшлі таксама. З кожным разам людзей на скоках становіцца ўсё менш і менш. Тэлебачаньне, як заўсёды, упарта пазьбягала буйных плянаў, бо было б бачна, як нікчэмна мала народу сабраў рэжымны “празднік”. Вядома, што рэжым актыўна мабілізаваў сотні і тысячы залежных ад сябе людзей і іхныя сем’і для стварэньня кволай масоўкі (перш за ўсё апранутых у цывільнае міліцыянтаў, вайскоўцаў, ахоўных структураў і г.д.). Пустышак з БРСМ як правіла ставілі ў першых 2-3 шэрагі, і яны ўвесь час махалі сьцяжочкамі БССР-РБ.
Калі па шоў лупануў улеўны дождж, многія паспрабавалі ўцячы. Але іх атачалі шчыльныя ланцугі з ОМОН і іншых ахоўных падраздзяленьняў. Давялося спыніцца і да позьняй ночы добра мокнуць пад роў расейскай папсы. На экранах БТ паказалі начальніка рэжыму ў атачэньні нейкіх актывістак БРСМ з аднолькавымі фрызурамі і тварамі. Яны ўдавалі аптымізм пад плынямі вады і рытмічна разьзяўлівалі раты пад гукі гімна БССР-РБ. Але найбольш прамоклая з “актывістак” ня вытрымала і зморшчылася ад холаду і раздражненьня, заматляла галавой. Вядома, што вярнуўшыся дахаты, усе прамоклыя масоўшчыкі-статысты пракліналі начальніка і ягоныя скокі.
БТ у гэты дзень паказала “дакумэнтальны” фільм пра нямецкую акупацыю Менска. З рэжымным “дакумэнталізмам” ужо даўно ўсё зразумела. Шукаць у рэжымных опусах праўды ня трэба, не для таго яны лепяць гэтыя гарбушкі. Гэтым разам таксама накруцілі шмат чаго пра вайну, немцаў і ўсё іншае. Ва ўсім сьвеце прынята, што дакумэнтальныя фільмы вядзе альбо навуковец, альбо чалавек, які блізкі да навукі і дакумэнталістыкі. Вядучы зьвяртаецца да гледачоў з павагай, імкнецца данесьці да іх праўду аб падзеях, жыве гэтымі падзеямі. У якасьці вядучага “фільма” на БТ выставілі маладую асобу, на ілбе якой ярка зьзяла абрэвіятура “КГБ”. Тыповая камітэцкая фізіяномія. Калі яна паварочвалася да гледачоў, то пранізвала іх халодным лубянскім позіркам (ну, як на допыце) і рэзала сказы грубым тонам. Фізіяномія была апранута ва ўсё чорнае. З-пад кароткіх рукавоў кашулі яна дэманстравала натрэніраваныя мускулы. На яе галаве нават было надзетае нешта чорнае. Па фільму фізіяномія езьдзіла ў чорным аўтамабіле. Адчувалася, што “стваральнікі” “фільма” хацелі стварыць таксама і новы аўтарытэт у навуцы і дакумэнталістыцы – “чорнага чалавека”. Вакол і ўнутры рэжыму шмат такіх мускулістых малойцаў з халоднымі позіркамі. Іх ужо так шмат, што не стае народнага бюджэту, каб утрымліваць усю гэтую хеўру.
На “праздніке” дыктатуры было шмат ўсялякага фальшывага і наноснага, у што ўжо ніхто ня верыць. Але вось што было сапраўднае, дык гэта новы “ідэал”, выведзены ў русіфікатарскай лабараторыі постсавецкага пэрыяду – чорныя дэманы лукашызма, якія ўдаюць з сябе “магутнае апірышча” антынароднага рэжыму і аўтарытэтаў ва ўсіх навуках. Ім хацелася б, каб беларусы панічна баяліся іх і падпарадкоўваліся ім. Але сусьветная практыка паказвае. Што калі антынародныя рэжымы пачынаюць хістацца і сыпацца, то ад народнага гневу першымі ўцякаюць менавіта гэтыя з чорнай сотні.
- Янка Базыль *