Агляд замежнага друку

6 ліпеня 2010 г.

Навіны

Славацкая газэта “SME”. 1 ліпеня 2010 г. Славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Бельгія кіруе Эўропай. Без улады”. Да Брусэля перайшло паўгадовае дзяжурства па Эўразьвязу. Але ў самой Бэльгіі няма ўраду, акрамя выканаўцаў абавязкаў начале з Івам Летэрмам. Становішча выклікана зацяжным канфліктам паміж валонскімі і фламандскімі палітычнымі сіламі. Наш камэнтар: Гэта ёсьць адзін з сымваляў балагану, які пануе ў Эўразьвязe. Брусэль, які павінен весьці Эўропу да інтэграцыі, сам да крайнасьці дэзынтэграваны ўнутранымі канфліктамі. Алесь Хадасевіч


Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”. 1 ліпеня 2010 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” апублікавала артыкул і здымкі пад тытулам “Прыгажуня на пуцінскай службе вывешвала фота ў інтэрнэце”. Распавядаецца гісторыя арыштаванай нядаўна агенткі ФСБ Эн Чапман, якую ўлады ЗША абвінавачваюць у шпіянажы. Яна прыехала ў Штаты пару гадоў таму, але ўжо пасьпела папрацаваць у Эўропе. Мяркуецца, што свае вабноты яна выкарыстоўвала ў працы з уплывовымі людзьмі на Захадзе. Наш камэнтар: Мабыць на Лубянцы яе называлі “товарішч Аня” і грунтоўна падрыхтавалі да падрыўной і агентурнай работы адпаведнага кшталту. У безьлічы СМІ сьвету зьмешчаны рэклямныя здымкі гэтай асобы з паказам частак цела, на якія павінны былі лавіцца захавальнікі заходніх таямніцаў. Але тов. Аня і іншыя товарішчі ганебна праваліліся ў Амэрыцы.

Юрка Марозаў


Аўстрыйская газэта “Der Standard”. 1 ліпеня 2010 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” паведаміла пра арышт на Кіпры аднаго з расейскіх агентаў з групы, якую адлавіла днямі ФБР у Амэрыцы. Яго ўзялі ў кіпрыйскім аэрапорце, але выпусьцілі пад заклад. У выніку маскоўскі агент зьнік бязь вестак. Наш камэнтар: Кіпрыйскія партнёры правалілі апэрацыю. Кіпр – адна з галоўных дзялянак дзейнасьці маскоўскага злачыннага капіталу, дзяржмафіі і спэцслужбаў (побач – Бліжні Усход). У Маскве даўно жартуюць, што Кіпр можна прымаць у РФ у якасьці аўтаномнай рэспублікі. Вось і гэтым разам яны “услужылі” Лубянцы. Юрка Марозаў


Угорская газэта “Magyar Hirlap”. 1 ліпеня 2010 г. Угорская газэта “Magyar Hirlap” пісала пра дэмантаж помніка Сталіну ў горадзе Горы ў Грузіі. Статуя будзе перанесена ў будынак музэя Сталіна, але ня будзе больш стаяць на плошчы. Міністар культуры Грузіі Нікалоз Руруа заявіў таксама, што ў бліжэйшы час у краіне будуць перайменаваны ўсе вуліцы, населеныя пункты і іншае, што носіць імя Сталіна. Наш камэнтар: Грузія грунтоўна дэсталінізуецца. Масква, Менск і Кіеў перажываюць чарговую сталінізацыю. Адразу зразумела, дзе дэмакратычная ўлада, а дзе акупацыйны рэжым. Алесь Хадасевіч


Нідэрляндская газэта “De Telegraaf”. 1 ліпеня 2010 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” пераказала выступ Алега Гардзіеўскага ў расейскай рэдакцыі Радыё Свабода. Былы афіцэр ГРУ паведаміў, што амэрыканцы арыштавалі днямі толькі вяршыню айсбэрга расейскай агентуры. Арышты і правалы будуць працягвацца. Ён лічыць, што дзейнасьцю агентуры актыўна займаюцца расейскія амбасады і расейскія арганізацыі за мяжой. Наш камэнтар: У гэтай сувязі беларусам успамінаецца, што АГП і лічно А. Лебедько маюць шэраг сваіх партыйных сяброў і “афіцыйных прадстаўнікоў”, якія дзейнічаюць у амплуа супрацоўнікаў розных расейскіх грамадзкіх арганізацый і “русскіх домах” пры амбасадах РФ у розных краінах. Юрка Марозаў


Бэльгійская газэта “Het Volk”. 1 ліпеня 2010 г. Бэльгійская газэта “Het Volk” пісала пра сьвяткаваньні 50-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці ў Рэспубліцы Конга. Там віталі і караля Бэльгіі з афіцыйнай дэлегацыяй былых каланізатараў. Наш камэнтар: За 50 гадоў незалежнага існаваньня афрыканцам так і не ўдалося пабудаваць у сваёй дзяржаве нармальнага чалавечага жыцьця. У гэтым ёсьць немалая доля віны бэльгійскіх каланізатараў, якія с першых дзён незалежнасьці груба ўмешваліся ў кангалезкія справы. Масква таксама ўлезла туды. Разгарнулася барацьба за сфэры ўплываў, ахвярамі якой сталі афрыканцы. Сапраўдная незалежнасьць павінна быць цалкам самастойным шляхам. Такая ёсьць афрыканская лекцыя беларусам.

Алесь Хадасевіч


Партугальская газэта “Diario de Noticias”. 1 ліпеня 2010 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” пісала пра атаку талібаў на буйнейшую базу НАТО ў Аўганістане, непадалёк ад Джэлалабада. Гэта быў самы маштабны наступ экстрэмістаў на сілы НАТО за ўсю вайну ў Аўганістане. Войскі кааліцыі адбілі атакі талібаў. Наш камэнтар: Напэўна, Масква аддала загад сваёй агентуры “правучыць” заходнікаў у сувязі з нядаўнім хапуном на расейскіх шпіёнаў у ЗША. Заадно і ўвагу сусьветнай грамадзкасьці і СМІ адцягнулі ад сваёй ганьбы. Юрка Марозаў


Швэдская газэта “Sydsvenska Dagbladet”. 1 ліпеня 2010 г. Швэдская газэта “Sydsvenska Dagbladet” пісала пра арышт ізраільскай паліцыяй аднаго ізраільскага жаўнера і групы цывільных. Іх абвінавачваюць у гандлі наркотыкамі і зброяй з арганізацыяй Хэзбала, якая дамінуе у суседнім Ліване. Наш камэнтар: Цяжкімі праблемамі абарочваецца прыезд у Ізраіль сотняў тысячаў людзей з Расеі і постсавецкай прасторы. Як гаворыцца аб гэтым у адным габрэйскім анэкдоце, “нельга пазбавіцца ад перажыткаў сацыялізма”. А калі сур’ёзна, то ва ўсім сьвеце трэба сачыць за лубянскай агентурай. Алесь Хадасевіч


Польская газэта “Gazeta Wyborcza”. 1 ліпеня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” пісала пра пашкоджваньне невядомымі вандаламі помніка Папе Рымскаму Яну-Паўлу ІІ у Віцебску. Міліцыя не сьпяшаецца пачынаць сьледства. Працытаваны Гары Паганяйла з арганізацыі “Беларускі Гэльсінскі Камітэт”. Ён сказаў, што каб пашкодзілі помнік Леніну, то міліцыя адразу б завяла справу. Наш камэнтар: Неяк “забыўся” Г. Паганяйла сказаць польскім журналістам, што на такія ўчынкі здольная ў Беларусі толькі акупанцка-асадніцкая расейская публіка. А самы палякі “не здагадаліся” аб гэтым. Вось такая ў іх “аналітыка” па Беларусі.

Алесь Хадасевіч