“Малдова вызваляецца ад чырвонай заразы”

6 ліпеня 2010 г.

Навіны

Камуністычная партыя Малдовы паспрабавала 30 чэрвеня арганізаваць адхіленьне ад улады выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта краіны Міхая Гімпу і ўрадавую кааліцыю (куды не дапусьцілі камуністаў). Назіральнікі мяркуюць, што агрэсіўныя дзеяньні ў парляманце ёсьць адказам камуны на нядаўні прэзыдэнцкі ўказ Гімпу. Паводле гэтага ўказу, 28 чэрвеня абвешчаны Днём савецкай акупацыі, жалобным днём у календары краіны. У гэты дзень па ўсёй Малдове адбыліся мэмарыяльныя мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах маскоўскай акупацыі 1940-91 гадоў, у выніку якой загінулі і пацярпелі ад рэпрэсіяў і голаду некалькі мільёнаў людзей.

Пачалася акупацыя 28 чэрвеня 1940 года, калі ў Бэсарабію (рэгіён Румыніі) уступілі савецкія войскі-“освободітелі”. Пачаліся працэсы генацыду, русіфікацыі, камунізацыі, разбурэньня нацыянальнай культуры, зьнішчэньне эліты народу (як і ва ўсіх краінах, акупаваных Масквой). Сёньняшняя Масква ажно захлынулася ад гневу на малдаўскі народ і ягонага прэзыдэнта. Імпэрыя аддала загад сваім кліентам у Кішынёве нарабіць шуму. Яны і нарабілі ды няўдала. На галасаваньні яны сабралі толькі 44 галасы разам з прамаскоўскай партыяй “Едіная Молдова” (на 101 дэпутата парляманту). У выніку пытаньне нават не было пастаўлена на парадак дня. Абедзьве прамаскоўскія фракцыі дэманстрацыйна пакінулі залю паседжаньняў.

Здавалася, што яшчэ зусім нядаўна ў Малдове трывала і ўпэўнена трымаліся камуністы з прэзыдэнтам краіны Вароніным. Яны давялі Малдову да глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу. І вось у красавіку 2009 года тысячы маладых малдаванаў ўзялі штурмам прэзыдэнцкі палац, будынкі парляманту і штаб-кватэру кампартыі, дзе моладзь нішчыла бюсты і партрэты Леніна і камуністычныя сымвалы.

Камуністычная хунта кінула на моладзь паліцэйшчыну. Некалькі юнакоў былі забітыя, дзясяткі паранены. Але антыкамуністычны ўздым моладзі не прайшоў бяссьледна. Зрушылася ўся краіна. Нянавісьць да скарумпаваных васалаў Масквы была настолькі моцная, што іх пацясьнілі ад улады ўжо праз некалькі месяцаў пасьля драматычных красавіцкіх падзеяў.

Цяпер адбываецца сьледства па справе тых, хто зьбіваў і катаваў маладых людзей у красавіку 2009 года. Арыштаваны вышэйшыя афіцэры паліцыі і спэцслужбаў і найбольш садыстычныя малодшыя чыны. Некаторыя зь іх пасьпелі ўцячы ў Расею. У Малдове рыхтуецца прэзыдэнцкі ўказ аб забароне кампартыі, камуністычнай ідэалогіі і камуністычных (разам з фашыстоўскімі) сымваляў. Малдова вызваляецца ад чырвонай заразы.

Валеры Буйвал