Як і ў Беларусі, ва Украіне адбываецца працэс нацыянальна-дзяржаўнага выбару: жыць пад прыгнётам азіяцкай (у горшым сэнсе слова) Расеі або ў сям’і цывілізаваных эўрапейскіх народаў. Украінскія патрыёты гэты выбар рабілі спрадвечна: на карысьць эўрапейскіх каштоўнасьцяў хрысьціянскай Украіны. Васальны рэжым Януковіча таксама зрабіў свой выбар – разам з Расеяй, якая “так і не пазбылася ад прымітыўнай структуры эканомікі, не пераарыентавала вытворчасьць на рэальныя патрэбы людзей”. Мільёны людзей у сьвеце таксама ўражаны маральным калапсам, які ахапіў насельніцтва расейскай імпэрыі, яе духоўным заняпадам (нягледзячы на ўсе прэтэнзіі ў стылі “святой Русі”). Украіна асэнсоўвае драматычнае становішча, у якім яна апынулася ў сувязі з прыходам да ўлады прамаскоўскага рэжыму. Публікуем два матэр’ялы на гэтую тэму, зьмешчаныя ў інтэрнэт-выданьні партыі “Наша Украіна”.
“Наша Украіна”: Нельга ісьці ў Эўропу “разам” з краінай, якая сьцьвярджалася на супрацьстаяньні з эўрапейскім сьветам
Апошнія заявы прадстаўнікоў уладнай каманды пачынаюць выклікаць апасеньні наконт іх выразнай некампетэнтнасьці і незразуменьня рэальнай сытуацыі ва ўкраінска-расейскіх адносінах. Так, віцэ-прэм’ер-міністар Украіны па пытаньнях эканомікі Сяргей Цігіпка нядаўна заявіў, што “узмацненьне адносін з Расеяй – гэта такі ж прыярытэт, як і супрацоўніцтва з Эўропай” і што, аказваецца, “цяпер адзін з шляхоў нармалізацыі адносінаў” – праект “моцнага індустрыяльнага прарыву… палягае ў стварэньні максімальна спрыяльных умоваў для высокатэхналагічнай прамысловай каапэрацыі”. Падобныя камэнтары можа даваць толькі чалавек, які зусім не разумее, у якой “высокатэхналагічнай сытуацыі знаходзіцца цяперашняя Расея, або намагаецца сьведама ўвесьці ў зман украінцаў. Сытуацыю, у якой знаходзіцца цяперашняя Расея, досыць выразна і ёміста апісаў прэзыдэнт РФ Д. Медведев у сваім апошнім пасланьні да Фэдэральнага сходу РФ. Ён падкрэсьліў, што Расея “так і не пазбылася ад прымітыўнай структуры эканомікі, ад прыніжаючай сыравіннай залежнасьці, не пераарыентавала вытворчасьць на рэальныя патрэбы людзей. Звычка жыць за кошт экспарту, як і раней, тармозіць інавацыйнае разьвіцьцё. Расейскі бізнэс дагэтуль лічіць лепшым гандляваць тым, што створана ў іншых краінах, а канкурэнтназдольнасьць нашай прадукцыі ганебна нізкая”. Але расейсцы прынамсі выразна вызначылі для сябе стратэгічныя прыярытэты: “набыцьцё Расеяй статусу сусьветнай дзяржавы” і “стварэньне ўмоваў для дасягненьня Расеяй лідыруючых пазыцыяў у глабальнай эканоміцы”. Менавіта для гэтага ім патрэбныя харкаўскія ўгоды па Чарнаморскім Флёце і стварэньне сумесных расейска-украінскіх прадпрыемстваў авіябудаўніцтва, ядзернай энэргетыкі і суднабудаўніцтва пад кантролем расейцаў. Сутнасьць цяперашняга стратэгічнага курсу, які праводзіць пракрамлёўскі рэжым Віктара Януковіча, чамусьці зводзіцца да пасьлядоўных намаганьняў заслупіць за Украінай статус “шасьцёркі на падхваце”. Аднак прыклад расейска-беларускай газавай вайны выразна паказвае, якое стаўленьне Расеі да тых, каго яна лічыць сваімі сатэлітамі. Яна іх проста выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах, па-сяброўску пляскаючы па плячы. Любыя спробы пераглядзець стратэгічныя прыярытэты ўкраінскай палітыкі абсалютна беспэрспэктыўныя. Бо Украіна гістарычна ёсьць эўрапейскай краінай, а Расея на працягу ўсёй сваёй гісторыі сьцьвярджалася як вялікая дзяржава менавіта ў супрацьстаяньні з эўрапейскім сьветам. Калі гэтага не разумеюць найвышэйшыя чыноўнікі ва Украіне – вынікае пытаньне пра іхную адпаведнасьць пасадзе.
Крыніца: http://www.razom.org.ua/news/8732
Задавальненьне патрабаваньняў агрэсара толькі распальвае ягоныя апэтыты
Здаўна вядома, што “у Расеі на межах могуць быць толькі ворагі або васалы”. Гэтае крылатае выказваньне, сфармуляванае яшчэ ў часы імпэрыяў, актуальнае і ў наш час. Менш за паўгода “новых адносінаў” з Расеяй пацьвердзілі, што Украіна з “няўступлівага суседа” часоў жорсткага адстойваньня нацыянальных інтарэсаў камандай Віктара Юшчанкі ператварылася ў гатовага прыслугоўваць васала, які схільны прызнаць як “адпаведную нацыянальным інтарэсам Украіны” любую прыхамаць свайго расейскага “патрона” .
Крыніца: http://www.razom.org.ua/ (Пераклад з украінскай)