29 чэрвеня Радыё Свабода зрабіла сюжэт з прафсаюзнага жыцьця. 21-25 чэрвеня ў Канадзе адбыўся зьезд Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў, у якім удзельнічалі больш за тысячу дэлегатаў, нават некалькі прэзыдэнтаў краінаў і міжнарожных арганізацый. Яны вырашалі, “як павінны разьвівацца сацыяльна-працоўныя і грамадзкія адносіны пасьля найцяжэйшага фінансава-эканамічнага крызісу…”
Цікава, можа арганізатары зьезду прышлі да высновы, што “найцяжэйшы крызіс” ужо пераадолены? Але гэта не адзінае пытаньне, якое ўзьнікае пры знаёмстве з інфармацыяй пра зьезд. На зьезьдзе адбыліся выбары ў Генэральную Раду Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў. Намесьнікам старшыні гэтай прэстыжовай міжнароднай арганізацыі быў абраны Аляксандр Ярашук, старшыня фантомнай арганізацыі пад назвай “Кангрэс дэмпрафсаюзаў Беларусі”.
Нагадваем, што Ярашук прышоў у дэмакратычны прафсаюзны рух на пачатку гэтага дзесяцігоддзя (які ў той час яшчэ ня быў зьнішчаны) проста з начальства рэжымных псэўдапрафсаюзаў (ФПБ), куды рэжымам упісаны амаль пагалоўна працуючыя ўсёй краіны. Гэты Ярашук запомніўся сваімі публічнымі выступамі (у тым ліку і ў газэце “Нар.Воля”), у якіх ён заклікаў да хутчэйшага ўключэньня Беларусі ў Расею і аднаўленьня “лепшых савецкіх традыцый”. Мясцовую журналістыку (якая называе сябе “дэмакратычнай і незалежнай”) неяк не зьдзівіла гэтая імгненная перафарбоўка гэтага спадара з прафсаюзнага чыноўніка рэжыму высокага класу ў галоўнага начальніка нібыта альтэрнатыўнага рэжыму прафсаюзнага руху. За гады пад кіраваньнем Ярашука со товарішчі дэмакратычныя прафсаюзы даведзены да поўнага заняпаду. У 1990-я гады дэмакратычныя прафсаюзы мелі некалькі тысячаў сяброў і эфэктыўна, часам у драматычным змаганьні баранілі правы працоўных. Цяпер пра іх нічога (акрамя зьвестак пра кар’ерны рост тав. Ярашука) не чуваць. Ад змагарных прафсаюзаў намаганьнямі агентуры рэжыму засталася адна назва. Сапраўдныя прафсаюзныя лідэры і энэргічныя людзі даўно ўжо выдалены з гэтых структураў. Цяпер А. Ярашук будзе з такім жа эфэктам працаваць на ніве міжнароднага прафруху (з чым мы іх і віншуем).
Што ж адбылося? Няўжо яны там, на Захадзе ня ведаюць, што гэта за фігура і што за “дэмпрафсаюзы”? Адказ на гэтыя рытарычныя пытаньні мы атрымліваем з таго ж паведамленьня Радыё Свабоды. На тых жа выбарах старшынём Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў быў абраны чарговы немец – кіраўнік Канфэдэрацыі прафсаюзаў Нямеччыны Міхаэль Зомэр. Можна не сумнявацца, што германскія прадстаўнікі настойліва паспрыялі таму, каб у іхныя намесьнікі быў запісаны прадстаўнік савецкіх прафсаюзаў. (Людзі, якія працавалі ў савецкі перыяд, добра ведаюць, што кіраўнікі савецкіх прафсаюзаў падбіраліся савецкімі ворганамі.) Цяпер яны разам зь ім будуць мацаваць дэмакратыю ў Беларусі і ва ўсім сьвеце. Скаардынаваная з Расеяй нямецкая палітыка супраць незалежнасьці Беларусі працягваецца.
Юрка Марозаў