Правал лубянскай агентуры

29 июня 2010 г.

Навіны

Зусім нядаўна прэзыдэнт Расеі Медведев езьдзіў з візытам у ЗША. Там ён выступаў пра “перезагрузку отношеній”, выгаднасьць стасункаў Амэрыкі з Расеяй, паводзіў сябе ўпэўнена і бадзёра. Прэзыдэнт ЗША Абама запрасіў яго ў дэмакратычную закусачную, дзе яны паелі простай амэрыканскай ежы. Потым Медведев фігураваў на форуме найбольш прамысловых дзяржаваў, што адбыўся ў Канадзе. А потым усё стала на свае месцы.

29 чэрвеня Дэпартамэнт юстыцыі ЗША паведаміў аб арышце дзесяці расейскіх шпіёнаў і пачатку сьледства па іхнай справе. Былі таксама праведзены ператрусы ў кватэрах шпіёнаў у чатырох амэрыканскіх штатах. Аднаго з расейцаў арыштавалі на Кіпры. Ім прад’яўлены абвінавачваньні ў працы на СВР (Службу зьнешняй выведкі РФ) “пад прыкрыцьцём” і выкананьні заданьняў Масквы. Шпіёны зьбіралі інфармацыю пра амэрыканскія праграмы ўзбраеньня і ўсталёўвалі кантакты з уплывовымі людзьмі. Мяркуем, што лубянцы апэрыравалі сур’ёзнымі сумамі грошай для подкупу згаданых людзей. Не выпадкова ім прад’яўляецца таксама абвінавачваньне ў адмываньні грошай. Суд адмовіўся вызваліць фігурантаў пад залог.

Пікантная дэталь ва ўсім гэтым тая, што ўсе шпіёны – былыя савецкія і расейскія грамадзяне з больш або менш пераробленымі на амэрыканскі манер расейскімі імёнамі і прозьвішчамі. Апошняя зь іх прыехала ў ЗША ўсяго два гады таму. Але ФБР сачыла за імі на працягу шэрагу гадоў. Так што ў прынцыпе шмат шкоды яны амэрыканскай дзяржаве не нанесьлі.

На расейскіх тэлеканалах адлюстраваўся немалы перапуд і разгубленасьць крамлёўскага начальства. Заўважна спахмурнеў Медведев, не адразу выступіў з ілюзорнай бадзёрасьцю прэм’ер Пуцін. Міністар МЗС РФ Лаўроў лепятаў нешта з трыбуны ў Ізраіле (дзе апынуўся ў афіцыйнай паездцы): “Амеріканцы выбралі момент ізяшчно…” Адстаўныя генэралы ФСБ-КГБ экспэртна прыкрывалі праваленую “апэрацыю пад прыкрыцьцём”. Вядомы генэрал КГБ Любімаў (адзін з аўтараў гэбоўскага праекта “Галгофа” па аднаўленьню расейскай імпэрыі ў былых межах) спрабаваў пераканаць, што “спецслужбы такімі справамі не займаюцца, гэта несур’ёзна…” Бачна, што правал лубянскіх “казачкоў” у Амэрыцы адбыўся зьнянацку.

Расейская рэдакцыя Радыё Свабоды зрабіла цэлую нізку грунтоўных матар’ялаў на гэтую тэму. Выступілі амэрыканскія экспэрты па Расеі і КГБ, назіральнікі і аналітыкі. Радыё пацікавілася думкай былога рэзыдэнта КГБ у Лёндане Алега Гардзіеўскага (суаўтара знакамітай манаграфіі “Гісторыя КГБ”, перакладзенай на безьліч моваў і выдадзенай у многіх краінах). Гардзіеўскі пацьвердзіў, што “з прыходам да ўлады ў Расеі гэбэшніка агентурная праца за мяжой актывізавалася”.

Але, як бачым, абарончыя структуры дэмакратыі таксама ня сьпяць у шапку. Расея добра “обмішурілась”.

Янка Базыль