Расейцы пра Расею

28 июня 2010 г.

Навіны

У сёньняшняй Расеі рэгулярна гучаць галасы, якія выбіваюцца з агульнага падстаўнога хору крамлёўскай прапаганды і псэўдааналітыкі. Крэмль-Лубянка спрабуюць зрабіць выгляд, што не разумеюць, пра што йдзецца ў гэтых выступах іхных апанэнтаў. Абсалютная бальшыня расейскага грамадзтва (нават ва ўмовах інтэрнэту) ня чуе гэтыя галасы і нічым ужо не цікавіцца. Трэба пазнаёміцца і нам, беларусам, з думкамі, выкладзенымі ў артыкулах вядомых расейскіх аналітыкаў Л. Рудніцкага і А. Піянткоўскага ў расейскіх інтэрнэт-выданьнях. Гучаць суровыя ацэнкі стану расейскай імпэрыі. У сувязі з гэтым мацнее беларуская думка аб тым, што беларусам трэба падалей трымацца ад гэтага расейскага кашмару. Тым больш, што і нядаўняя наша гісторыя радыкальна адрозьніваецца ад расейскай. Беларускае нацыянальнае Адраджэньне 1988-94 гадоў не было справай гэбоўскіх і бандыцкіх “элітаў” (як гэта было ў Расеі). Патрыятычная беларуская інтэлігенцыя не была ў гэтых сілаў “на падтанцоўцы”, а вяла змаганьне за вызваленьне Беларусі ад імпэрыі супраць згаданых “элітаў”. Але расейцы любяць разважаць пра сябе самых і ўпарта пазьбягаюць параўнаньняў сябе з намі – народамі, якім удалося вырвацца з-пад улады Масквы ў 1991 годзе. І менавіта гэта збядняе і робіць незавершаным іхны аналіз расейскай імпэрыі. Але ўсяроўна пачытаць цікава…


Леанід Рудніцкі

Расея засталася без прамысловасьці

У траўні ў Дзярждуме адбыўся круглы стол па прамысловай палітыцы. Чыноўнікі з ураду спачатку на ім прысутнічалі, а потым пад прыстойны выгляд яе пакінулі. Атрымалася, што запрошаныя экспэрты выступалі адзін перад адным, хаця для іх было б пажадана данесьці свае думкі менавіта да ўлады.

З усіх выступаў самымі паказальнымі зьяўляюцца два – дэпутата Н.В. Каламейцава і вядомага навукоўца прафэсара Г.Г.Малінецкага. Па іх бачная ўся карціна і сучасны стан расейскай прамысловасьці, а таксама нашы пэрспэктывы на будучыню. Прааналізаваўшы, што ў нас было раней, і што засталося, дэпутат Н.В. Каламейцаў прышоў да высновы – у Расеі няма прамысловасьці. Гэта значыць, што яна намінальна ёсьць, але фактычна яна нічога не вырабляе. Так, з дзесяці трактарных заводаў, якія былі ў СССР, Расейскай Фэдэрацыі засталося восем, і гэтыя восем зрабілі ажно 358 трактараў за першы квартал сёлетнега года. Двух заводаў ужо няма і ня будзе. Канцэрн “Трактарныя заводы”, на думку дэпутата, выконвае ролю па дэмантажу трактарнай прамысловасьці ў Расейскай Фэдэрацыі.

За леташні год мы зрабілі 14 самалётаў, а ў 1991 годзе выпускалі паўтары тысячы лятальных апаратаў. А за кожным трактарам і самалётам стаіць мноства сумежнікаў.

У сельскай гаспадарцы адно працоўнае месца дае сем месцаў пасьля сябе. Мы ж завозім на 35 мільярдаў даляраў харчаваньня і гэтых месцаў ня маем. 130 прадпрыемстваў сельскагаспадарчага машынабудаваньня зьнішчаны разам зь іхнымі сумежнікамі. На заводзе “Россельмаш”, дзе дэпутату ў свой час даводзілася працаваць, было 500 непасрэдных пастаўшчыкоў і 5 тысячаў ускосных, калі адсочваць тэхналагічны ланцужок ад жалезнай руды.

Выступ Г.Г. Малінецкага, намесьніка дырэктара Інстытута прыкладной матэматыкі імя Келдыша Расейскай акадэміі навук, у большай ступені быў прысьвечаны будучыні.

“Давайце паглядзім, дзе знаходзіцца Расея. Калі ў 1980 годзе гэта была другая эканоміка сьвету, гэта былі пяць Кітаяў і 60 адсоткаў ад ЗША, то цяпер гэта 1/5 Кітая, гэта 6 адсоткаў ад ЗША. І вось параўнайце. І, акрамя таго, у нас вельмі вялікая дэмаграфічная слабасьць.

Дакладу вам, у нас няма прагназуючых інструмантаў у адрозьненьні ад усяго сьвету. У ЗША, прынамсі, 50 мазгавых цэнтраў займаюцца праектаваньнем будучыні. Яны глядзяць, якія зьмены ў сёньняшнім сьвеце могуць паўплываць на становішча ЗША праз 20 і 30 гадоў. Усе спробы стварыць падобнае ў Акадэміі навук блакуюцца на розных узроўнях, у прыватнасьці, на ўзроўні нашага ўраду, нашай Расеі”.

Дакладчык таксама адзначыў, што Расея ўпершыню сутыкаецца са зьнешнімі выклікамі, якіх раней не існавала. “Упершыню Кітай падняў пытаньне аб тым, што ён гатовы асабіста асвойваць Паўночны марскі шлях, калі Расея гэтага ня можа зрабіць. Упершыню ў леташнім годзе было паднята пытаньне аб тым, што багацьці за Уралам – гэта маёмасьць усяго сьвету. Амэрыканскія газэты рэгулярна пішуць пра пакупку, пажаданую пакупку Усходняй Сібіры. Акрамя таго, існуюць і выклікі ўнутраныя, тэхналагічнага характару. Зараз Расея ўваходзіць у паласу катастрофаў. Зараз на тэрыторыі Расеі ёсьць 50 тысячаў небясьпечных аб’ектаў і пяць тысячаў асабліва небясьпечных. Зараз на тэрыторыі Расеі 60 тысячаў гідразбудаваньняў, многія зь якіх падпіраюць па шэсьць і восем кубакілёмэтраў вады. Зь іх шэсьць тысячаў працуюць больш за сто гадоў. 6,5 тысячаў патрабуюць капітальнага рамонту. 400 – знаходзяцца ў аварыйным стане”.

Наогул, наперадзе нас чакаюць нялёгкія часы. Вось вам і снікерсы разам з пракладкамі, якімі забіў галаву тэлевізар. Практычна ніхто ня можа ахапіць карціну з краінай ва ўсёй яе паўнаце. Ці здолее наш прэзыдэнт разам з урадам выруліць у ціхую гавань?

Крыніца: http://fintimes.km.ru/ekonomika-rossii/promyshlennost/11610


Андрэй Піянткоўскі

Нацыянальны зомбі

“Ва ўмовах гніеньня аўтарытарных рэжымаў людзей ахопліваюць туга, адчай і агіда. У яркай форме гэта ёсьць пачуцьці “меншасьці, якая крытычна думае”, але ў той ці іншай ступені яны выяўляюцца ў розных ідэалагічных формах і паступова распаўсюджваюцца ў вельмі шырокіх слаях. Яны хаваюцца за канфармізмам і цынізмам і разьядаюць рэжым знутры. Так было пры позьнім царскім рэжыме. Так было і пры позьняй савецкай уладзе. І падобныя пачуцьці сталі фармавацца пры пуцінскай “стабілізацыі”.

Пачуцьце безнадзейнасьці ўзмацняецца менавіта тады, калі ненавісныя рэжымы ўжо перажылі сваю акмэ і іхны жыцьцёвы цыкл набліжаецца да канца. Гэта як бы прыкмета пачатку канца, пачуцьце безвыходнасьці – прыкмета таго, што канец блізкі”. Гэта ёсьць пачатак артыкула Дзімітрыя Яфімавіча Фурмана, аднаго з нашых самых глыбокіх аналітыкаў. Я падзяляю далёка ня ўсі палажэньні артыкула, але для мяне важна тут зафіксаваць вельмі блізкую мне пастановачную частку аналізу.

У трэці раз за апошняе стагоддзе мы перажываем стадыю гніеньня аўтарытарнага рэжыму, які ня столькі знаходзіцца ў аблозе апазыцыі, колькі безнадзейна згубіў драйв і ахоплены вынітаваньнем (la nauseе) і агідай да сябе. Двойчы падзеньне такога рэжыму прыводзіла да абвалу расейскую дзяржаўнасьць.

Як пазьбегнуць падобнага сцэнару ў трэці раз запар – вось цэнтральная праблема нашых дзён для адказнага дасьледчыка. Менавіта так яе і ставіць Дзімітры Фурман. Сам Дзімітры Яфімавіч, спасылаючыся на наш сумны гістарычны досьвед, бачыць асноўную небясьпеку ў дэмакратычнай нецярплівасьці апазыцыі – мабыць, несістэмнай. Не магу з гэтым пагадзіцца. І справа нават не ў справядлівасьці або несправядлівасьці закідаў у адрас апазыцыі. Больш істотна тое, што сёньня яе арганізацыйныя і рэсурсныя магчымасьці рэальна ўплываць на палітычную дынаміку нязначныя, нашмат слабейшыя, чым былі ў дэмакратычнай апазыцыі часоў перастройкі, ня кажучы ўжо пра рэвалюцыйную апазыцыю царскаму рэжыму.

Але і Лютаўская рэвалюцыя, і гарбачоўская перастройка былі задуманы і зьдзейсьнены зусім не апазыцыяй, а кіруючым істэблішмэнтам. Яго нецярплівасьць вызначала дынаміку падзеяў. У апошнім выпадку – нецярплівасьць партыйна-гэбісцкай намэнклатуры, якая прагнула прарвацца да прывабных вяршыняў заходніх узораў камфорту і спажываньня. На шляху да гэтай запаветнай мэты яна скідвала ўсё – абрыдлую ідэалогію, імпэрыю, дзяржаву. А дэмакратычная інтэлігенцыя з энтузіязмам адпрацавала ў яе на падтанцоўцы, а потым была абвешчана дэмшызой і сьпісана ў архіў, каб ня блыталася пад нагамі.

Тым больш сёньня эндшпіль асуджанага на пагібель пуцінізма будзе разыграны перш за ўсё самым кіруючым класам. І ад ступені менавіта яго адказнасьці залежыць будучыня краіны. Пры самым станоўчым для яе сцэнары апазыцыя здолее толькі ўскосна паўплываць на працэсы, што ідуць унутры яго.

Гэты ж самы кіруючы клас позьняга СССР, які перамог у “дэмакратычнай рэвалюцыі” канца 80-х – пачатку 90-х, разбаўлены другім і трэцім эшалёнам намэнклатуры, былымі бандытамі, фарцоўшчыкамі, маёрамі мухасранскіх рэзыдэнтураў, малодшымі наувковымі супрацоўнікамі, пісарчукамі піцерскай мэрыі, якія сёньня ўпрыгожваюць афіцыйныя і ценявыя сусьветныя сьпісы “Форбса”. Да яго прарокаў можна аднесьці ўсё што заўгодна акрамя нецярплівасьці, тым больш дэмакратычнай. Наадварот, гэта самы застылы ў ступары, самы застойны і самы няздольны на якую-небудзь пазытыўную эвалюцыю клас ў гісторыі аўтарытарных рэжымаў, што знаходзяцца ў працэсе згасаньня. Пуцінізм як карыкатурны сімулякр вялікага ідэалагічнага стылю меў надта караценькі жыцьцёвы цыкл, каб унутры яго пасьпела вырасьці новае пакаленьне, якое б аспрэчыла каштоўнасьці бацькоў. На плаву ўсё тыя ж пераможцы ельцынскай, а потым і пуцінскай хваляў прыватызацыі, якія сутаргава ўчапіліся ў яхты, рэзыдэнцыі, Patek Philippe і іншыя сымвалы сваёй выпадковай і блудлівай улады. У іх ужо быў свой зорны час. Жыцьцё ўдалося, і для іх настаў канец гісторыі. Не магу зразумець, дзе мог шаноўны Аўтар убачыць Пуціна, які ўсьведаміў “пад канец кіраваньня беспэрспэктыўнасьць далейшага здушэньня грамадзтва”, або Медведева, “які шчыра абвясьціў свой дэмакратычны ідэал”.

Двухгадовыя гульні ў адлігу і лібэральнага спадчыньніка скончыліся. Венцаносны быў узважаны і знойдзены вельмі лёгкім. Уся “эліта”, уключна з лібэраламі-с і самым месцазахавальнікам, дысцыплінавана сшыхтавалася пад свайго начнога парцье. Заплянаваны ім для сябе новы 14-гадовы тэрмін фактычна пачаўся. На мой погляд, найбольшую небясьпеку для расейскай дзяржаўнасьці ўяўляе менавіта гэтая цынічная цярплівасьць “элітаў”, а не “дэмакратычная нецярплівасьць” апазыцыянэраў.

Любы, нават самы жорсткі аўтарытарны рэжым ня можа абапірацца выключна на гвалт. Нездарма і гітлерская, і сталінская дыктатуры надавалі такое вялікае значэньне ідэалагічнаму, дакладней міфалагічнаму забесьпячэньню, на ніве якога квітнелі геніяльныя Сяргей Эйзэнштэйн і Ліна Рыфэншталь (кінарэжысёры, стваральнікі велічна-міфічнага кінавобраза сталінізма і гітлерызма – заўвага рэдактара).

Свой маленькі міф пра маладога энэргічнага афіцэра спэцслужбаў, які пасылае рускія палкі на Каўказ, які нясе жах і сьмерць тэрарыстам і ўсім ворагам Расеі, што ўстае з каленаў, стварылі ў тэлевізійнай прабірцы таксама і цынічныя крамлёўскія жулікі-паліттэхнолагі ў далёкім 1999 годзе. Жаночая душа Расеі, якая засумавала па ўласнаму ўладару, пацягнулася тады ад саліднага, але праснаватага Яўгенія Максімавіча да маладога героя-каханка.

У наступнай выбарчай кампаніі байкалінвэстгрупэнфюрэру, які ўжо загартаваўся, была дададзена яшчэ адна конская доза міф-ін’екцыі – “Народны абаронца, бескарысьлівы і бескампрамісны барацьбіт з алігархамі”. Падключыліся таксама і майстры культуры адпаведнага разьліву, што зьляцеліся, як мухі на ялей, — міхалковы і бандарчукі-малодшыя. Усё гэта даволі прыгожа працавала гадоў дзесяць, пакуль не наступіла тая непазьбежная туга і ванітаваньне, пра якія так справядліва кажа Дзімітры Фурман. І ніякімі рытуальнымі цалаваньнямі ў жывоцікі хлопчыкаў, асетроў і сьпячых тыгрыц, кіданьнем асадкамі ў дзярыпасак і сардэчнымі размовамі з кацямі і сярожамі час назад нельга павярнуць. Пуцінскі міф мёртвы. Спрабаваць сцэмэнтаваць грамадзтва і замарозіць Расею яшчэ як мінімум на паўтара дзесяцігоддзя шаманскім пакланеньнем нацыянальнаму зомбі – гэта шлях, які вядзе да мэтафізічнай катастрофы. Падобны выбар кіруючай “эліты” – яшчэ адно сьведчаньне крайней ступені яе шаленства, бязмоцнасьці і безадказнасьці.

Крыніца: http://grani.ru/opinion/piontkovsky/m.179120.html

(Пераклады з расейскай)