(Чэрвеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)
13 чэрвеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Устаноўка дэкарацыяў” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Пачатак лета дэманструе на міжнароднай арэне актывізацыю агрэсіўных дзеяньняў Расеі. Правакацыя на Блізкім Усходзе з так званай “гуманітарнай флатыліяй” (на якой сярод іншых плылі і расейскія грамадзяне, якіх пасьля першага паведамленьня пра іх ніхто больш ня бачыў), а таксама эскалацыя гвалту ў Кыргызтане (дзе часовы ўрад просіць ваеннай дапамогі ў Масквы) – найбольш драматычныя моманты дэструкцыйных расейскіх дзеяньняў. Ва Украіне і ў Беларусі Расея праз сваю агентуру зьдзяйсьняе антыдзяржаўныя дзеяньні, накіраваныя супраць дзяржаўнай мовы і нацыянальнай культуры ў гэтых краінах. Ва Украіне русіфікацыю цяпер насаджае афіцыйнае кіраўніцтва краіны, у Беларусі русіфікатарскімі справамі занялася новая прамаскоўская псэўда-грамадзкая структура, “Говорі правду”, якая існуе на маскоўскія грошы.
У Беларусі рэжым і прышпіленая да яго псэўдапазыцыя разгортваюць дэмагагічную хлусьлівую прапагандысцкую кампанію, апрацоўваючы грамадзтва з мэтай мабілізацыі яго на “прэзыдэнцкія выбары” дыктатуры. Рэжым і Масква, якая стаіць за ім, сьпяшаюцца. У Беларусі працягваецца cпад эканамічнай вытворчасьці. Эканоміка Беларусі, у якой не былі праведзены неабходныя рэформы і мадэрнізацыя, зрабілася неканкурэнтназдольнай і адстае нават ад суседніх краінаў з кожным месяцам.
Рэжымная эканоміка яшчэ не абвалілася канчаткова, таму што яе ўтрымліваюць на падачкі ад МВФ. Але запазычанасьць перад заходнімі выратавальнікамі антыбеларускага рэжыму расьце з кожным днём і робіць увесь наш народ закладнікам гэтай злачыннай палітыкі. Усё большай колькасьці людзей у Беларусі становіцца зразумелым, што выйсьце з крызісу і нармалізацыя нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця магчымыя толькі з ліквідацыяй існуючага прамаскоўскага рэжыму ўнутранай акупацыі. Вызваленьне ад гэтага рэжыму магчымае толькі палітычнымі мэтадамі.
Псэўдаапазыцыя ў чарговы раз спрабуе пераканаць беларусаў, што “трэба ісьці на выбары і прагаласаваць супраць Лукашэнкі”. Падстаўныя выставілі ўжо шэраг сваіх “кандыдатаў”, якія гатовыя заблытаць і дэзарыентаваць людзей. Адзінай альтэрнатывай гэтаму словаблудству падстаўных зьяўляецца народны Байкот выбарчаму фарсу антыбеларускага рэжыму. Менавіта ў гэтым напрамку і павінны працаваць, нягледзячы на летні пэрыяд, беларускія патрыёты. Трэба распаўсюджваць па ўсёй краіне інфармацыйныя матар’ялы, у якіх будзе выкладацца пазыцыя Беларускай Салідарнасьці, пазыцыя перамогі над чужынскім рэжымам. Кожны беларус у кожным рэгіёне краіны павінен пачуць слова праўды. Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра факты эканамічнага правалу, пра закрыцьцё прадпрыемстваў, скарачэньне работнікаў і змрочныя пэрспэктывы паглыбленьня эканамічнага крызісу.
Агентура спэцслужбаў, мясцовыя сексоты і стукачы, а таксама аматары шалёных грошай кінуліся арганізоўваць “акцыі“ і “структуры” пад жупелам “Говорі правду”. Аднак, разумныя людзі адразу адчулі фальшывасьць гэтай “ініцыятывы”. Беларусы ўражаны нахабнай, цынічнай русіфікатарскай кампаніяй, разьвязанай Някляевым, Процькай, Фядутай і іншымі з гэтай публікі. Нават людзям, якія лічаць сябе далёкімі ад палітыкі, зразумела, што ўсё гэта ёсьць кампанія, кіруемая з Масквы. Людзі папярэджваюць мясцовых аўтарытэтных асобаў (творцаў, грамадзкіх дзеячаў, настаўнікаў), каб яны ня зьвязваліся з “Говорі правду”, бо калабаранцтвам з гэтай публікай можна запэцкацца на ўсё жыцьцё.
Сойм разглядзеў пытаньні арганізацыйнай дзейнасьці Фронту і Партыі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 13 чэрвеня 2010 г.