Дэмаралізацыя “элітаў” рэжыму

26 мая 2010 г.

Навіны

(Травеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

23 траўня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ: “ШАНУЙЦЕ Ж МОВУ НАШУЮ, БЕЛАРУСКУЮ…” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

На палітычнай арэне Беларусі назіраецца ажыўленьне “выбарчай актыўнасьці”. Маецца на ўвазе падрыхтоўка структураў і асобаў псэўдаапазыцыі да заяўленых рэжымам будучых “прэзыдэнцкіх выбараў”. Дзеячы псэўдаапазыцыі пачалі “выстаўляцца ў кандыдаты” і апрацоўваць беларусаў сваімі тэарэтызаваньнямі. Яны зноў маюць намер разам з рэжымам завабіць-загнаць беларусаў на фальшывае электаральнае шоў рэжыму і забясьпечыць тым самым выжываньне антыбеларускага рэжыму ва ўмовах глыбокага крызісу.

Прыкметай цяперашніх тэарэтызаваньняў псэўдакандыдатаў зьяўляецца новы прыем іхнай прапаганды. Цяпер амаль кожны зь іх абяцае “захоўваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі”. Што праўда, ніхто зь іх не дае тлумачэньня, што ён мае пад гэтым на ўвазе. Разумныя людзі трактуюць такія заявы як тыповую дэмагогію. Найбольш актыўным у электаральных тэарэтызаваньнях зьяўляецца А. Саннікаў. Неяк непрыкметна ён ужо выцесьніў з пасады “агульнабеларускага лідэра апазыцыі” Мілінкевіча і выступае ў амплуа “моцнага і энэргічнага палітыка”, прэтэндуе быць альтэрнатывай Лукашэнкі. Мяркуем, што менавіта гэтая фігура будзе выкарыстоўвацца варожымі Беларусі сіламі для шантажу Лукашэнкі і для дэзарыентацыі беларускага і міжнароднага грамадзтва. А ў выпадку калапса сістэмы менавіта Саннікава Масква можа паставіць на месца дыктатара, які ўжо ўсіх стаміў. Таму ўжо зараз разыгрываецца фальшывае супрацьпастаўленьне: маўляў, з аднаго боку – вытанчаны дыпламат Саннікаў, а з другога боку – недалёкі і неэўрапейскі дыктатар. Той факт, што яны абодва ёсьць крэатурай адной антыбеларускай сістэмы і стаўленьнікамі Масквы, пасьлядоўна абмінаецца.

Наша патрыятычная пазыцыя застаецца нязьменнай – народны байкот чарговаму выбарчаму фарсу рэжыма! Ніхто на фальшывыя выбары з удзелам узурпатара Лукашэнкі! Трэба тлумачыць людзям слушнасьць гэтай пазыцыі і недапушчальнасьць паўтарэньня правальнага варыянту выбараў 1994 года, калі людзей падманулі лёзунгам “Абы ня Кебіч!” Трэба не дазволіць, каб прамаскоўская крэатура кшталту Саннікава была прыведзена ва ўладу пад лёзунгам “Абы не Лукашэнка!” Бальшыня беларускага грамадзтва ўжо ня ходзіць на выбарчыя ўчасткі падчас фарсаў і людзі пачынаюць усьведамляць сваю сілу і бездапаможнасьць дыктатуры. Мы ўпэўненыя, што чарговыя электаральныя намаганьні псэўдаапазыцыі марныя і скончацца правалам падманшчыкаў.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра дэмаралізацыю сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў. У работнікаў складваецца ўражаньне, што дырэкцыя ўжо пагадзілася з эканамічным калапсам і ня робіць нічога для нармальнай працы прадпрыемстваў. Начальнікі занятыя выключна сабой, сваімі акладамі, прэміямі і імкнуцца забясьпечыць свой камфорт. У выпадку канчатковага абвалу яны спадзяюца выратавацца з сваімі капіталамі, пакінуўшы працоўных людзей ні з чым. Гэта ёсьць сьведчаньнем канчатковай дэмаралізацыі “элітаў” рэжыму і блізкасьці яго калапса. Рэжым ня выратуюць ужо і падачкі ад МВФ, але наш народ паступова патанае ў фінансавай кабале. Гэта таксама зьяўляецца адным з разбуральных вынікаў панаваньня антыбеларускіх сілаў на нашай зямлі. Паратунак магчымы толькі пасьля ўсталяваньня ў Беларусі сапраўды беларускай улады.

Сойм разгледзеў захады па арганізацыі інфармаваньня грамадзтва аб сапраўдным становішчы ў краіне і мабілізацыі людзей на байкот псэўдаапазыцыйнай дэмагогіі і фальшывых выбараў дыктатуры.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. 23 траўня 2010 г.