Цырк, тэатр, арэны і рынгі – гэта ня проста формы сацыяльнай забавы на розныя густы і культурныя прыярытэты. У такіх месцах зьбіраюцца вялікія масы людзей, якія жывуць напружаным сумарным эмацыйным жыцьцём. Пра гэта ведалі старажытныя дыктатары і тыраны. Менавіта ў тэатрах і цырках яны раздавалі бясплатныя пайкі і квіткі. Публіка гукала класічнае “Panem et circenses!” (“Хлеба і відовішчаў!”), тыран у залатым вянцы лагодна кланяўся з імпэратарскай ложы і прывітальна махаў рукой вернападданым. Але ў моманты сацыяльна-палітычных крызісаў трыбуны раўлі праклёны, уздымаўся лес кулакоў, і які-небудзь Нэрон пасьпешліва рэціраваўся пад прыкрыцьцём напалоханых прэтарыянцаў. У сярэдзіне 19-га стагоддзя ў Італіі, разарванай на кавалкі тыраніямі і акупантамі, опэрны тэатр стаўся сапраўднай арэнай палітычнага змаганьня. Калі ў Мілане, Неапалі або Вэроне ставілі творы вялікага Джузэпэ Вэрдзі, то італьянцы разумелі, чаму сапраўды прысьвечаны ягоныя шэдэўры “Жана Д’Арк”, “Бітва пры Леньяна”, “Дон Карлас” – адраджэньню нацыянальнага духа, барацьбе супраць акупантаў і тыранаў, сьветламу ідэалу свабоды. Пасьля кожнага спэктакля моладзь уздымала на плошчы перад тэатрам забароненыя нацыянальныя сьцягі, налятала паліцыя і жандармэрыя, адбываліся дэманстрацыі і сутычкі. Прыклады можна працягваць.
Сучасны беларускі тэатр перажывае цяжкія часы. Русіфікацыя, бэтоннае жлобства кіруючай “эліты”, здушэньне нацыянальнай культуры адбіліся на ўсіх працэсах нашага жыцьця. Старэйшыя людзі час ад часу са зьдзіўленьнем канстатуюць, што такога антыбеларускага цынізму і публічнай расперазанасьці не дазвалялі сабе нават саветы ні пры Сталіне, ні пры Брэжняве. Таму многія людзі інстынктыўна цягнуцца да сапраўднай класікі і да яе носьбітаў, якіх з кожным годам застаецца ўсё менш. 16 траўня сёлета ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Менску сабралося шмат аматараў вялікага таленту. Урачыста адзначаўся 80-гадовы юбілей выдатнага опэрнага сьпевака Віктара Чарнабаева. Гучала музыка, арыі з опэр, віншавальныя прамовы, шчырыя і добрыя зычэньні юбіляру. Утварылася атмасфэра, у якой панавалі гармонія і прыгажосьць. Культура ўзьняла людзей над штодзённасьцю.
Але людзей не пакінулі ў спакоі ў гэты вечар, рэжым улез дысанансам у суладдзе. На сцэну выйшаў таварыш Рылатка, вечны намесьнік шэрагу міністраў культуры БССР і РБ. Празваны за сваю вечнасьць Сфінксам. Памятаем часы, калі тав. Рылатка выступаў без паперкі і нават па-беларуску (умее!). Але галоўнае уменьне любога намэнклятуршчыка – уменьне прыстасоўвацца і трымаць нос па ветру. Рылатка дастаў царскую грамату і пачаў зачытваць яе, зразумела, на акупанцкай мове. Уяўляем сябе, каб на юбілеі Вэрдзі ў міланскім тэатры нехта зачытваў бы граматы на мове аўстрыйскіх акупантаў. Вечар скончыўся б барыкадамі. Беларусы ж выслухалі крывадушныя канстатацыі і пажаданьні ад рэжыму і ягонага начальніка да канца. Пасярод грабавой цішыні. Калі лукашысцкі герольд скончыў чытаньне, у вялікай зале пачулася некалькі самотных хлапкоў. А потым зноў завісла цішыня. Беларусы праігнаравалі рэжымную грамату.
Як вядома, тэмпэрамэнты ў розных народаў розныя. Кажуць, што “беларус доўга запрагае ды хутка езьдзіць”. Уся наша нацыянальная гісторыя паказвае, што беларусы не сьпяшаюцца па-тэатральнаму дэманстраваць, што ў іх на душы. Таму ворагам і здраднікам часта здавалася, што ў нас на душы спакой і пакора. Потым яны зьдзіўляліся, “адкуль усё ўзялося”. Апошнім разам мы такое зьдзіўленьне бачылі на іхных тварах у 1988-91 гадах, калі Беларускі Народны Фронт узьняў над краінай Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Яны разгублена балматалі: “А мы думали, что вас уже и не осталось – белоруссов…”
Некаторым зь іх гэтак здаецца і цяпер, у іх памяць кароткая. Ім здаецца, што пушкінская фармулёўка з ягонага “Барыса Гадунова” – унівэрсальная і прыкладаецца да любога статус-кво. Але ня трэба блытаць “безмолвіе” маскоўскага люду, што сабраўся пад крамлёўскім муром і гатовы прыняць любога Нэрона. Калі ад беларусаў чакаюць воплескаў, а яны зацята маўчаць – гэта суровы знак для прамаскоўскага рэжыму, ад якога ўжо адвярнуліся людзі. Рэжым губляе сацыяльнае апірышча і завісае ў пустаце. Туды яму і дарога.
Янка Базыль