“Антылопа Гну” мясцовых прагматыкаў

20 мая 2010 г.

Навіны

На прадвесьне сёлета псэўда-БНФ (што па адрасе Машэрава, 8 у сталіцы) выступіў з ініцыятывай правядзеньня агульнадзяржаўнага рэфэрэндуму наконт падвышэньня коштаў на аўтамабілі, якія ўвозяцца з-за мяжы. Пасьля выдаленьня з кіраўніцтва гэтай арганізацыі Баршчэўскага, Вячоркі і іншых са “старой гвардыі” напорыстымі дзеячамі “новай хвалі” гэта быў самы манумэнтальны праект, заяўлены прагматыкамі. І першы праект “чалавека ў галіфэ” Янукевіча (ня блытаць з Януковічам — !). Дзеячы запоўнілі інфармацыйную прастору Беларусі сваімі паседжаньнямі на тэму рэфэрэндуму пра падвышаны кошт на аўтамабілі, прэс-канфэрэнцыямі, спэцвыпускамі і лекцыямі адмыслоўцаў з плакатамі і тэарэтычнымі выкладкамі. Адбылася амаль татальная мазгавая атака, некаторыя людзі нават паверылі, што гэта і ёсьць ключавое пытаньне, ад якога залежыць лёс нашай краіны і яе будучыня. Грамадзтва сцішылася ў чаканьні…

Пасьля згаданай сэрыі (кароткай па часе, але густа замешанай на гаварыльне) падрыхтоўчых мерапрыемстваў прагматычныя рэфэрэндумнікі замаўчалі. На працягу двух месяцаў пра іхны “рэфэрэндум” не прагучала амаль аніводнага слова. І вось як гром зь яснага неба, 20 траўня на Радыё Свабода прагучаў вэрдыкт рэжымнага ЦВК – не рэгістраваць ініцыятыўную групу так званага “аўтамабільнага” рэфэрэндуму. ЦВК спаслаўся на адмоўнае заключэньне мінюстыцыі і генпракуратуры рэжыма.

Радыё Свабода працытавала выступ Ігара Лялькова, намесьніка Янукевіча па псэўда-БНФ, які зьбіраўся кіраваць рэфэрэндумам. Лялькоў сказаў: “Пры актыўнай працы 122 сябраў ініцыятыўнай групы гэта цалкам рэальна”. Мелася на ўвазе неабходнасьць сабраць ня менш за 450 тысячаў подпісаў грамадзянаў па ўсёй краіне пад заявай на рэфэрэндум (як гэтага патрабуе рэжымнае заканадаўства). Углядаючыся ў фотафізіяномію Лялькова, фронтаўцы, якія зьбіраюць подпісы нашых грамадзянаў ужо больш за 20 гадоў, нешта ня могуць успомніць гэтую маладую асобу. Безумоўна, што Лялькоў аніразу ня ўдзельнічаў у фронтаўскіх зборах подпісаў. Ён ня мог удзельнічаць у гэтых мерапрыемствах, бо ў той час хадзіў у яселькі, дзіцячы садок, сярэднюю школу. І таму проста не ўяўляе сабе, што гэта такое – сабраць чатыры з паловай соцень тысячаў подпісаў грамадзянаў. Для выкананьня такога гераклаўскага подзьвігу трэба было б мець не 122 супрацоўнікі, а некалькі тысячаў вельмі ахвярных людзей, якія на працягу месяца займаліся б толькі гэтым. Вядома дакладна, што ў арганізацыі “чалавека ў галіфэ” даўно ўжо няма такіх структур і такіх ахвярных людзей. Вядома, што падчас псэўдавыбараў, калі яны заклікалі людзей ісьці на выбарчыя ўчасткі дыктатуры, супрацоўнікі з псэўда-БНФ зьбіралі подпісы, раскідвалі ўлёткі і г.д. толькі пад справаздачу, за якой адбывалася выплата ганарара за кожны подпіс, кожны абкіданы ўлёткамі дом і г.д. Гэтыя людзі самы прызнаваліся ў гэтым, не хавалі гэтага і з поўным правам называлі сябе “прафэсійнымі палітыкамі” (з таго пункту гледжаньня, што за прафэсіяналізм трэба плаціць). Што праўда, здараліся кур’ёзы. Абяцаныя ганарары часам не выплочваліся, асабліва на правінцыі. І тады візыцёраў са сталіцы сустракалі групы раз’юшаных мясцовых “прафэсіяналаў” з плакацікамі ў руках “Вярніце нашы грошы!” Можна сказаць, што Лялькову зь ягоным начальнікам гэтым разам проста пашэнціла. Яны спакойна могуць падарожнічаць па нашай краіне, ніхто ня будзе патрабаваць ад іх расплаты.

Успамінаюцца старонкі бессьмяротнага рамана Ільфа-Пятрова “Залатое цяля”. Там, дзе група рознахарактарных жулікаў пераконвае сумленнага і тэхнічна адукаванага беларуса-кіроўцу паехаць зь імі на ягонай машыне за некалькі тысячаў кілёмэтраў у горад Чарнаморск. Астап Бэндэр надаў транспартнаму сродку вясёлую назву “Антылопа Гну”. Але, як вядома, аўтамабіль разваліўся на часткі недзе на поўнай прыгодаў дарозе, што вяла каманду да перамогі над мільянэрам. Што тычыцца прагматычных арганізатараў “аўтарэфэрэндуму”, то іхная “Антылопа Гну” патарахцела, напусьціла дыму, але так і не скранулася з месца.

Паўстае пытаньне: а навошта было трэба гарод гарадзіць? Каму ўсё гэта было трэба? Хаця можна і не задавацца такімі рытарычнымі пытаньнямі. Апошнім часам шмат такога шуміць у нашым грамадзкім жыцьці. То паштовачкі раскідаюць – рамантычна-лазурнага колеру і з надпісам на акупанцкай мове “Говори правду”, то паабяцаюць перакуліць несправядлівы рэжым на несправядлівых мясцовых выбарах. Вось і ёсьць чым заняцца псэўдаапазыцыйным дзеячам. А ў гэты час Мілінкевіч з Лебедько пра ўсё справаздачу ў Брусэлі зробяць. Брусэль і Сразбург, Берлін, Парыж і Варшава з пратэстам выступяць у стылі “Свабоду Юрыю Дзетачкіну!” або “Ударым аўтапрабегам па бездарожжу!” Усе пры справе, ва ўсіх мазалі на руках ад барацьбы за дэмакратыю і правы чалавека. Такі вось прагматызм і такі прафэсіяналізм.

Янка Базыль