20 траўня 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” пісала пра Беларусь. А менавіта пра “Говорі правду” і падзеі вакол гэтага. Цытуем газэту: “Беларускі палітолаг Аляксандр Фядута, які супрацоўнічае з “Говорі правду!”, заявіў, што сапраўднай прычынай масавых рэпрэсіяў у адносінах да “тых, хто гаворыць праўду” ёсьць страх улады перад наступствамі іхнай дзейнасьці. Кампанія “Гавары праўду!” хутка набыла папулярнасьць ва ўсёй краіне. Паказчыкам гэтага ёсьць нязвыклая для Беларусі эфэктыўнасьць у зьбіраньні подпісаў пад пэтыцыяй аб перайменаваньні вуліцы Ульянаўскай у Менску ў вуліцу Васіля Быкава, выдатнага беларускага пісьменьніка, які ўжо не жыве”.
Яшчэ адна цытата: “Паводле амэрыканскага часопіса “Newsweek”, Саннікаў можа быць кандыдатам Крамля, які жадае адсунуць ад улады Аляксандра Лукашэнку, які ўсё менш пасуе Маскве. Пра тое, што Крэмль стаміўся ад Лукашэнкі і тэрмінова шукае кагосьці лаяльнага Маскве, каб яго замяніць, сказаў “Newsweek” палітолаг з маскоўскага Цэнтру Палітычных Тэхналогій Ігар Бунін. Экспэрт сказаў таксама, што Саннікаў ужо згадзіўся прыняць ад Масквы дапамогу ў правядзеньні прэзыдэнцкай кампаніі”. Крыніца: http://ww.rp.pl/artykul/25,482329_Lider-akcji_Mow_prawde__klamal.html
Цікавая гэта чытанка – польскія рэпарцёры з Беларусі. Тут і сьмешным узбагацісься – аказваецца някляеўскае “Говорі правду” “набыла папулярнасьць ва ўсёй краіне”… Мяркуючы па тым факце, як тысячы менчукоў кідалі ў сьметнікі русіфікатарскія паштовачкі ад Някляева, што былі раскіданы па паштовых скрынях увесну сёлета, то папулярнасьць “вельмі шырокая”. Але вось фінальная частка гэтага боба з гарохам, якую выдаў за інфармацыю з нашай краіны нейкі журналіст Пісальнік, даволі цікавая. На небасхіле палітыкі РБ зьявілася яшчэ адна прамаскоўская зорка.
Саннікава “нічтоже сумняшеся” здаў масковец Бунін. У Польшчы, калі б такое стала вядома пра аднаго з кандыдатаў на іхных выбарах, то гэтая асоба перастала б існаваць для польскага палітычнага жыцьця. Хутчэй за ўсё гэтай асобай займаліся б адпаведныя дзяржслужбы, якія адказваюць за абарону польскага грамадзтва і польскай дзяржавы. А паводле польскага журналіста, у РБ гэта ёсьць нармальная характарыстыка для беларускага кандыдата на прэзыдэнцтва – быць стаўленікам Масквы, які “ужо згадзіўся прыняць ад Масквы дапамогу ў правядзеньні прэзыдэнцкай кампаніі”. Многім (ня толькі Пісальніку і можа самому Саннікаву) здаецца, што Масква сапраўды надумала мяняць Лукашэнку на больш “акцэптабельнага”. Можа і сапраўды Саннікава пераконваюць, што варта паспрабаваць аб’яднаць пад сябе беларускі народ. Што ж, дарожка маскоўскіх стаўленікаў ужо грунтоўна пратаптаная папярэднікамі, якіх усіх ужо і ня ўспомніш: Чыгір, Домаш, Ганчарык, Мілінкевіч… Няхай сабе прабяжыцца па склізкай дарожцы яшчэ адзін “акцэптабельны”. Галоўнае, каб беларусы не купіліся на чарговую падсадную лубянскую качку.
- Юрка Марозаў*